Асветнікі Капыльшчыны

0

Сёлета адзначаецца адметная дата ў гісторыі асветы Капыльшчыны — 190-годдзе адкрыцця ў Капылі і Цімкавічах прыходскіх школ. З перапісу нацыянальных школ Мінскай губерніі, зробленым у 1819 годзе, можна даведацца, што ў Капыльскай школе было тады 22 вучні, у Цімкавіцкай — 27. Яшчэ адзін архіўны дакумент прыводзіць: «Ва ўсіх пяці школах (Капыль, Урэчча, Слуцк, Цімкавічы, Старыца) па аднаму класу. Выкладаюцца тыя навукі, што прадпісаны Віленскім універсітэтам».

Аддаючы ўвагу значнасці адбыўшайся ў 1815 годзе падзеі, адзначым, што справа асветніцтва на Капыльшчыне мае глыбокія карані. Як вядома, пісьменнасць пачала пашырацца з прыняццем хрысціянства. Адукацыі спрыялі кантакты з іншымі краінамі і развіццё гандлю. Наданне Капылю ў 1652 годзе Магдэбургскага права таксама патрабавала адукаваных людзей. Сваю пісьменнасць і тэхнічную культуру Захаду ў ХVІ стагоддзі прынеслі асеўшыя тут яўрэі. Яны адразу пачалі адкрываць свае рэлігійныя школы — хядэры. З часам у Капылі іх можна было налічыць да трох дзесяткаў, у кожнай займалася па 12 — 20 дзяцей. А ў Цімкавічах нават дзейнічалі ешыботы, дзе рыхтавалі равінаў. Дзеці мясцовай шляхты займаліся у кафедральнай школцы пры Цімкавіцкім касцёле, дзе вучыліся малітвам, чытаць і пісаць. Цікавая ўстанова існавала ў Семежаве — Жабрацкая акадэмія, у якой грамаце і артыстызму вучыліся людзі з фізічнымі недахопамі.
У другой палове ХІХ стагоддзя, пасля адмены прыгоннага права, у мястэчку Пясочнае і вёсцы Старыца адкрыліся народныя вучылішчы, крыху пазней яны з’явіліся ў мястэчках Цімкавічы, Грозава, вёсках Прусы, Быстрыца, Лешня, Бабоўня. Вывучалі тут закон Божы, рускую мову, арыфметыку, чытанне і царкоўныя спевы. У Цімкавічах настаўнічаў выхаванец Чарнігаўскай духоўнай семінарыі Фёдар Альфонскі, у Грозаве — выпускнік Слуцкай гімназіі Мікалай Якімовіч, у Бабоўні - выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі Георгій Шэнец. У 1868 годзе былі адкрыты школкі ў Семежаве і ў Пацейках, дзе настаўнічалі Осіп Лушчыцкі і Сцяпан Шамакоўскі. Пачалі адкрывацца школкі для сялянскіх дзяцей, якіх вучылі па чарзе ў хатах пісьменныя сяляне. Дзве школкі з настаўнікамі Фёдарам Прахарэнем і Усцінам Каленчыцам адкрыліся ў 1885 годзе ў Бучаціна. У 1886 годзе такая ж школа адкрылася ў Жыліхаве, потым у Смалічах, Старыне, Кіявічах.
Вынікам настойлівых хадатайніцтваў гараджан стала адкрыццё ў 1901 годзе Капыльскага двухкласнага народнага вучылішча, куды залічылі 63 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак. Першым настаўнікам там стаў Мікалай Лазюк, пасля яго працаваў Аляксандр Ляшчынскі. У ліку першых выпускнікоў Капыльскага вучылішча ў 1905 годзе былі будучы першы старшыня Урада Беларусі Дзмітрый Жылуновіч і першы старшыня Капыльскага райвыканкама Антон Шкадарэвіч. Гэта вучылішча скончылі таксама будучыя паэт Алесь Гурло, прафесары Гамза, Дземідовіч, Багдановіч. У 1917 годзе ў Капылі і Цімкавічах адкрыліся прыватныя гімназіі. На тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна перад рэвалюцыяй налічвалася 41 пачатковая навучальная ўстанова.
Пасля выгнання польскіх акупантаў школы пачалі арганізоўвацца ў былых панскіх маёнтках. У 1926 годзе на Копыльшчыне былі адкрыты 50 пачатковых школ і 4 сямігодкі, усяго ж дзейнічала 77 школ, працавала 147 настаўнікаў, навучалася каля 6000 вучняў. У тым жа 1926 годзе была ўведзена абавязковая пачатковая, а з 1932 года ўсеагульная сямігадовая адукацыя.
Першая сярэдняя школа была заснавана ў Цімкавічах у 1926 годзе, а ў 1934 годзе ў сярэднюю ператварылі Капыльскую сямігодку. Урад рэспублікі за самаадданую працу на ніве педагогікі тады ўзнагародзіў вялікую групу педагогаў, у тым ліку ордэнам Леніна была ўзнагароджана настаўніца Цімкавіцкай школы А.В. Андруковіч.
Урон народнай адукацыі нанесла вайна. Аднак ужо ў верасні 1944 года адкрыліся ўсе 94 ранейшыя школы. У 1961 годзе за кошт калгасных сродкаў з’явілася 13 новых школ. Іх лік дасягнуў 128, з іх 16 было сярэдніх, працавала 810 настаўнікаў. Шмат сіл і энергіі аддавалі школьнай справе дырэктары сярэдніх школ Зінаіда Раманенка, Барыс Багдановіч, Валянцін Жалкоўскі, Мікалай Кіеня. Іх намаганнямі расшыраліся і будаваліся новыя школы, з’яўляўся перадавы вопыт, збіраліся краязнаўчыя матэрыялы. Матэрыялы пра гісторыю развіцця народнай асветы збіраў Барыс Багдановіч, з іх многія цяпер знаходзяцца ў музеі СШ№ 2. Той жа працай актыўна займаліся Павел Сямёнаў, Сяргей Пятровіч, Мікалай Аляшкевіч, Усевалад Гурыновіч, Аркадзь Дземідовіч і іншыя.
У мінулым наша адукацыя пачыналася з невялікіх крыніц-ручайкоў, а сёння нагадвае паўнаводную раку, што насычае нас ведамі, робіць жыццё змястоўным і кіруемым. Хацелася б успомніць, што, акрамя згаданай напачатку даты, 40-годдзе з часу адкрыцця сёлета спаўняецца Доктаравіцкаму школьнаму комплексу. Сваё 25-годдзе адзначыла Капыльская СШ№ 3. Ва ўсіх навучальных установах раёна (гімназіі № 1, 21 сярэдняй, чатырох базавых і чатырох пачатковых школах) сёлета навучаліся 4 754 вучні, з іх 1882 — гэта гарадскія вучні, 2872 — вучні вясковых школ. Сёння ёсць падстава і нагода ўспомніць і аддаць належнае ўсім тым, хто ў справе навучання маладога пакалення аддаваў усяго сябе, расціў годных для Айчыны людзей, а таксама і тым, хто гэтай пачэснай справай займаецца цяпер.

Реклама

Іван Ігнатчык

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии