На падворку воўк не жылец

0
Реклама

Дзесяць гадоў таму ляснік з вёскі Сорагі Слуцкага раёна Анатоль Сцяпанавіч Шушкевіч набыў у Петрыкаўскім раёне ў знаёмага егера ваўчаня памерам з дарослага ката і прывёз дамоў, узяў пад апеку. Маці, з якой Анатоль жыў разам, намер яго не ўхваліла, але і не ўмешвалася ў яго адносіны з падсяленцам на падворку.

Паколькі воўк без мяса жыць не можа, то Анатоль Сцяпанавіч стаў наведвацца на матацыкле ў недалёкі пасёлак Кучына, дзе знаходзілася кааператыўная, а пазней прыватная, звераферма па вырошчванню пясцоў і чорнабурых лісіц, скуры якіх адпраўляліся на экспарт у Расію. А косці і мяса забітых звяркоў забіраў Анатоль Сцяпанавіч. Вядома, не задарма, і карміў ваўчаня, якому даў мянушку Вова.
Праз два гады з яго вырас паўнавартасны звер, стаў лашчыцца да свайго гаспадара, а калі той на матацыкле адпраўляўся ў лес, то бег услед не адстаючы. Здаралася, што Вова адлучаўся, падчас за два кіламетры ад вёскі, але потым знаходзіў след і прыбягаў да дому.
Пасля двух гадоў жыцця на падворку, выпускаць звера на волю, на свой пракорм, не было разліку — ён не змог бы падладзіцца пад паводзіны сваіх вольных суродзічаў і стаў бы хутка ахвярай паляўнічых. Затое вартаўнік ён быў надзейны, вулічныя брадзячыя сабакі абыходзілі сядзібу лясніка бокам. Анатоль Сцяпанавіч паступова пераканаўся, што ў двары жыць побач сабака з воўкам не могуць — канфлікт паміж імі прадвызначаны самой прыродай.
Днямі я пазваніў яму і пацікавіўся, як пажывае дваровы сябра Вова. Адказ быў кароткім: «Я, на жаль, застрэліў яго. Што прымусіла? Бяскорміца. Воўк расліннай ежы не прымае — толькі мяса, а яго патрэбна не меней двух-трох кілаграмаў у дзень. Пасля таго, як звераферма ў пасёлку Кучына закрылася з-за нерэнтабельнасці, даставаць пракорм не было дзе. Я званіў у Мінскі звярынец, прапаноўваў здаць воўка задарма, але мне адказалі, што сучку прынялі б, а кабель ім не патрэбен, іх у звярынцы хапае. І я ўзяў у рукі стрэльбу. Нялёгка было націскаць на курок, бо прывык да Вовы, за гады знаходжання яго на падворку канчаткова пераканаўся, што воўк у няволі лепшы сябар для чалавека, чым сабака, болей прывязаны, з адмысловай хітрынкай у паводзінах».
Напэўна, Анатоль Сцяпанавіч цяпер уразумеў, што не варта такога дзікага звера, як воўк, які любіць свабоду, браць на дваравое выхаванне. У няволі ў рэшце рэшт, ён не жылец.

Міхась Тычына

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.