Хрыстос прызямляўся на свята ў хатах

0

Не раз, адмераўшы ўжо сем дзесяткаў гадоў з хвосцікам, задаваўся сабе пытаннем: адкуль у часы вайны, нямецкай акупацыі, мае аднавяскоўцы дакладна вызначалі дату такога найгалоўнейшага з праваслаўных святаў - Вялікдзеня, або, як сёння гавораць, Пасхі, дзень якога кожны год мяняецца. Не было тады ні газет, ні радыё, ні царквы паблізу, а ў Слуцкі храм, за васемнаццаць кіламетраў, вясковыя бабулі не адважыліся хадзіць, маладыя жанчыны тым болей — баяліся аблаваў для вывазкі на прымусовую працу ў Германію.

Ушаноўвалі вяскоўцы і праваслаўнае прастольнае свята Нараджэння Хрыстова, якое штогод адзначаецца ў адзін і той жа дзень — 7 студзеня. Памятаю, напярэдадні маці ставіла на покуці, пад абразамі, рэшата з сенам, паверх яго клала круглы бохан свежаспечанага хлеба, і бацькі напаміналі нам, дзецям, у імя чаго гэта робіцца. Пякла яшчэ з пшанічнай мукі (са свайго ўраджаю) пірог.
Так было і 7 студзеня 1944 года. Раніца выдалася сонечнай, з лёгкім марозікам і асляпляльнай бялізною выпаўшага напярэдадні снегу. З добрым адчуваннем нейкай светласці і цяпла на душы я разам з усімі сеў за стол. Бацька наліў сабе і мне са старэйшым братам па кілішку самагону. Толькі паспелі закусіць, як маці, зірнуўшы з вакно да вуліцы, ціха сказала: «Немцы». У белых маскхалатах, са зброяй, яны чародкай пасярод нашай шырокай вуліцы крочылі ў канец вёскі, аб чымсьці не гучна гергеталі, але ў хаты не заходзілі і гэта супакойвала. Ні бацька, ні мы з братам, а нам было тады шаснаццаць і васемнаццаць гадоў, не кінуліся з хаты ў свае штоначныя схованкі - у гумне, на гарышчы хаты, у хляве пад капою саломы. Не было страху перад тымі немцамі - тут ні ўбавіць, ні прыбавіць: што было, то было. Аднак, хлапечая цікаўнасць выштурхнула мяне на вуліцу, і я ўбачыў хвост той чародкі ў маскхалатах, яна скіравала на грэблю, што вяла да суседняй вёскі Папоўцы. І тут жа з недалёкага, з кіламетр, лесу пачуліся вінтовачныя стрэлы, немцы заляглі ў снезе і адказалі доўгімі кулямётнымі чэргамі трасіруючымі кулямі, што несліся белымі зорачкамі да таго лесу. Агонь партызаны прыпынілі, немцы — таксама. Я вярнуўся ў хату і ўбачыў суседа, дзядзьку Стафана, які сказаў, што аднаго немца ўсё ж параніла. Партызаны ў той калядны дзень у вёску не заходзілі ні ў дзень, ні ноччу.
А я вось сёння падумаў: навошта было ім, не меўшы сілаў для бою і патронаў ўдосталь, дразніць здалёку тых немцаў, не падумаўшы, што абстрэлы паблізу вёсак раней прыводзілі да рэпрэсій з боку немцаў супраць вяскоўцаў, перш за ўсё мужчын. Падобны факт меў месца тры месяцы да таго каляднага дня, калі партызаны паблізу нашай вёскі застрэлілі двух заблудзіўшых на конях немцаў, што каштавала жыцця нашаму суседу Пятрусю Кунцэвічу.
Застаўся на ўсё жыццё ў памяці і дзень Уваскрашэння Хрыстовага — Пасхі, 15 красавіка 1944 году. Напярэдадні, у суботу, была такая ціш ў наваколлі, на зямлі і на небе, яе парушалі толькі галасы чаек і кулікоў з блізкага балота. Зямля, скінуўшы снежны покрыў, дыхала ап’яняючай свежасцю, выслабаненымі веснавымі сокамі. Ніхто не спадзяваўся, што вёску наведаюць немцы, іх з зімы тут не было. А яны выйшлі з суседняй вёскі Папоўцы і скіраваліся ў бок нашай. У цішы надвячоркам нават чулася іх гамонка. Хвілін праз дзесяць яны ўжо гуськом крочылі па вуліцы. Маці якраз паліла ў печы, каб спячы вялікодны пірог, засмажыць верашчаку з блінцамі, яйкі пафарбаваныя ўжо ляжалі ў глінянай місцы на паліцы. Зноў, як і перад Ражаством, ні бацька, ні я са старшым братам не сталі хавацца ў свае тайнікі, бо ніхто не адчуў, як было раней, трывогі, страху перад акупантамі.
Сёння вось і думаю: можа на нас сыйшоў і асяніў спакоем, зняў трывогу Дух Святы перад вялікім Хрыстовым Уваскрашэннем? Не задумваўся тады над тым, чаму мы не кінуліся ў свае схованкі ў той перадсвяточны надвячорак, хоць рабілі гэта шмат разоў пры наведванні вёскі акупантамі.
…Праз некалькі хвілін два немцы немаладога ўзросту, гадоў за сорак, зайшлі ў хату, паставілі без ваганняў вінтоўкі ў чалеснік, поруч з качэргамі і ўхватам, прыселі на лаве каля стала і закурылі свае цыгарэты, аб чымсьці ціха гергеталі, пазіраючы ў печ, дзе ярка пылалі бярозавыя дровы. Бацька быў у хаце, я стаяў крыху далей ад стала, але чуў, як адзін немец спытаў яго: «Парцізан ін доф іст?»
Бацька ўцяміў, што яго трывожыць, і адказаў коратка: «Няма парцізан, яны — у лесе». Немцы заківалі галавой у знак згоды. Пасядзеўшы яшчэ хвілін колькі, яны ўзялі з чалеснікаў вінтоўкі і выйшлі. Маці, паглядзеўшы на ікону на покуці, перахрысцілася і стала раскачваць на стале цеста пад пірог. Бацька пайшоў у хлеў даць карове сена. Яе трымалі ў схованцы, а даіць маці хадзіла з боку агароду, там у сцяне хлява быў за кустоўем лаз-праход.
Назаўтра раніцой жанчыны на вуліцы дзяліліся навінамі і ўсе, як адна, гаварылі, што немцы да іх заходзілі, але нічога не шукалі і не бралі, толькі прасілі даць курыных яек.
Дзень той Вялікодны прайшоў без якіх-небудзь прыгодаў, сям’я наша адзначыла яго святочным сняданкам. У вёску не заглядвалі болей ні немцы, ні партызаны. Толькі хлапчукі за вёскай знайшлі нямецкую гранату, а выйшаўшы на выган, паклалі яе ў касцёр і адбеглі. Выбуху не прагучала. Магчыма, граната была без дэтанатара. А можа і па якой іншай прычыне.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии