Сведка даўніх часоў

0

29 лістапада спаўняецца 175 гадоў з таго часу, калі ў Польшчы, Літве і Беларусі пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царскай Расіі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Тыя падзеі да Слуцка не дакаціліся. Але ў горадзе да нашага часу захаваўся цікавы помнік — сведка тых даўніх часоў.

Падзеі паўстання 1830−31 гадоў адбываліся пераважна на польскай тэрыторыі, ахапілі таксама Віленшчыну, Гарадзеншчыну, Брэстчыну, у меншай ступені закранулі Віцебшчыну, Міншчыну і Магілёўшчыну. Случчына заставалася ў баку ад вызвольных падзей. Тым не менш, пасля задушэння паўстання, калі царскія ўлады падводзілі вынікі і прадпрымалі адпаведныя дзеянні, перамены закранулі і Слуцк.
На далучаных пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землях расійскі ўрад у адносінах да магнатаў, шляхты і каталіцкай царквы спачатку ставіўся спрыяльна. А пасля паўстанняў - 1794, а потым 1830−31 гадоў - пачаў прымаць больш радыкальныя меры па вырашэнні «польскага пытання». Была пазбаўлена сваіх правоў вялікая колькасць шляхты, скасавана дзейнасць Статута ВКЛ 1588 года, абмяжоўвалася выкарыстанне польскай мовы, закрыты Віленскі універсітэт. Пацярпела каталіцкае духавенства, якое ў асноўнай массе падтрымлівала паўстанне. Пачалася праца па арганізацыі далучэння ўніятаў да праваслаўнай царквы, вялікая колькасць каталіцкіх кляштараў было закрыта.
Менавіта ў 1832 годзе, неўзабаве пасля паўстання, у Слуцку быў закрыты бернардзінскі кляштар, які дзейнічаў з 1661 года. Манахаў перавялі ў Нясвіжскі бернардзінскі кляштар, а маёмасць дасталася нясвіжскім манахам-дамініканцам.
Касцёл быў асвечаны пад праваслаўную царкву і на працягу 1833−45 гадоў выкарыстоўваўся як палкавая царква. Кляштар ператварылі ў казармы, дзе размясціліся казакі (нездарма і вуліцу — цяпер Чырвонаармейская — з тых часоў і да ўсталявання Савецкай улады называлі Казачай). Тут жа быў арганізаваны і вайсковы лазарэт.
Той кляштарны будынак, сведка цікавых гістарычных падзей, захаваўся да нашага часу. У ім цяпер размяшчаецца маслабаза. Мы можам гаварыць пра яго як пра самае старажытнае мураванае збудаванне ў горадзе (пачалі ўзводзіць у 1793 годзе). Ён разам з будынкам цяперашняга краязнаўчага музея, які таксама з’явіўся ў тыя часы, «прэзентуе» у Слуцку мураванае дойлідства ХVІІІ стагоддзя.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии