Падзякуем, прабачым і пажадаем

0

Традыцыйна кіраўнікі мясцовых уладаў у апошнія снежаньскія дні адрасуюць свае святочныя віншаванні жыхарам рэгіёна. У прыватнасці, слуцкія мясцовыя ўлады звярнуліся да случчан з наступнымі словамі падзякі і пажаданняў.

Паважаныя жыхары Случчыны і нашы госці! Дарагія сябры!
Нямнога часу засталося да надыходу Новага года — добрага, усімі любімага свята, якое аб’ядноўвае людзей, дае магчымасць забыць пра смутак, цяжкасці і праблемы. Напярэдадні Новага года кожны челавек па-новаму асэнсоўвае пройдзены шлях свайго жыцця, з годам надыходзячым звязвае надзеі на лепшае.
2005 год для случчан асаблівы — год правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2005» на слуцкай зямлі. Раён з годнасцю прыняў гасцей — лепшых вясковых працаўнікоў Беларусі, герояў хлебных ніў і кармавых угоддзяў. Мы ўдзячны случчанам за ўсё добрае, карыснае, што зрабілі вы для горада і раёна, рыхтуючыся да рэспубліканскага свята.
Асабліва радуе перамога на збожжавым полі. Дзякуючы самаадданай працы земляробаў, работнікаў галін, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, з палеткаў Случчыны сабраны небывалы за ўсю гісторыю раёна ўраджай — больш за 190 000 тон хлеба. Усё гэта — вынік актыўнай, арганізаванай працы кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, усіх працаўнікоў раёна. Вялікі дзякуй вам за гэта.
Азіраючыся на пражыты год, мы з задавальненнем адзначаем, што ў выніку напружанай і добрасумленнай працы работнікаў прамысловасці і транспарту, гандлю і грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання, забяспечаны прагнозныя паказчыкі, што дазволіла выканаць план фарміравання бюджэту раёна і своечасова прафінансаваць сацыяльную сферу. Унеслі ў гэта свой уклад і суб’екты гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці. З добрымі вынікамі завяршаюць год работнікі адукаціі, культуры, медыцыны, служачыя дзяржаўных устаноў.
Адыходзячы 2005 год азнаменаваны вялікім святам — 60-годдзем Вялікай Перамогі. Моцнага здароўя, душэўнай бадзёрасці і даўгалецця зычым старэйшаму пакаленню, асаблівыя словы глыбокай удзячнасці - нашым паважаным ветэранам вайны і працы.
Паважаныя случчане! Давайце падзякуем гэтаму году за ўсё добрае, што ён прынёс у наша жыццё, і прабачым за тое, што не збылося. Наперадзе 2006 год. Няхай ён будзе багатым на калектыўныя і асабістыя поспехі, нясе нам удачу ў паўсядзённых справах, здароўе і шчасце кожнай сям'і, кожнаму з нас. Няхай захоўваюцца і прымнажаюцца добрыя традыцыі мінулых гадоў, узбагачаюцца новымі дасягненнямі, няхай прыгажэе Случчына, квітнее наша родная Беларусь!
Новы год — на парозе. Радаснай яму сустрэчы, лёгкай хады і стваральнай працы.
З Новым годам, дарагія сябры!

Реклама

Аляксандр Драко, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Клаўдзія Шпакоўская, старшыня раённага Савета дэпутатаў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии