Слуцку 890 гадоў

0

Сёлета спаўняецца 890 гадоў з часу першага ўпамінання Слуцка ў пісьмовых крыніцах.
Гэта дата, як і пачатак летапіснай гісторыі горада ў некаторых выклікае пытанні і нават спрэчкі. Падстава таму ёсць, бо сапраўдная гісторыя горада, несумненна, пачалася раней прыведзенай у летапісу даты. Не ўдаваючыся ў сутнасць спрэчак, адзначым, што любая з магчымых ідэй і гіпотэз наконт пачатку Слуцка мае права на існаванне і паспрабуем звярнуць у вагу на тое, якім Слуцк стаў. І пачнём спачатку.

Першае пасяленне з’явілася ў сутоку Бычка і Случы. Яно было ўмацавана, ператварылася ў дзядзінец, а пазней стала замкам. На паўночны ўсход, паміж Бычком і Случчу, ляжаў неўмацаваны пасад. У ХV ст. пасадская забудова з’явілася на левым беразе Случы і на заходнім беразе Бычка, акружыла дзядзінец — замак з усіх бакоў. На гэты час побач з горадам сфарміраваліся два прадмесці - Востраў і Трайчаны. У ХVIІІ ст. з’явілася прадмесце Выгода. На працягу ХІХ ст. гарадская забудова павялічвалася і выйшла за межы земляных абарончых збудаванняў, прадмесці зліліся з горадам. У ХХ ст. з’явіліся новыя мікрараёны.
Звернем увагу і на статыстыку, паглядзім, колькі народу жыло ў Слуцку.
Напрыканцы ХVІ ст. у Слуцку жыло прыкладна 7 тыс. чалавек, напрыканцы ХVІІ ст. — прыкладна 9 тыс.
У ХVІІІ ст. насельніцтва змяншалася: 1712 год — 8 тыс, 1728 год — 7 тыс., 1785 год — 5 тыс.
На пачатку ХІХ ст. у Слуцку жыло 3718 чалавек, у сярэдзіне — 6353 чалавекі, напрыканцы ХІХ ст. — 14 349.
У 1910 годзе было крыху больш 16 тыс. насельніцтва. Пасля грамадзянскай вайны ў 1923 годзе — 13 708 чалавек, у 1939 годзе — 21 947.
Даваенны ўзровень па насельніцтву быў дасягнуты ў 1959 годзе, калі налічвалася 22 740 жыхароў. У 1969 годзе было 28 800 чалавек. Цяпер колькасць жыхароў Слуцка складае больш 63 тысяч.
Слуцк будаваўся, знішчаўся войнамі і пажарамі. Мянялася насельніцтва. Мяняўся выгляд горада. Мы бачым, якім Слуцк стаў. Аддаючы павагу ўзросту горада і «круглай» даце, што надыйшла сёлета, на наступных старонках «Мінуўшчыны і сучаснасці» мы зробім некалькі аглядаў, аб’яднаных тэмай «Слуцк, якога не стала». Да сустрэчы.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии