…І прысніўся ганчарны мне круг

0

Традыцыі ганчарнага рамяства на Любаншчыне вельмі багатыя. Іх узрост, па ацэнках мясцовых спецыялістаў, больш 200 гадоў. Лічыцца, што наймацнейшага росквіту ганчарства дасягнула ў 19-м стагоддзі, калі прыгонныя сяляне абавязваліся плаціць пану грашовы аброк.

Прызнаным цэнтрам названага рамяства ў нашым раёне з’яўляецца вёска Дарасіно. Тут здаўна рабілі разнастайны паліваны кухонны, сталовы і тарны посуд светлага або светла-чорнага колеру глін і, безумоўна, гліняныя цацкі. Упрыгожвалі рэчы прамымі ці хвалістымі выціснутымі або маляванымі лініямі. Паліва ж скарыстоўвалася празрыстая ці зялёная. Трапляецца таксама чорна-задымлены посуд.
Некалі частка Дарасіно ўваходзіла ў маёнтак Паніч, а другая — у маёнтак Смольгаўка, якія належалі самаму буйному на Любаншчыне землеўладальніку князю Льву Вітгенштэйну (а яму дасталіся ў пасаг за Стэфаніяй Радзівіл). У інвентары 1839 года пазначана, што дарасінцы, «суть все горшечники», транжыраць шмат дроў на абпальванне сваіх вырабаў. Таму павінны плаціць пану 54 рублі серабром «гарнавых» з усёй вёскі.
Дарэчы, пры Вітгенштэйну ганчарства ў Дарасіно перажыло даволі драматычныя старонкі гісторыі. Князь не дазваляў займацца рамяством, руйнаваў печы, матывуючы свае дзеянні тым, што сяляне зусім закінулі асноўную работу — «хлебопашество». Між тым, тутэйшыя жыхары працягвалі тайна здабываць гліну і вырабляць з яе посуд. Іх лавілі, штрафавалі, валаклі ў суд.
У рэшце рэшт, у 1863 годзе Вітгенштэйн прапанаваў дарасінцам своеасаблівы дагавор, па якому ім належала ўсю ганчарную прадукцыю звозіць на панскі двор. Далейшай яе рэалізацыяй, маўляў, зоймуцца ўпраўляючыя памешчыка. І рамеснікі, пасля пакутлівых ваганняў, пагадзіліся.
Аднак у 1866 годзе зноў разгарнулася судовая справа. Ганчары з Дарасіно Дзям’ян Паўлавіч Багдашыц, Андрэй Раманавіч Сяховіч і Канстанцін Раманавіч Сяховіч папаліся на незаконным (без пасрэдніцтва пана) гандлі ўласнымі вырабамі. Яны прадалі слуцкім яўрэям па аднаму горну (прыкладна 260 штук) гаршочкаў. Атрымалі самавіты задатак, і ехалі, каб туды ж прыстроіць іншы посуд. Іх пераняў служка памешчыка палкоўнік Трэцьякоў, канфіскаваў вырабы і арганізаваў судовае праследаванне непаслушэнцаў.
Напэўна, суд ва ўпамянутым годзе наогул быў завалены заявамі князя. Тады ж, напрыклад, сяляне мястэчка Любань захапілі паром праз раку Арэсу на тэрыторыі маёнтка Ярэмічы (пераправа штогод дабаўляла ў казну Вітгенштэйна 50 рублёў серабром). Дык вось, і першы, і другі працэс, як і процьму іншых, пан выйграў з яўным прыбыткам для сябе.
Але рамяство ўсё ж-такі прадаўжала жыць і набіраць моц. У звестках аб развіцці саматужных промыслаў на тэрыторыі Мінскай губерні ў 1889 годзе фігурыруе і Дарасіно. У прыватнасці, пішацца, што 12 ганчароў гэтай вёскі вырабілі і збылі гаршочкаў на 76 рублёў.
Наогул, пра ганчароў ў Дарасіно кажуць, як пра тую нафту на Аравійскім паўвостраве: дзе ні капнеш — там і фантан. Ці то былы майстар, ці то ягоныя сваякі, якія, канешне ж, валодаюць каштоўнай інфармацыяй. І аднойчы мне захацелася асабіста пераканацца ў гэтым.
Быў канец жніўня. І мы — я і фотакарэспандэнт раённай газеты Віктар Нагорны, закончыўшы аўдыенцыю ў старшыні праўлення мясцовага калгаса «Дружба» М.М.Есмантовіча — курылі, падстаўляючы шчокі пад ласкавыя сонечныя промні. І тут маю ўвагу прыцягнула пажылая кабета, што, пакрэктваючы і неяк бокам сыходзіла ўніз па канторскіх прыступках. Заліхвацкі падміргнуўшы Віктару, я падскочыў да жанчыны і, павітаўшыся, пачаў распытваць.
— Пра каго вы гаворыце? — блізарука прыплюшчыўшы вочы, каб пільней угледзецца ў нашы твары, перапытала вяскоўка. — Дзям'ян Паўлавіч Багдашыц? Гм… Ён мне прадзедам даводзіцца. Па мацярынскай лініі.
Госпадзі, вось дык «фантан»! У мяне ледзь ногі не падкасіліся ад нечаканасці. Ну, трэба ж так патрапіць! Адразу ў «дзесятку»! Дрыготкімі пальцамі выхапіў з сумкі дыктафон і літаральна закідаў кабету пытаннямі.
— Не, прадзед майго нараджэння не дачакаўся — памёр, — недаверліва паглядваючы на «тэхніку» і бянтэжачыся, расказвае жанчына. — Ды маці гаварыла, што быў ён дужы — высокі і плячысты. Чакайце, — яна раптам заклапочана наморшчыла лоб, — у мяне да апошняга часу стаяў яго гаршчок.
— Які гаршчок? — застыў я ў прадчуванні яшчэ большай удачы.
— Зялёны такі… Наша сям’я ў ім воск варыла. Разумееце, прадзед быў не толькі ганчаром, але і заўзятым пчаляром. Куды я яго задзела?.. Ведаеце, — вяскоўка расчаравана махнула рукою, — выкінула, напэўна…
— Выкінулі?!
— Ну. Я ў тым гаршчку, выскрабаючы мёд, дзірку ножыкам прабіла. Куды цяпер?.. Выкінула.
— Як жа так?.. — у мяне адвісла сківіца.
— Ды не хвалюйцеся, хлопцы, — узялася супакойваць кабета. — Я быццам недалёка выкінула — у канаву перад хатай. Пашукаю.
— Пашукайце, калі ласка. Гэта ж выдатны экспанат для раённага музея.
— Добра-добра, — паабяцала жанчына.
Другі раз да Еўдакіі Рыгораўны Сяховіч (так звалі жанчыну) я ўжо сумесна з дырэктарам Любанскага дзяржаўнага музея Народнай славы Наталля Мікалаеўна Сіняк завітаў зімой. Доўга блукалі па лабірынту вуліц і вулачак, адшукваючы патрэбную сядзібу. Дарасіно — даволі вялікая вёска: некалькі пасёлкаў уздоўж крывой асфальтаванай дарогі Урэчча-Замошша. Таму з’арыентавацца няпроста.
Нарэшце патрапілі па прызначэнню. Адчынілі веснічку і пакрочылі па пратаптанай у сумётах сцежцы. А вось і гаспадыня — у завязанай ледзь не па самы нос цёплай хустцы. У старэнькай зашмальцаванай целагрэйцы, з бярэмем дроў.
— Добры дзень! — вітаецца Наталля Мікалаеўна.
— Добры, — ківае галавой жанчына. — Даўно вас чакаю. Праходзьце, — і дадае: — Знайшла-такі гаршчок!
І сапраўды, на стале ў сенцах стаіць гэтае прывітанне з 19 стагоддзя. Вытанчанай формы. Зялёны. З выціснутым па паверхні сціплым арнаментам. І з маленькай дзірачкай у выглядзе сардэчка.
Мы слупянеем.

Реклама

Сяргей Квіткевіч, г. Любань
Працяг будзе

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии