Вясковы палтэргейст

0

Яго тайна была да канца не раскрыта
Тыя загадкавыя ўзгаранні ў адным з жылых дамоў, што мелі месца ў вёсцы Бранавічы і сведкам якіх быў аўтар гэтых радкоў, і сёння застаюцца не да канца высветленымі. У свой час аб убачаным і пачутым ад сведак таго палтэргейсту я пісаў у газеце «Мінская праўда». Са сталіцы тады ў вёску прыязджала супрацоўніца аднаго з навукова-даследчых інстытутаў Акадэміі навук і яна давала тлумачэнне вытокам тых узгаранняў, што трымалі ў жаху і трывозе шматдзетную сям’ю. Мясцовым уладам давялося давезці на падворак спецыяльны вагон на палазох, у якім сям’я, а ў ёй было дзесяць дзяцей, пражывала да глыбокай восені.

А цяпер болей канкрэтна аб іх. Сярод лета, дакладней, у ліпені, калі сям’я Бурлацкіх была ў доме, загарэўся стадок сена ў двары. Выклікалі пажарных, да іх прыезду ад стажка застаўся абгарэлы адонак. Пакуль залівалі яго вадой, з дому даляцей дзіцячы крык: «Матрац гарыць!» Затушылі і яго, выкінулі ў двор на прасушку. Пажарнікі зрабілі выснову, што прычына абодвух узгаранняў - у дзіцячым свавольстве з агнём. Іх маці, Таіса Мікалаеўна, таксама спярша была схільная лічыць, што пажарнікі гавораць праўду, хоць дзеці кляліся і бажыліся, што не вінаватыя, бо якраз пры ўзгараннях гулялі на вуліцы.
Літаральна праз дзень, у шэсць гадзін раніцы, калі дзеці яшчэ глядзелі сны, у двары загарэўся будынак варыўні, дзе сям’я захоўвала гародніну. Яшчэ праз два дні ў такі ж ранішні час агонь ахапіў хлеў і павець з запасам колатых дроў. Сцены хлява пажарнікі затушылі, абгарэлі толькі дах і кроквы. І зноў пажарнікі «спісалі» усё на дзіцячыя гульні з агнём, з чым гаспадары дому ўжо не маглі пагадзіцца, бо пільна сачылі за іх кожным крокам, перш за ўсё хлопчыкаў.
У тых дваровых пажарах, як гаварылі іх сведкі, праглядваліся і пэўныя праявы крыміналу — чыёйсці помсты, што ў вёсках здараецца. Калі загарэўся хлеў, у доме Бурлацкіх знаходзіўся ўчастковы інспектар. Нечакана ў пакой з крыкам забегла іх дачка Марына: «Хлеў гарыць! Я бачыла, як яго падпаліў паяльнай лампай чорны з кудлатай галавой мужчына — і пабег ў жыта». Участковы, схапіўшы знойдзены ў двары кій, разам з суседскім хлопцам пабег ў той жытнёвы палетак, але чорнага мужчыны і след прастыў. У затушаным хляве пажарнікі ўбачылі два абгарэлыя матацыклы. А гэта ўжо не праявы «нячыстай» сілы.
Дом Бурлацкіх быў узведзены на сродкі райвыканкама за два гады да тых узгаранняў. Гаспадарам яго было вядома толькі, што на тым месцы ніхто ніколі не будаваўся, таму то вуліца Камсамольская ў вёсцы зачалася праз некалькі гадоў пасля вайны, на чыстым полі. Магчыма, вяскоўцам нешта было вядома таямнічае таго месца, што яны пры выбары сядзібаў абыходзілі той кавалак поля.
Па ўспамінах гаспадыні дому, пасля дваравых пажараў без дай прычыны сталі загарацца рэчы і ў хаце — адзенне, мэбля, фіранкі на вокнах, нават шпалеры на сценах. Пачыналася ўсё загадкава і не без страху: на шпалерах спярша струменіўся дымок, яны чарнелі, скручваліся ў трубачку, без полымя. Потым загарэлася мужава цыгейкавая шуба, што вісела ў спальні на цвіку, убітым у сцяну. Дачка Тамара затушыла, паказвала потым маці пачарнелыя далоні. Загараліся дзіцячыя школьныя партфельчыкі, пасцельныя рэчы. Я сам бачыў кажух гаспадара дому, на якім пасярод спіны чарнела авальная, з роўна акруглымі краямі, прапаліна, — быццам хтосьці старанна прайшоў па тым кажуху паяльнай лямпай, такімі роўнымі засталіся краі прапаліны! Нічога падобнага агонь ад запалкі ці падпаленай газеты, свечкі не пакіне. Мне паказвалі каля напалову згарэлага хлява скінутыя ў кучу тры дзіцячыя шубкі, з прапалінамі на плячах, рукавах. Баючыся новых неспадзяваных падпалаў, Таіса Мікалаеўна вынесла ў двор тэлевізар, канапу, крэслы. Накрыла ўсё цыратай, паверх — посцілкай, а сама пайшла ў агарод бульбы накапаць. Праз некалькі хвілін дзеці крычаць: «Мама, дым з хаты ідзе!» Прыбегла туды, а на стале абрус гарыць. Затушыла і прыйшла ў адчай: колькі можна цярпець такое пакаранне? Дарэчы, сведкам апошняга ўзгарання ў двары быў і сусед Бурлацкіх, які пачуў дзіцячы крык.
Бурлацкія звярталіся са сваёй бядой у сельсавет, да ўчастковага інспектара. Прыязджалі яны, бачылі сляды ўзгаранняў, спачувалі і разводзілі рукамі. Святара са Слуцкай праваслаўнай царквы прывозілі, ён малітвы чытаў, дзве іконкі пакінуў, гаспадыня іх і свае, хатнія, па ўсіх кутках раставіла. Бацюшка і крыжыкі на сценах намаляваў, параіў раніцой і вечарам з іконкамі дом абыходзіць некалькі разоў, што Таіса Мікалаеўна і рабіла. Але нейкая нячыстая сіла працягвала ўчыняць падпалы. Давялося ўсе хатнія рэчы звязаць у вузлы, каб можна было хутчэй выкінуць у двор пры чарговым узгаранні. На ноч маці і дзеці ішлі спаць у вагончык, а гаспадар заставаўся за вартаўніка.
Між тым аб падобных з’явах у друку паведамлялася яшчэ ў пару «развітога сацыялізму». Таму прыехаўшая з Мінска жанчына-вучоная, апытала ўсіх жыхароў дому, суседзяў, яе зацікавілі прызнанні чатырнаццацігадовай дачкі Марыны аб тым, што яна некалькі разоў у гасціннай бачыла, як насустрач ёй ішоў чорны, барадаты мужчына, раставіўшы рукі - і яна ад жаху самлела. Не выключана, як лічыць папулярны расейскі часопіс «Наука и религия», што палтэргейст звязаны з псіхафізіялогіяй асобных людзей. Дарэчы, часцей за ўсё самаўзгаранні ў доме, у двары адбываліся ў той час, калі паблізу знаходзілася дачка Марына. З гэтага жанчына-вучоная зрабіла выснову, што дзяўчына валодае нейкай таямнічай сілай, якая, як вучыць праваслаўная рэлігія, знікае без пабочнага ўмяшання, шляхам угавораў, перакананняў, зробленых членамі сям'і, дзе здараюцца праявы палтэргейсту. Не да канца высвецілася і фігура таго чорнага, валасатага мужчыны, з’яўленне якога перад Марынай павяргала яе ў жах і страту прытомнасці.
…Днямі я пазваніў у Бранавічы да супрацоўніцы Слуцкага краязнаўчага музея Ларысы Уладзіміраўны Івановіч, якая там жыве, і папрасіў наведаць той загадкавы дом — пацікавіцца, ці здараліся ў ім у апошнія гады ўхгаранні рэчаў і прадметаў. Яна хадзіла туды, ёй паведалі, што пасля таго, як Марына выйшла замуж і пакінула дом, нічога таго, што страшыла ўсю сям’ю, болей не здаралася.

Реклама

Міхась Залескі

P. S. Па этычных меркаваннях прозвішча і ініцыялы гаспадыні дому заменены.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии