Затворнік у сваёй хаце

0

Жнівеньская ноч тая была ціхай, неба — зорнае, з яркім працягам млечнага шляху. Вёска спала пасля нялёгкіх дзённых турботаў ў полі і на падворку. Яўгенія Пятроўна доўга не магла заснуць пасля таго, як суседка, атрымаўшы днём пахаронку на загінуўшага на фронце мужа, вельмі моцна галасіла і прычытала, так што і самой было маркотна на душы, вярэдзілі думкі: мой жа таксама недзе там, дзе страляюць і льецца кроў. Пайшоў яе Апанас Іванавіч Сяліцкі па позве ваенкамата ў пачатку ліпеня 1944 года разам з іншымі мужчынамі прызыўнога ўзросту, а іх было нямала, бадай ці не з кожнай хаты.

Недзе за паўноч яна пачула стук у вакно са двара, ён паўтарыўся. Яўгенія Пятроўна яшчэ толькі задрамала, таму борздзенька накінула на плечы халацік і падыйшла да вакна — за ім праглядваўся цень чалавека, мужчыны. Яна пачула хрыплаваты, але так знаёмы голас:
— Гэта я, Апанас, адчыні, толькі паціху.
Шчоўкнула дзвярная застаўка і муж зайшоў у хату. У сваім адзенні, з пустым рэчавым мехам за плячыма.
— Што здарылася, Апанаска, мо цябе адпусцілі па хваробе ці што? — спытала жонка, запаліўшы на прыпечку газьнічку, лямпу збаялася.
— Уцёк я са зборнага пункту, там ужо фарміраваліся маршавыя роты для адпраўкі на фронт, нават не абмундзіроўвалі, сказалі, што па прыбыццю ў часць выдадуць усё, што трэба салдату. Збаяўся я ісці туды, Яўгенія. Чуў ад знаёмых, што некаторых з прызыўнікоў пад Брэстам ужо пазабівала. Ноччу, у дарозе, выйшаў з начлежкі і даў цягу. Ійшоў толькі ноччу, днём баяўся, адседжваўся ў кустах.
— Божачкі, ты ж дэзерцірам стаў, Апанаска, — са скрухай у голасе сказала жонка. — Што, як суседзі даведаюцца і данясуць у ваенкамат — не мінаваць бяды ўсім нам, не толькі табе. Можа вернешся, пакуль там не хапіліся, скажаш, што заблудзіўся, то даруюць.
— Позна ўжо, мінуў тыдзень, як я уцёк. Буду хавацца дома. Дзецям накажы, каб трымалі язык за зубамі, сама не прагаварыся. А як скончыцца вайна, то можа будзе амністыя такім, як я і нешта ўладзіцца.
Некалькі ночаў Апанас Іванавіч капаў у сенцах зямлянку-схованку, зямлю вёдрамі выносіў у агарод і рассыпаў па бульбяных разорах так, каб ніякага следу з суседскага боку не было прыкметна. Сцены абшыў дошкамі, выслаў імі падлогу, зрабіў уваход з сенцаў, гэткі лючок. Днём адседжваўся там пры святле газьнічкі, баяўся, што суседкі могуць зайсці ў хату, а ноччу заставаўся ў ёй, перакананы, што ніхто чужы ў хату не завітае. Затое ўсе клопаты па падворку, з каровай, парсюкамі, курамі, ляглі на плечы жонкі, бо дзеці школьнага ўзросту, дзве дачкі і сын, былі яшчэ слабымі памочнікамі ёй.
Так прайшла зіма 1945 года, настала вясна. Ужо не адзін дзесятак пахаронак прыйшло ў вёску на загінуўшых, пераважна пад Варшавай і ва Усходняй Прусіі, і кожны раз Яўгенія Пятроўна чула, як узрывае цішыню вёскі плач удоў і мацярок. Суседкі не раз пыталіся, што піша з фронту яе Апанас, можа паранены, то яна або ўхілялася ад размовы, то спасылалася на сповед нейкай знаёмай жанчыны з суседняй вёскі, муж якой нібыта ў пісьме дамоў паведаў, быццам сустракаўся на фронце з яе Апанасам.
Нарэшце прыйшоў дзень Перамогі, ужо летам 45-га году ў вёску сталі вяртацца дэмабілізаваныя старэйшых узростаў, некаторыя са шпіталяў, параненыя. Яўгенія Пятроўна дапытвалася, ці не бачылі хто яе Апанаса, штосьці даўно не было ад яго пісьмаў. Тыя паціскалі плячыма і адказвалі: «Можа прапаў без вестак ці трапіў у палон, на фронце ўсякае бывала».
Але нездарма ў Бібліі сказана, што няма такой тайны у справах чалавечых, якая б не стала явай. Тым болей у вёсцы. Суседзі сталі заўважаць, як позна вечарам у агарод Сяліцкіх заходзіў апрануты ў жаночае адзенне чалавек з матыкай ці рыдлёўкай у руках, але ростам вышэйшы за Яўгенію Пятроўну. Потым убачылі аднойчы, як за адну ноч дах над хляўчуком пакрыўся свежай кулявой саломай — няйначай Апанаса справа. Але людзі даносіць на дэзерціра, куды трэба, баяліся, лічылі за лепшае не звязвацца з ім.
Дзеці тым часам падраслі, закончылі школу і пайшлі, як кажуць, на свой хлеб. Калі выходзіла замуж адна з дачок, Яўгенія Пятроўна справіла небагатае вяселле, запрасіўшы толькі блізкіх сваякоў, без музыкаў. Апанас Іванавіч сядзеў у той дзень у сваёй зямлянцы, хоць з часу яго дзезерцірства ўжо мінула звыш дзесяці гадоў. Усё баяўся, што ўлады не даруюць яму гэты ўчынак, адправяць у суд, а адтуль — на высылку ці ў турму.
Але аднойчы, мо праз пятнаццаць гадоў, у хату Сяліцкіх зайшоў участковы інспектар і сказаў Яўгеніі Пятроўне паклікаць мужа. Яна не стала несці лухту, а выйшаўшы ў сенцы і адкрыўшы люк у зямлянку, крыкнула:
— Апанас, вылазь, па цябе прыйшлі з міліцыі.
Ён зайшоў у хату ў кашулі і штанах са зрэбнага палатна, з няголеным, у густых маршчынах і са слязьлівымі вачыма, тварам, прыгнуты гадамі дабраахвотнага затачэння. Участковы ўзяў ад яго тлумачэнне, склаў пратакол і пераправодзіў у раённы цэнтр. Там Апанасу Іванавічу сказалі: «Вы свой тэрмін зняволення за дэзерцірства адсядзелі ўжо, будзем так лічыць, то можаце вяртацца дамоў». Ён падзякаваў дрыжачым голасам, павярнуўся і выйшаў.
У калгасе Апанас падрадзіўся пасвіць кароў на мясцовай ферме, то вяскоўцы не раз чулі, як ён, выкурыўшы цыгарку, пачынаў сам сабе напяваць нейкія старадаўнія песні. Мусіць, ад радасці, што змог кожны дзень бачыць неба, сонца, дыхаць чыстым паветрам — як і ўсе людзі.

Реклама

Міхась Залескі

P. S. Па этычных меркаваннях прозвішча і ініцыялы названых людзей заменены.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии