Камп’ютэр з металалому

0

Любанскія школы вучацца самастойна зарабляць грошы на ўласныя патрэбы. Адной з крыніц папаўнення бюджэтаў навучальных устаноў стаў збор другаснай сыравіны.

Напрыклад, макулатура. Яе любанскія школьнікі ў мінулым навучальным годзе сабралі і здалі звыш 20 тон. Найлепшых поспехаў у такой рабоце дасягнула Дарасінская адзінаццацігодка, дзе на кожнага вучня сабрана 8,6 кілаграма паперы. Следам ідуць Малагарадзяціцкая, Жораўская і Соснаўская (СВК «Палессе-агра») школы. Там гэты паказчык склаў, адпаведна, 8,5, 7 і 6,8 кілаграма. Праўда, зарабілі хлопчыкі і дзяўчынкі на макулатуры толькі 828 тысяч рублёў, бо каштуе кілаграм той другаснай сыравіны ўсяго 60 рублёў. А зараз наогул упаў да 40.
Іншая справа — металалом. Яго мясцовыя школьнікі сабралі і здалі 267 тон, зарабіўшы 28,4 мільёна рублёў. У ліку лепшых — першая Урэцкая адзінаццацігодка: 73 тоны непатрэбнага жалеззя на 8,8 млн руб. Някепска папрацавалі Смольгаўская (29 тон і 2,6млн руб) і Жораўская (12 тон і 1,4млн руб) сярэднія школы.
Сапраўднай легендай стаў у раёне сёмы клас Обчынскай адзінаццацігодкі, якім кіруе вопытны педагог Зінаіда Кукраш. За лета школьнікі назбіралі і здалі пятнаццаць тон металалому. За выручаныя грошы юныя обчынцы і фарбу для касметычнага рамонту класнага пакоя набылі, і камп’ютэр. Восенню ж хлопчыкі і дзяўчынкі здалі яшчэ пяць тон жалеззя. Цяпер намерваюцца купіць да сваёй ЭВМ прынтар ды сканер.
— Ну, як збіралі… — усміхаецца Зінаіда Мікалаеўна. — Бралі ў мясцовай гаспадарцы коніка, запрагалі яго ў калёсы ды ехалі па вёсцы. Аказалася, у нашага насельніцтва проста процьма непатрэбнага металу. Дзевяць разоў мы калясілі па Обчыну, а ўсё не выбралі. Яшчэ засталося шмат заявак. І нам карысць, і людзям дапамаглі пазбавіцца ад лішняга хлам’я. Пару разоў падчышчалі тутэйшую звалку. Там наконт металалому таксама залатое дно.
Настаўніца задаволена ўсімі сваімі выхаванцамі - працавалі «на выдатна». Але асабліва яна хваліць старасту класа Сашу Рамановіча. Ён не прапусціў ні аднаго дня збору жалеззя. Ды наогул паводзіў сябе надзвычай па-гаспадарску: і за канём на канюшню хадзіў, і сачыў, каб дзяўчынкі (іх сярод сёмакласнікаў большасць) надта не надрываліся.
— Безумоўна, обчынскія школьнікі паказалі іншым вельмі добры прыклад, — гаворыць Таццяна Кругленя, намеснік начальніка аддзела адукацыі Любанскага райвыканкома. — Яны яшчэ раз даказалі, што і ад вучнёўскай ініцыятывы многае залежыць.

Реклама

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии