Смажанка па-партызанску

0

У ліпені 1943 года ў нашу невялічкую, двароў на дваццаць пяць, вёсачку завітаў атрад партызанаў з брыгады імя Чкалава, чалавек сорак. Усе былі пры зброі, акрамя віновак мелі чатыры аўтаматы ППШ, два ручных кулямёты. І калі раней яны звычайна пад раніцу, абыйшоўшы за ноч навакольныя вёскі, знікалі на дзінь у бліжэйшым лесе, на гэты раз рашылі кватараваць — па хатах. У нашу падсялілі двух рослых маладых хлапцоў, якія, мяркуючы па размовах між сабою, былі слуцакі ці любанцы па нараджэнню. Раніцой маці налівала ім па кубку малака, нарэзвала хлеба, яны снядалі і выходзілі. На абед прыходзілі рэдка, бо ўвесь дзень кудысьці адлучаліся. Але іх пражыванне з намі пазбавіла маці неабходнасці амаль штоноч чуць грукат ботаў у дзверы і знаёмы покліч «хазяйка, адкрой!». Звычайна былі партызаны незнаёмыя, яны заходзілі з адзінай мэтай — пашукаць што-небудзь з непрыхаванага гаспадарамі адзення ці самагону. А гэтая кватаранты турбавалі толькі патрэбнасцю ў ежы. Праўда, з запасамі прадуктаў у хаце было небагата, бо едакоў у ёй, з улікам шасцярых дзяцей і двух дарослых, бацькоў, было восем душ.

Неяк надвячоркам кватаранты загадалі бацьку запрагаць каня. На пытанне, куды яны паедуць, адказ быў кароткім: «Не твая, бацька, справа, куды трэба, туды і махнём, а каня раніцой вернем». На світанні вярнуліся, заехалі ў двор, на палукашы, засланым саломай, ляжаў чорны вяпрук кілаграмаў сто пяцьдзесят, з прастрэлянай галавой. Партызаны далі бацьку наказ: «Асмалі і раздзелай вяпрука сёння. Частку свяжыны пакінь для нас дваіх і яшчэ на чатырох сяброў з суседняй хаты, астатняе аддасі для камандзіра. А жонка няхай спячэ паболей боханаў хлеба».
Бацька пацікавіўся, дзе яны ўпалявалі такога вяпрука. Адказалі, што ў прыгараднай вёсцы Падзера. Адтуль, маўляў, прывезлі яшчэ аднаго, вашаму суседу. А каб жыхары той вёскі не чулі стрэлаў, забівалі вяпрукоў з пісталета, на ствол якога насаджвалі глушыцель. Заходзіць партызан у хлеў, прыставіць яго да вуха вяпрука, шчоўкне глухі стрэл — і ён капыты адкінуў.
Атрад прастаяў у вёсцы тыдняў тры. За гэты час вандроўкі ў прыгарадныя вёскі за вяпрукамі паўтараліся два, а мо і тры разы, таму бацьку і суседзям работы хапала па раздзелванню трафеяў, хоць лета ішло пад сенакос. Для маці таксама прыбавілася клопатаў, трэба было насмажыць сала і мяса на шэсць чалавек, пазычала скавароды ў суседкі, раніцой у печы доўга верашчэла і па хаце разносіўся падзабыты намі, дзецьмі, водар смажанага сала і мяса, бо летам вяскоўцы вяпрукоў не калолі - чакалі зімы.
На абед за стол садзілася шэсць ядакоў, вінтоўкі іх стаялі ў чалесніку. Маці падавала тры скаварады смажанкі, міску нарэзанай з качаноў заквашанай у бочцы капусты, бохан хлеба, і госці з апетытам елі, нярэдка пад бутэльку здабытага ў вёсцы самагону.
Паколькі надвор’е ў ліпені было спякотным, свяжына праз тры-чатыры дні падпахвала ўжо гнільцою, то бацька, паклаўшы ў вядро пару свіных кумпякоў, апускаў яго на вяроўцы ў калодзеж, вада ў якім была халоднай.
І ўсё ж калодзеж — не халадзільнік, таму нашы кватаранты пасля ўжывання заляжалага мяса, сталі скардзіцца на панос, таму бацька рэшту запасаў мяса раздаў суседзям — для дваровых сабак.
Неўзабаве атрад, нічым асаблівым не праявіўшы сябе ў баявых справах, хіба што на чыгунцы падарвалі некалькі дзесяткаў рэек, адбыў да месца сваёй пастаяннай дыслакацыі ў лясах на Любаншчыне.
Начныя паездкі партызанаў па вёсках з мэтай папаўнення харчовых прыпасаў не заўсёды заканчваліся па-мірнаму з няшумным адстрэлам вяпрукоў у хлявах, нават у прыгарадных вёсках як Падзера і Агароднікі. Памятаю, як з вёскі Машчыцы да бацькі завітаў у госці нейкі дальні сваяк і паведаў пра страшную трагедыю. Да яго суседа ноччу завітала двое ўзброеных мужчынаў, якія назваліся партызанамі. І заявілі, што забяруць гаспадаровага каня. Той стаў угаворваць не рабіць гэта, бо яму не будзе на чым абрабляць надзел зямлі, а ў сям'і чацвёра малых дзетак. Тыя адмахнуліся, штурханулі гаспадара ў грудзі. Ён хапіў сякеру і раскроіў абодвум чарапы. Апамятаваўшыся, збег у горад, пакінуўшы жонку і дзяцей у страху і трывозе.
У нашай вёсцы лепшых коней, а іх пры калгасе было галоў сорак, забралі немцы, потым — партызаны. Пакінулі па аднаму каню, прытым, не лепшаму, на два двары. То партызаны іх бралі толькі для недалёкіх паездак і потым вярталі ў двор — такі быў наказ начальства, якое ведала, што без каня вёска — не жылец.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии