Янка Скрыган

0

16 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай празаічнай літаратуры Янкі Скрыгана (1905−1992).

Янка (Іван Аляксеевіч) Скрыган нарадзіўся ў сяле Труханавічы цяперашняга Капыльскага раёна. У яго бацькоў было адзінаццаць дзяцей, з якіх Янка быў малодшым. Менавіта малодшаму сыну бацькі хацелі даць добрую адукакцыю. У 1918 годзе Янка закончыў вучобу ў мясцовай царкоўна-прыходскай школе і для працягу адукацыі быў адвезены ў Слуцак.
У краіне адбываліся рэвалюцыйныя перамены, што ўплывала на вучобу юнака. Спачатку вучыўся ў духоўным вучылішчы. Калі тое закрылі - у школах першай і другой ступені, у рэальным вучылішчы. Нарэшце, калі на тэрыторыі былога Троіцкага манастыра адкрыўся сельскагаспадарчы тэхнікум, — паступіў туды. У 1924 годзе тэхнікум перавялі ў Мар'іну Горку. Але Янка, які быў на чацвёртым курсе, туды не паехаў. Застаўся ў Слуцку і ўладкаваўся на працу ў акруговую газету «Вясковы будаўнік».
Жыў будучы пісьменнік на кватэры ў старой хаце на вуліцы Падвальнай, пазней здымаў кватэру на Надрэчнай вуліцы ў гаспадарыні па прозвішчу Стажэўская. Яго захапленнем былі кнігі, асабліва многа чытаў твораў Якуба Коласа і Змітрука Бядулі. Падчас вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме ўпершыню ўбачыў Якуба Коласа, які прыбыў у Слуцак чытаць на педагагічных курсах лекцыі па беларускай мове і літаратуры.
Лёс у хуткім часе закінуў Янку на Полаччыну. Там працаваў загадчыкам Народнага Дома ў Расонах, потым у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». У 1928 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1932 годзе. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1934 годзе ўвайшоў у склад Саюза пісьменнікаў.
У 1936 годзе Янку Скрыгана беспадстаўна арыштавалі і асудзілі, далі 10 гадоў лагераў. Рэабілітавалі, як і многіх іншых, пасля смерці Сталіна, у 1954 годзе.
З 1955 года пісьменнік працаваў у розных беларускіх выдавецтвах. Выдаў некалькі кніг апавяданняў. У некаторых з іх, напрыклад «Слуцкія песняры» (1926), знайшла адлюстраванне тэма Случчыны. У апавяданні «След гумавых шын» ім праўдзіва паказаны моманты з жыцця 1-й Слуцкай беларускай гімназіі.
Пра горад свайго юнацтва пісьменнік не забываў. Наша зямлячка-пісьменніца Алена Васілевіч успамінае: «…недзе ў 80-я гады, у час адной з літаратурных паездак па Случчыне, падахвоціў мяне Янка Скрыган пахадзіць разам з ім па старых незабыўнах мясцінах-вуліцах: „Паходзім, Аленачка, па Трайчанах. Там некалі, у 20-я гады, Божачка, якое хараство было!“
…Нядоўга хадзілі мы па тых скрыгановых Трайчанах. Добра біты, і трушчаны, і вучаны „шчаслівым савецкім жыццём“ (з турмамі і лесапаваламі), Іван Аляксеевіч не надта гаворкі быў пасля тае нашай экскурсіі, калі мы, мінаючы знакаміты Чортаў мосцік, вярталіся ў гасцініцу.
— Дзякуй Богу, што адбудаваўся, што будуецца наш Слуцак… Але ж нейкі надта ён, Аленачка, увесь як пляскаты… Колішні Слуцак меў свой твар. А сёняшні…»
Адзначым, што Іван Аляксеевіч зрабіў пераклады на беларускую мову твораў класікаў рускай літаратуры, літоўскіх, украінскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў. Стаў заслужаным работнікам культуры БССР, быў узнагароджаны медалямі. А за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай энцыклапедыі ў 1974 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР.

Реклама

Ларыса Лук’янцава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии