Слуцкія яўрэі

0

Адной з этна-канфесійных груп насельніцтва, якая пакінула значны след у гісторыі Слуцка, сталі яўрэі. Асабліва моцна яўрэйская прысутнасць вызначала каларыт мясцовага жыцця з канца ХVІII да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Першыя звесткі
Найранейшыя звесткі аб слуцкіх яўрэях адносяцца да апошняй чвэрці ХVІ стагоддзя. У завяшчанні слуцкага князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча (1530−1578) упамінаюцца яўрэі - арандатары мытні. У дакуменце за 1583 год згадваюцца яўрэі-гандляры са Слуцка. Верагодна, што ў тых дакументах упаміналіся яшчэ не сталыя жыхары, а тыя, хто меў тут часовую працу.
Больш упэўнена пра слуцкую яўрэйскую абшчыну можна гаварыць, разглядаючы пачатак ХVІІ стагоддзя. У 1623 годзе рашэннем Літоўскага Ваада яна была падпарадкавана Брэсцкаму кагалу і стала лічыцца яе філіялам. Афіцыйнае прызнанне дазваляла абшчыне будаваць сінагогу і мець могілкі. А ў 1691 годзе яна была аб’яўлена самастойнай і нараўне з іншымі галоўнымі абшчынамі краіны атрымала права мець сваіх прадстаўнікоў на сесіях Ваада — сойме равінаў і прадстаўнікоў галоўных абшчын краіны. Гэта падзея сведчыла пра дастатковую колькасць абшчыннікаў і наяўнасць адукаваных настаўнікаў - знаўцаў Торы і Талмуда.
Паступова, пачынаючы з ХVІ стагоддзя, яўрэйскія пасяленні з’яўляліся ў Капылі, мястэчках Цімкавічы, Раманава, Грозава, Пагост, Любань, Глуск, Старыя Дарогі, у вёсках. Іх невялікія абшчыны былі прыпісаны да Слуцкай кагальнай акругі і лічыліся яго часткай.
На пачатку ХVІ стагоддзя адбываліся татарскія напады. У выніку ў горадзе было многа разбурэнняў, а колькасць жыхароў Слуцка зменшылася. Таму гаспадары краю былі зацікаўлены ў павелічэнні працаздольнага гарадскога насельніцтва, перш за ўсё адукаванага і прадпрымальнага. Горад пашыраў свае межы, і сяліцца на свабодных тэрыторыях было дзе. Спрыяльнымі былі і ўмовы з-за рэлігійнай талерантнасці слуцкіх князёў.

Реклама

Школішча
Для пражывання яўрэйскай абшчыны было выбрана месца ў Старым горадзе на захад ад Бычка да вуліцы Капыльскай. На поўначы яно абмяжоўвалася гарадскім валам, на поўдні падыходзіла да Старога замка. У цэнтры была плошча, дзе ўзвышалася драўляная сінагога. Пры ёй дзейнічалі навучальныя ўстановы — школы, таму і сама сінагога ў народзе часцей называлася школай, а яўрэйскі квартал атрымаў назву Школішча. Галоўнай вуліцай Школішча была Яўрэйская, якая ад Старога замка вяла да плошчы. У ХІХ стагоддзі яна мела назву Школьная, цяпер — вуліца Парыжскай Камуны.
Могілкі былі на высокім левым беразе Случы, уніз па цячэнню, за горадам. Цяпер гэта раён вуліцы Будаўнікоў. Апошнія пахаванні там адбываліся перад Айчыннай вайной. Немцамі падчас вайны былі разбураны, а на пачатку 1970-х гадоў ліквідаваны. Частка пахаванняў перавезена на гарадскія могілкі па вуліцы 14 Партызан, іншыя знішчаны ў сувязі са з’яўленнем новага гарадскога мікрараёна. Як сведчыць Слуцкі пінкас (Кніга запісаў), які вёўся з 1679 па 1924 гады, за гэты перыяд тут было зроблена больш 20 000 пахаванняў. На слуцкіх могілках хаваліся і члены абшчын са слуцкіх ваколіц.
У адрозненні ад яўрэйскіх абшчын іншых беларускіх гарадоў, якія ў канцы ХVІ стагоддзя пазналі ганенні ад маскоўскіх войскаў цара Івана Грознага, а ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя ад войскаў цара Аляксея Міхайлавіча і ад казакоў Багдана Хмяльніцкага, слуцкая абшчына фактычна не пацярпела (акрамя тых, хто падаўся ратавацца ў Вільню), бо горад не быў захоплены казакамі ў 1648 годзе і рускімі войскамі ў 1655. У сувязі з ваеннай небяспекай слуцкія яўрэі ўліліся ў шэрагі гарадскога апалчэння і да 1690-х гадоў мелі свае тры яўрэйскія палкі, якія складаліся з дзевяці соцен.

Росквіт кагала
Быў час, калі Слуцкі кагал быў не надта шматлікім і даволі бедным. Каб трымацца, бралі пазыкі. У нясвіжскіх езуітаў слуцкі кагал у 1690 годзе пазычыў 10 тысяч злотых пад 10% гадавых. Браліся пазыкі ў 1697 (12 тыс.), у 1715 (20 тыс.), у 1739 (16,5 тыс), у 1764 (больш 30 тыс). Адных працэнтаў у 1766−1773 гадах езуіты ад слуцкага кагала атрымалі 17 693 злотых, а доўг застаўся на 34 293 злотых.
З другой паловы ХVІІІ стагоддзя слуцкі кагал стаў багацець і ператварацца ў адзін з галоўных у краіне. Сведчаннем гэтаму стала правядзенне ў Слуцку ў 1761 годзе Ваада. Яўрэйскае насельніцтва напрыканцы стагоддзя складала 37% жыхароў горада.
Вялікія матэрыяльныя страты пацярпеў горад у часы кіравання Случчынай генеральнай літоўскай канфедэрацыяй у 1764−1767 гадах, калі князь Караль Радзівіл быў пазбаўлены права карыстацца сваёй маёмасцю. Часовыя гаспадары рабавалі мяшчан, забіралі ў свае маёнткі лепшых рамеснікаў, іншыя ўцякалі з гораду самі. Насельніцтва горада зменшылася ў асноўным за кошт прадстаўнікоў хрысціянскага веравызнання. З гэтага часу нішу ў гарадскім гандлі і рамястве, якая здаўна была занята і трымалася мяшчанамі-хрысціянамі, занялі яўрэі. З тых часоў і да пачатку ХХ стагоддзя гандаль і рамесная вытворчасць, а пазней і прамысловасць у Слуцку была сканцэнтравана ў руках яўрэйскай абшчыны. Напрыклад, у 1800 годзе ў Слуцку было тры купцы-хрысціяніны і сорак сем купцоў-яўрэяў.
На працягу ХІХ стагоддзя, калі расійскім урадам было забаронена пражыванне ў вёсках, яўрэі пачалі перасяляцца з акругі ў мястэчкі і гарады. На прыкладзе Слуцка гэта тэндэнцыя выглядае наступным чынам: у 1867 годзе з 15 689 жыхароў горада 5 406 былі яўрэі, а цераз дзесяць гадоў з 16 651 жыхара яўрэяў было 10 881. У 1897 годзе яўрэі складалі 77% жыхароў Слуцка. Месцам пражывання станавілася не толькі Школішча, а і цэнтральныя вуліцы, прадмесці.

Заняткі
Здаўна займаліся яўрэі рамеснай вытворчасцю, арандатарствам, дробным гандлем у горадзе і буйным з замежжам. Багацейшым купцом Слуцка ў 1810−20-я гады быў Еўна Ізерліс (1771−1850), які займаўся пастаўкай лесу са Случчыны ў Кенігсберг. Трымалі корчмы, якія мясціліся на гандлёвай плошчы і пры ўездзе ў горад на Трайчанах, Выгодзе, Востраве; піцейныя установы, з якіх папулярнасцю карысталася піцейная Гіты Салавейчык на Віленскай. Былі арандатарамі, наладжвалі прамысловасць на пачатку ХХ стагоддзя, трымалі фотасалоны, друкарні.

Адукацыя і культура
Духоўнае жыццё абшчыны трымалася вакол сінагогі. На Школішчы сінагогу пабудавалі, верагодна, у 1620-я гады. На плане Слуцка пачатку ХІХ стагоддзя там паказаны дзве сінагогі - старая драўляная і новая мураваная. Драўлянай у хуткім часе не стала. Мураваную пабудавалі напрыканцы ХVІІІ стагоддзя за грошы багатай яўрэйскай сям'і Ізерлісаў - Абрама і яго сына Еўны. Напрыканцы ХІХ стагоддзя на рагу вуліц Садовай і Віленскай з’явілася яшчэ адна мураваная сінагога — харальная (галоўная). Іншыя сінагогі і малельныя дамы размяшчаліся ў драўляных будынках у розных частках горада. Пры іх дзейнічалі школы. Пачатковыя школы (хедэры) былі грамадскія і прыватныя, агульнаадукацыйныя і прафесійныя, дзе вучылі рамяству. У іх займаліся дзеці ад 5 да 16 гадоў па 8 — 10 чалавек у кожнай. Іх у 2-й палове ХІХ стагоддзя было дваццаць. На Школішчы, вуліцах Віленскай, Шасейнай, напрыклад, было па чатыры хедэры, на гандлёвай плошчы — пяць. На вуліцы Млыновай дзейнічала ешыва — сярэдняя навучальная ўстанова, якая мела шырокую вядомасць. Урадам арганізоўваліся дзяржаўныя яўрэйскія школы, дзе ўвага надавалася свецкім навукам і рускай культуры. Тады ж пачалі прымацца яўрэі ў гміназію. На пачатку ХХ стагоддзя папулярнай стала навучанне ў Слуцкім камерцыйным вучылішчы.
Са Слуцкай абшчыны вышла многа дзеячоў навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры, палітычных дзеячоў і вайскоўцаў. Імёны многіх з іх упісаны ў гісторыю Расіі, СССР, Беларусі, Ізраіля. ЗША. З іх можам успомніць знакамітага мастака ХУІІІ стагоддзя Хаіма Сегала, вучонага-ветэрынара і педагога ХІХ стагоддзя Іосіфа Равіча, выдатнага інжынера-канструктара ХХ стагоддзя Сямёна Косберга, паэта-сатырыка і драматурга Давіда Глікмана, пісьменніка Давіда Вендроўскага, які ў кнізе «Наша вуліца» аставіў цікавыя замалёўкі з жыцця Слуцка.
Пра трагедыю слуцкіх яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны на старонках «Кур'ера» давалася некалькі асобных артыкулаў. Цяпер пад кіраўніцтвам архітэктара Леаніда Левіна рыхтуецца ўстаноўка помніка ахвярам слуцкага гета.
У Слуцку, па дадзеных за 2000 год, пражывала 168 яўрэяў - 0,3% ад ўсіх жыхароў горада. З 1995 года дзейнічае грамадскае яўрэйскае аб’яднанне «Помні», якое ўзначальвае Раіса Аляксееўна Тычына, рэлігійная іўдзейская абшчына «Хеўра Цегілім» і абшчына прагрэсіўнага іўдаізма «Гешэр».

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии