І стау партызанам кандуктар з Вены

0
Реклама

Вёска ў той сонечны чэрвеньскі дзень 43-га году жыла ў клопатах па падрыхтоўцы сена, мужчыны амаль усе былі на сенажацях. Малодшыя хлапчукі гулялі на вуліцы ў клёка. Пад абед у вёску заехала павозка, на якой сядзеў знаёмы сяльчанам партызан Вахітаў з вінтоўкай. Побач — нямецкі салдат з завязанымі за спіной рукамі. Яздавым быў невядомы мужчына сярэдніх гадоў.

Неўзабаве паблізу павозкі сталі збірацца дзеці, падыйшлі дзве жанчыны, дзядуля Якуб. Ён спытаў у партызана:
— Дзе гэта ты ўпаляваў немца?
— Ён аўстрыец, затрымалі мы яго ў вёсцы Малая Сліва, а дваіх другіх з бункера застрэлілі. Гэтага павязем у атрад.
Хлапчукі глядзелі на няголенага, пахмурнага тварам палоннага з не меншым здзіўленнем, чым папуасы на Новай Гвінеі на падарожніка Міклуху Маклая пасля яго высадкі на бераг. Два гады запар мы бачылі немцаў у вёсцы на матацыклах, аўтамашынах, нават на веласіпедах — сытых, з густымі чубамі пад пілоткамі, летам з закасанымі да локцяў рукавамі шэразялёных куртак, самаўпэўненнымі і бадзёрымі. Гэты ж палонны быў увасабленнем адчаю і пакорлівасці, таму як не ведаў, што яго чакае далей. Партызан, які суправаджаў яго, папрасіў адну жанчыну прынесці чаго перакусіць. Тая вярнулася з хаты са збаном кіслага малака і двумя ладнымі лустамі хлеба, падала драўляныя лыжкі. Спярша паеў партызан, рэшту перадаў палоннаму.
А пад вечар у вёску зайшло чалавек пяць партызанаў, і яны з тым аўстрыйцам накіраваліся ў бок вёскі Паўстынь, каб прыцемкамі перайсці чыгунку і крочыць далей, на Любаншчыну.
Дзён праз колькі ў вёску завітаў усім даўно знаёмы партызан Міхаіл Нікольскі, на гэты раз у новенькай нямецкай форме, з нашыўкамі обер-яфрэйтара і з выявай арла на правым баку салдацкай форменнай курткі. З трафейным карабінам на рамяні. Высокі ростам, стройны. Тварам, колерам валасоў - ну, выліты немец. Вяскоўцы пыталіся, ці не баіцца ён, што свае ж партызаны з іншага атраду могуць яго падстрэліць у гэтай форме. То ён пасмейваўся і адказваў, што не баіцца сваіх, а форма спатрэбіцца ў правядзенні рызыкоўных аперацый.
Надвячоркам Нікольскі паклікаў мяне і загадаў праводзіць да вёскі Паўстынь. Пакуль ішлі да Барэцкага лесу, Нікольскі, па маёй просьбе, паведаў, як ён з таварышамі па атраду, Вахітавым і Фурсавым, правялі аперацыю ў Малой Сліве. Ад мясцовага сувязнога яны ўжо ведалі, што з раніцы з размешчанага непадалёку ад чыгуначнага моста праз рэчку Слівянку бункера прыходзяць у вёску немцы купляць малако і яйкі. Разлічваліся з жанчынамі акупацыйнымі маркамі. Так яны зрабілі і ў той ціхі чэрвеньскі дзень. Не ведалі, што ў адным з гумнаў затаіліся трое партызанаў. Убачыўшы праз шчыліну ў сцяне, як адзін немец з трыма салдацкімі флягамі для малака і кошыкам з яйкамі крочыць паблізу, Вахітаў ціхенька адчыніў дзверы і выйшаў. Ударам прыклада па галаве і плячы Вахітаў аглушыў немца, выхапіў з ножнаў шырокі штык ад вінтоўкі, а з-за пояса — ручную гранату на драўлянай ручцы. «Вядзі яго ў гумно хутчэй», — падаў каманду Нікольскі, убачыўшы, што немец ачомаўся і можа ісці. Палоннаму звязалі вяроўчынай рукі за спіной і загадалі маўчаць. Той узмаліўся: «Іх аўстрыяк, кандуктар трамвая, Вена, нікс шыссен!» На пытанне, як клічуць яго, палонны адказаў - «Адрэас». Можа таму, што салдат быў немалады, гадоў за сорак, да ўсяго — аўстрыец, не немец, то Нікольскі рашыў даставіць яго ў атрад у ролі «языка».
Тым часам з вёскі данеслася некалькі вінтовачных стрэлаў, а неўзабаве ў гумно зайшлі з трафеямі - пісталетам, ручнымі гранатамі - Вахітаў з Фурсавым. Яны сказалі, што прыстрэлілі двух немцаў, з аднаго знялі салдацкую форму і боты. Разумеючы, што на бункеры хопяцца прапаўшых, партызаны з палонным хуценька шмыгнулі за вёску і па заросшаму густым хмызняком балоту накіраваліся ў вёску Казловічы, да якой было кіламетраў тры. Там спыніліся ў знаёмага сувязнога, пераначавалі, а раніцой гаспадару загадалі запрагаць каня. У павозку селі палонны, партызан Вахітаў за канваіра. І паехалі. Нікольскі з Фурсавым пайшлі на новае заданне.
…У атрадзе імя Громава брыгады імя Чкалава, куды прывялі палоннага, на яго спярша глядзелі з недаверам, але Нікольскі ўпрасіў камандаванне пакінуць Андрэя — так сталі клікаць яго па-руску — на базе, для работы на кухні. Андрэй калоў дровы, чысціў бульбу, коней, і яму ўсе давяралі. У час адной з зімовых блакадаў, калі брыгада мусіла змяніць месца дыслакацыі, Андрэй адбіўся ад атрада, блукаў па лесе і нечакана сустрэўся з незнаёмымі яму партызанамі. Тыя, пачуўшы яго не рускую гамонку, палічылі за шпіёна і маглі прыстрэліць на месцы. Але і на гэты раз Андрэю павязло — з бярэзнічку ўзбоч дарогі выйшаў з двума партызанамі Міхаіл Нікольскі. Убачыўшы іх, Андрэй з радасным воклічам пайшоў насустрач. «Гэта наш партызан, не чапайце яго, ён нам патрэбен,» — заявіў Нікольскі.
Аднак вясной 1944 года Андрэя разам са славакам Юрыем, які летам 43-га года дабраахвотна перайшоў на бок партызанаў, немцы ўсё ж захапілі ў палон і адвезлі ў турму г. Старыя Дарогі. Адтуль іх у канцы чэрвеня вызвалілі воіны Савецкай арміі. Па рэкамендацыі Нікольскага Андрэю выдалі даведку, што ён быў партызанам брыгады імя Чкалава. З ёю шчаслівы аўстрыец займеў давер у мясцовай улады, і яго прызначылі нейкім начальнікам у лагеры для нямецкіх ваеннапалонных паблізу Бабруйска. Пасля Перамогі Андрэй выехаў на радзіму ў Вену.

Міхась Тычына

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.