…І прысніўся ганчарны мне круг. Заканчэнне.

0

У тую пару ганчарства ў Дарасіно таксама перажыло своеасаблівы росквіт. Шмат жыхароў вёскі ўхапілася за названае рамяство як за выратавальную саломінку. Іван Наўмовіч, Канстанцін Наўмовіч, Міхась Хілько, Мацвей Хілько, Міхась Клязовіч, браты Сцяпан, Міхась, Гаўрыла і Іван Зянькоўскія. Вось далёка няпоўны пераклік майстроў, якія саматужна рабілі гліняны посуд. І рамяство вялікадушна ратавала ўсіх.

Тады ж гэтае старажытнае майстэрства асвоілі і двое сяброў — Іван Іосіфавіч Навіцкі і М.А.Клязовіч. Юнацкая прага творчасці супала з жаданнем дапамагчы бацькам пракарміць сем’і.
— З матэрыялам для вырабу посуду праблем не было, — успамінае Іван Іосіфавіч. — Гліны хапала. А паліву налаўчыліся рабіць наступным чынам: раскурочвалі акамулятары, расціралі ў дробны парашок свінцовыя пласціны. Потым бралі якую бляшанку — звычайна нямецкія каскі — і змешвалі той парашок з машыннай змазкай. Затым абмазвалі гаршчкі сумессю. І абпальвалі. У залежнасці ад тэмпературы яны атрымліваліся зялёнага або вішнёвага колеру.
Хутчэй за ўсё, многія скарыстоўвалі падобны спосаб прыгатавання палівы. Акамулятары ж здымалі з падбітых танкаў і аўтамабіляў, якіх пад час баёў за вызваленне Любаншчыны тут засталося багата. А ў 1946 годзе ў гарадскім пасёлку Урэчча пачала фарміравацца Цэнтральная база рамонту танкаў. Бадай, дарасінцы не аднойчы жывіліся там свінцом.
Чамусьці заўсёды росквіт мастацтва прыпадаў на нейкія змрочныя часы. І калі дасканала аналізаваць, дык і славутая Эпоха Адраджэння была не такой ужо і светлай. А росквіт у краіне Саветаў абавязкова суправаджаўся трагедыямі.
Вось і ганчарства ў Дарасіно ў пасляваенны перыяд прагарнула не менш драматычныя старонкі. Возьмем, напрыклад, пратакол агульнага сходу членаў мясцовага калгаса «Рэвалюцыя» ад 14 кастрычніка 1949 года. Здавалася б, сухія радкі, надрапаныя няўпэўненым почыркам сакратара. Аднак карціну ўпаўне можна сабе ўявіць.
Цесная зала. Накрыты чырвонай тканінай стол. За сталом стаіць старшыня праўлення гаспадаркі М.С.Наўмовіч і гнеўна кідае ў прапахлы гноем і тытунём натоўп хлёсткія, як удары папругі, выразы:
— Стан працоўнай дысцыпліны ў калгасе дрэнны. Лубін гніе, зябліва не ўзнімаецца. А вы лынды б’еце, асабістымі справамі заняліся. Бач, у гаршкалёпства кінуліся, — і ад кожнага слова павявае яўнай пагрозай”. — Брыгадзіры даюць коней для вывазкі гаршчкоў на базары без ведама праўлення, як, прынамсі, брыгадзір брыгады №3 Рыгор Бандарэц.
І Рыгор Бандарэц спужана хаваецца за спіны суседзяў. І гэты спуд можна зразумець: не раз у падобных пратаколах значацца пастановы і за меншыя грахі перадаць імярэк у рукі следчых органаў. А там, глядзіш, і ў лагер загрыміш!
На даным жа сходзе вырашылі прасіць раённы Савет дэпутатаў знішчыць усе горны, якія, быццам бы, паграджаюць вёсцы пажарамі. За «чырвоным» сталом сядзіць старшыня Дарасінскага сельсавета М.П.Пятніцкі, і можна не сумнявацца, што падобная «шчырая» просьба да раённых уладаў даляціць аператыўна.
І знішчалі! А ганчарам то прысядзібныя ўчасткі абразалі, то наогул вычышчалі іх з калгаса. Не памагала! І вось ужо на справаздачна-выбарным сходзе «Рэвалюцыі» ад 14 сакавіка 1950 года той жа М.С.Наўмовіч зноў абвяшчае анафему ганчарам.
Чым жа не дагадзіла ганчарства некалі пану, а цяпер і Савецкай уладзе? Напрошваецца цікавая паралель. І пры Савецкай уладзе сяляне, па сутнасці, былі прыгоннымі — як пры тым Вітгенштэйну. Рамяство давала хоць нейкую эканамічную незалежнасць, свабоду. А іх, зразумела, стараліся прывязаць да зямлі — да чужой зямлі, перавесці ў ранг цяглавай жывёлы.
Праўда, былі «прычыны» і, як кажуць, «экалагічнага» кшталту. “Гліну дарасінцы спрадвеку бралі ў кар’еры цагельнага завода ля пасёлка Радуга, — прыгадвае Еўдакія Рыгораўна Сяховіч. — Увесь лес быў зрыты бы пячорамі. Сям-там нават дрэвы правальваліся або падалі на зямлю — карэнні падкопвалі. А лесніком тут працаваў Бандура з Урэчча. Ён лавіў «пячорнікаў» і лупцаваў іх здаравенным кіем.
Гэта таксама не дапамагала. І не дзіўна. «Рэвалюцыя» ж лічылася адстаючай гаспадаркай. У 1949 годзе яе нівы ўрадзілі толькі па 3,9 цэнтнера з гектара збожжа, па 40 — бульбы, па 0,95 — льносемя, па 0,54 цэнтнера — тытуню.
Таму можна ўявіць, колькі плацілі людзям на працадні. Дробязь! Каб не ганчарства, дык, напэўна, вымерла б палова вёскі”.
Аднак на тым жа справаздачна-выбарным сходзе ў 1950 годзе М.С.Наўмовіча «забалаціравалі». Новым старшынёй стаў Ілля Нічыпаравіч Гарбачоў.
Калі меркаваць па дакументах, то Ілля Нічыпаравіч прапанаваў дарасінскім ганчарам дагавор якраз у духу Вітгенштэйна. 20 ліпеня 1950 года на пасяджэнні праўлення калгаса заслухалі дакладную падлікоўца Максімовіча аб налічэнні працадзён за розныя работы; у прыватнасці, за выраб гаршчкоў (1000 літраў) прапаноўвалася налічваць пяць працадзён, за абмазванне глінянага посуду палівай (300 штук) — 0,5, за абпальванне аднаго горна прадукцыі — 1, за распілоўку двух кубаметраў дроў — 0,5 і за адвозку прадукцыі на базар (двое сутак) — тры працадні. І гэтую прапанову прынялі.
Але ні Міхаіл Максімавіч Філіпеня, ні М.Ц.Прышчэпа лёс далей не выпрабоўвалі. Пасля знішчэння горнаў у вёсцы Міхаіл Максімавіч, напрыклад, уладкаваўся-такі трактарыстам і прарабіў ім 28 гадоў. І толькі потым, у 80-х, калі яму, як пенсіянеру, ужо не было чаго губляць, майстар перабраўся ў ганчарны цэх калгаса «Дружба». А ў 1993 годзе перайшоў у разрад «кансультантаў», бо страціў палец на левай руцэ.
Не рызыкнуў і Іван Іосіфавіч Навіцкі, калі пасля дэмабілізацыі ў 1954 годзе вярнуўся дамоў, аддацца любімай справе. Праўда, аднойчы перад уласным вяселлем ён тайна вырабіў 300 штук гаршчкоў, гэтак жа тайна абпаліў у печах цагельнага завода і прадаў іх у Капылі. На заробленыя грошы і гулялі.
Больш 19 гадоў адпрацаваў Іван Іосіфавіч трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. І толькі ў 80-ых склаў кампанію Міхаілу Максімавічу Філіпені ў калгасным ганчарным цаху.
Крыху інакш распарадзіўся сваім майстэрствам Сцяпан Сямёнавіч Сяховіч. Ён аж да сярэдзіны 60-х займаўся вырабам глінянага посуду. Горн Сцяпана Сямёнавіча, размешчаны ў кутку агародчыка ўжо каля новай хаты, ацалеў, што і дало магчымасць прадоўжыць работу.
Майстар меў спецыяльны «патэнт», плаціў за яго самавітыя грошы. Тым не менш, гаршчкі ляпіў, у асноўным, па начах, бо і ён, і жонка стараліся не губляць працадзён у калгасе.
— Ды і як «згубіш»? — уздыхае Еўдакія Рыгораўна. — Наш брыгадзір Галоўчыц — яму на вайне руку адарвала — падыдзе пад акно і так жаласна просіць: «Ну, слухай, папрацуй сёння». Дзе ж тут адмовішся?!
Можа таму, перажыўшы падобны цяжар, Сцяпан Сямёнавіч Сяховіч канчаткова падарваў здароўе і, па сутнасці, рана памёр.
З цягам часу ганчарнае рамяство на Любаншчыне заняпала. І не спатрэбілася ні руйнаваць печы, ні цікаваць саміх майстроў. Проста на змену глінянаму посуду прыйшоў посуд металічны, пласмасавы. Глядзіш, старажытнае майстэрства наогул знікла б разам з «апошнімі з магікан».
Ды своечасова спахапіліся. Пры Любанскім раённым Цэнтры культуры адкрылі ганчарную майстэрню, якую ўзначаліў Міхаіл Аркадзевіч Насановіч — выпускнік Бабруйскага мастацкага вучылішча. Сваімі ўмелымі працавітымі рукамі ён вырабляе цудоўныя, непаўторныя па прыгажосці рэчы.
Міхаіл Аркадзевіч — новая генерацыя ганчароў, якая разумее, што прыкладное значэнне рамяства ў апошнія гады значна знізілася. Таму вырабы хлопца носяць хутчэй дэкаратыўны, сувенірны характар. Сярод вытанчаных збанкоў і глякаў трапляюцца мудрагелістыя вазы, упрыгожаныя рознакаляровай палівай, падсвечнікі самай дзівоснай формы, якія і прывабліваюць незвычайным палётам фантазіі.
Але галоўнае — Міхаіл Аркадзевіч Насановіч абучае ганчарнаму майстэрству мясцовых школьнікаў, адмерваючы тое-сёе спадзяванне, што адвечная справа — захапленне продкаў — не вычарпаецца назаўсёды.
… І прысніўся ганчарны мне круг,
Нейкі старац з сівой галавою.
Апрануўшы з цыраты фартух,
Круціць кола ён босай нагою.
І здзівіў жа мяне гэты дзед:
Яго рукі па локаць у гліне!
Ён тварыў апантана Сусвет,
Вывяраючы правільнасць ліній.
Яго німб споўз кудысь набакір,
Яго твар, бы святлом, азароны.
А з-пад рук у бясконцы эфір
Вылятаюць планеты і зоры.
Вось гатовы Нептун і Плутон,
Вось гатовы Венера, Меркурый,
Раптам нешта задумаўся ён,
Штосьці шэпча сабе, маракуе.
Я адчайную спробу раблю,
Я падгледзець стараюся страсна.
І вось бачу — ён лепіць Зямлю
І яшчэ не дабраўся да Марса…
Мне спакойна спявалася ў сне.
Мне спакойна кахалася там жа.
Ды ўжо ранак, крывавячы снег,
Новы факт засяроджана смажыў…
І жыве на зямлі рамяство,
Звон стагоддзяў стаіўшы ў гліне.
І пакуль дорыць нам хараство,
Можа, менш будзем
чуць страляніны.

Реклама

Сяргей Квіткевіч, Любань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии