Гуляла вяселле

0
Реклама

Ніхто не скажа, з якіх часоў павялося гуляць вяселле. Першае вяселле маёй памяці - пасляваеннае, калі амаль усе мужчыны насілі салдацкае адзенне, распівалі гарэлку хатняга вырабу і закусвалі камсой. Памятаю і вяселлі камсамольскія — без гарэлкі. Госці за сталом ціхенька шапталіся аб тым, дзе ўдалося гаспадарам столькі прадуктаў дастаць. Само вяселле нагадвала пляцоўку камсамольскай новабудоўлі - размаўлялі пра пускі, аб’ёмы выкананых работ і гэтак далей. Велічайшым падарункам для маладых было абяцанне начальніка «выбіць» для іх асобны пакойчык у якім-небудзь бараку. Музыка — жывы гармонік, у лепшым выпадку, а большасць — пад магнітафон. Гэта пасля з’явіліся вакальна-інструментальныя ансамблі. Ды час тэхнічнага прагрэсу і іх зжыў са свету.

Кожнае вяселле — гэта люстэрка часу і побыту. І вось яно — вяселле сучаснае ў горадзе шахцёраў. Жаніх са сваёй світай едзе да маладой на двух дзесятках аўтамабіляў: сам — на «Мэрседэсе» апошняй мадэлі, за ім зусім не горшы аўто для нявесты. Акрамя дружыны, з маладым абавязкова едуць не меней двух летапісцаў: адзін бліскае фотакамерай, другі здымае на відэа.
Галоўнымі героямі на вяселлі з’яўляюцца жаніх і нявеста. Ці ад таго, што я пастарэў, ці так у сапраўднасці, убачыўшы маладую, падумалася: «У мой час такіх прыгажунь не было!». Жаніх таксама — адні завідкі: рослы, прыгожы, з вышэйшай адукацыяй. Галоўнае — ужо пры добрай справе. У такіх маладых і радавод знакаміты. Слава пра іх бацькоў на ўвесь Салігорск вядома.
Бацька маладой — знакаміты шахцёр, машыніст горна-выемачных машын — за годы сваёй працы ў шахце прасолены наскрозь. Маці таксама на шахце працуе. Паглядзіш на іх — шчасцем твары свецяцца за дачку. За добрага малайца замуж аддаюць. Бацькі маладога — людзі працавітыя. Бацька — вядучы спецыяліст, маці таксама заўсёды ў працы. Вырасцілі сыночка працавітым, адукаваным. Жэняць з радасцю, бо ў сям’ю бяруць нявестку па сабе роўную.
На гасцей паглядзець — людзі ўсе сур’ёзныя, з рукамі мазолістымі. Моладзь бязвусая з павагай да старых ставіцца. Гасцей на вяселлі не меней сотні.
А чарга куды такая? Гэта госці падарункі ўручыць хочуць, каб хутчэй за стол сесці. Пачынаюць бацькі жаніха. Чарга сціхла ў чаканні дзіва. Бацька жадае маладым шчасця і дарыць трохпакаёвую кватэру. Маці менш шчодрай выглядаць не хоча і аб’яўляе, што даруе тэлевізар «Філіпс» з рознымі прыстаўкамі ды халадзільнік «Індэзіт». Далей падыходзяць госці па ўбываючай роднасці. Вось бабуля дарагому ўнуку паклала «зялёныя». Радня ішла доўга. Давераныя толькі паспявалі адносіць падарункі.
Чарга радні маладой стаіць на гатове. Бацькі нявесты зусім не горшыя за сватоў. Вось бацька дастае з кішэні: «Гэта ключы маладой сям'і ад гаража». А маці дадае: «А гэта ключы ад той цацкі, што стаіць у гаражы». Тут раздаюцца апладысменты. А чарга ўсё плыве і плыве.
Хутчэй за сталы, якія ломяцца ад ястваў і напояў. Ніхто не задумваецца, як і дзе яны даставаліся. Калі блісне думка на гэты конт, дык у якія грошы абыдзецца бацькам усе гэта. Ды што грошы — навоз! Сёння няма — заўтра воз! Ешце і піце, дарагія госцікі. Афіцыянткі пільным вокам будуць сачыць, каб стол не пусцеў. Тамада будзе запрашаць піць гарэлку чарку за чаркай: «Паміж першай і другой — промеж часу не бальшой». Госці не саромеюцца — наліваюць, пьюць і закусваюць. І калі крыху прытаміліся, успомнілі пра маладых — закрычалі: «Горка, горка!». Маладыя пацалункам падсалоджваюць, госці з новым моцам наліваюць і закусваюць.
Ад выпітага і з’едзенага госці зусім стаміліся. Тут зайграла музыка. Гэта цэлы аркестр у адной скрынцы, з якой увіхаецца дыск-жакей. Ад яго музыкі ніхто не можа ўтрымацца. Усе кідаюцца ў свабодны вугал, адведзены пад танцы. На радасці бацька маладой вырашыў паказаць удаль, падпрыгнуў некалькі разоў казлом ды выйшаў з кола. Танцы не для яго. Вось спраўляцца з горным камбайнам пад зямлёй куды лягчэй і спрытней.
Не адзін раз госці з танцаў вярталіся за стол. І калі зусім патаміліся, настаў час развітання, а таксама развітанне маладой дзяўчыны са сваім юнацтвам. Не вытрымала яна. Калі свякроў пачала здымаць вяночак, заплакала. Не горкія былі тыя слёзы, бо хутка яна шчасліва смяялася.
Хай на ўсё жыццё табе будуць слёзы шчасця і кахання!

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

P. S. Я на тым вяселлі быў, гарэлку піў. Мо не пра ўсё напісаў, але ж даруй, чытач. Гэта было адно з шматлікіх вяселляў, якія адбываюцца ў Салігорску.

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.