Тры «цялегі» на аўтара — за фельетон

0

Старшыня калгаса электрычнасць краў, а журналіст за гэта ад партыі «атрымаў»
Той тэлефонны званок з Мінска ад загадчыка аддзелам інфармацыі абласной газеты «Мінская праўда» Паўла Журбы зарубцаваўся ў маёй памяці надоўга — памятаю кожнае слова.

— Міхась, на цябе за твой фельетон «Электражучкі» паступілі аж тры скаргі: нашаму рэдактару, у абкам партыі і ў ЦК КПБ.
Ад такой весткі ў мяне ажно дух перахапіла.
— Ад каго канткрэтна тыя цялегі? — спытаў я.
— Ад старшыні калгаса з Капыльскага раёна. Ты яго пакрытыкаваў як самага хітрага «жучка». Рэдактар перадаў, каб ты выехаў туды, разабраўся і пазваніў яму.
То была пара «развітога сацыялізму» — канец 70-х гадоў. Я тады ўжо каля дваццаці гадоў працаваў уласным карэспандэнтам гэтай газеты па Слуцкаму, Капыльскаму і Старадарожскаму раёнах. Аднойчы пры чарговым наведванні Капыльшчыны па праверцы пісьма ў рэдакцыю сустрэўся на вуліцы райцэнтра з дырэктарам мясцовага аддзялення «Энергазбыту», які папрасіў зайсці да яго па важнай прычыне. Што я і зрабіў. Ён выклаў спіс людзей, пераважна вяскоўцаў, якія доўгі час умудраліся красці электраэнегрію, мінаючы ўласныя электралічыльнікі. Быў у тым спісу і старшыня аднаго з перадавых у раёне калгасаў Дзямян Паўлавіч Васкавец, які меў некалькі высокіх урадавых узнагародаў, з’яўляўся членам райкама партыі, дэпутатам райсавета. Вось у яго доме прадстаўнік «Энергазбыту» і выявіў «жучка» павышанай спажывецкай «ёмістасці»: сілкаваўся ён непасрэдна са стаяўшага насупраць дому слупа і прызначаўся для падагрэву вады ў ваннай. Па выяўленаму факту быў складзены адпаведны акт.
Так паявіўся ў абласной газеце мой фельетон, ад чаго ў Дзямяна Паўлавіча ўзгарэліся самалюбства і прага помсты аўтару і дырэктару «Энергазбыту». І ён даслаў па інстанцыях аж тры скаргі. Абвінаваціў іх у паклёпе.
Саджуся ў аўтобус, што апошнім рэйсам ішоў са Слуцка на Капыль — і праз дзве гадіны ўладкоўваюся ў гасцініцы. Раніцой пайшоў у райкам партыі да першага сакратара Джана Рыгоравіча Катко. Ён быў на месцы. На маё прывітанне «Добрай раніцы» адказаў не надта задаволена: «Нічога добрага вы, журналісты, нам не прыносіце, мне ўжо званілі па вашаму фельетону з абкама партыі». А паколькі аўтамашына рэдакцыі раённай газеты, на якой я разлічваў выехаць з калгаса, была на рамонце, Джан Рыгоравіч даў райкамаўскі «газік» і мы з дырэктарам «Энергазбыту» паехалі на сустрэчу з тым старшынёй. Была ранняя вясна, са стрэх капала, снег ператварыўся на дарозе ў кашыцу, але праз нейкія паўгадзіны мы былі на месцы. Даведаліся, што Дзямян Паўлавіч у сталовай пры доме культуры прымае тэлежурналістаў з рэспубліканскай студыі, якія перад гэтым здымалі нейкі дакументальны фільм. Старшыня запрасіў іх на абед. Шафёр «газіка» перадаў яму пра наш візіт. Не ведаю, ці быў старшыня на падпітку, ці не, але, не падыйшоўшы і блізка да машыны, стаў усяляк апраўдвацца, груба, з выклікам, размаўляць з маім напарнікам, выстаўляючы сябе незаслужана пакрыўджаным. Па майму адрасу папрокаў не прагучэла — пранясло. Выпусціўшы «пару», Дзямян Паўлавіч павярнуўся і пайшоў да сталовай, а мы паехалі назад — у райцэнтр. Завіталі разам да Джана Рыгоравіча і паведалі, што пачулі ад разгневанага старшыні калгаса. Ён заківаў галавой, развёў рукамі, маўляў, разумею вас, разбяромся з тым старшынёй. І мы развіталіся. У маёй памяці Катко застаўся чалавекам валявым, крыху крутаватым, але справядлівым, падначаленыя яго паважалі. І ўсё ж пасля той паездкі ў калгас у мяне некалькі дзён было няўтульна на душы, закрадвалася думка, што магчыма мяне падвёў той дырэктар «Энергазбыту».
Тыдняў праз два ці тры я зноў па рэдакцыйнаму заданню наведаў Капыль і быў нечакана абрадаваны, даведаўшыся ад рэдактара раённай газеты, што па прад’яўленаму адміністрацыяй «Энергазбыту» іску раённы суд з таго старшыні калгаса спагнаў грашовы штраф на суму 380 рублёў - за кражу электраэнергіі ў абход хатняга электралічыльніка. Па тым часам гэта была і не малая сума. Я тут жа пазваніў майму рэдактару ў Мінск і параіў даць інфармацыю ў газеце пад рубрыкай «Па слядах нашых выступленняў», каб абнародваць рашэнне суда, а заадно і паставіць у вядомасць партыйныя органы, якім паступілі скаргі на аўтара і газету. Але такая інфармацыя не была надрукавана. Палічылі, напэўна, у рэдакцыі не крыўдзіць болей чалавека, які ўжо панёс пакаранне.'

Реклама

Міхась Тычына

P. S. Па этычных меркаваннях прозвішча і ініцыялы старшыні калгаса заменены.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии