Дубовы шацёр над могілкамі

0
Реклама

Убачанае ў не блізкай ад горада вёсцы здзівіла мудрасцю яе першых пасяленцаў у выбары не толькі месца пад жыллё, але і для пахавання памёрлых. Раскарчоўваючы дзялянкі лесу пад сядзібы, яны высякалі сосны, бярозы, клёны, грабы, але не кранулі шаснаццаць ужо сталых дубкоў, што раслі даволі кучна адзін ад аднаго. І адвялі сяльчане месца вакол іх пад могілкі.

Прайшлі вякі - і дрэвы сталі гэткімі асілкамі, ад сузірання якіх дух захоплівае, настолькі магутныя вартавыя нябожчыкаў. Самы стары дуб, якому больш за пяць соцен гадоў, мае ствол у пяць чалавечых абхопаў, галіны размахнуліся ва ўсе бакі на восем-дзесяць метраў і густой лістотай стварылі гэткі зялёны шацёр. Яшчэ чатыры дубы непадалёку «цягнуць» таўшчынёй камля не менш чым у тры абхопы, астатнія — у два, калі не болей. І ні на адным дрэве не бачна пісугаў ад маланкі, хоць яна часцяком цэліць на дубы. Відаць, што вяскоўцы цэняць і шануюць гэтых волатаў, таму вакол іх у радыусе шасці-сямі метраў ямы пад магілы не капаюць, каб не высекчы карані. У іншы год, паведалі сяльчане, жалудоў пад дубамі столькі, што хоць мяхі напаўняй.
Яшчэ здзівіла і парадавала тое, што на помніку вясковаму настаўніку-паэту Мікалаю Жуку, вершы якога друкаваліся ў 50−70-я гады мінулага веку ў рэспубліканскіх газетах і літаратурных часопісах, эпітафія напісана на беларускай мове, яго жонцы Паліне Небасевай — таксама. На жаль, надпісы на ўсіх астатніх помніках рускамоўныя — як і паўсюль у вёсках і гарадах, за рэдкім выключэннем. Беларусь, мусіць, з’яўляецца адзінай у свеце краінай, дзе эпітафіі на помніках пішуцца на мове суседняй краіны.

Міхась Тычына

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.