Мітрафан-асілак выйграў барыш

0

Вуліца Вечаркевіча — усходняя ўскраіна Слуцка. Далей, у бок прыгараднай вёскі Ячава, вядзе вузкая дарога з пешаходным мастком праз раку Случ. Да вайны тут быў аўтадарожны, на сваях, мост, але немцы яго пры адступленні ў 1944-м годзе спалілі. Пасля вайны мост аднавілі, а пазней ён згніў. На старых сваях скляпалі пешаходны.

Але гадоў як дваццаць таму камусьці з чыноўнікаў райвыканкама прыйшла задумка пракласці ад завода «Эмальпасуда», што па вуліцы Камсамольскай, насыпную, праз шырокі поплаў, дарогу ў абход вёскі Ячава, з выхадам на шашу, якая злучае 11-ы вайсковы гарадок з шашой-«варшаўкай» паблізу 9-й сярэдняй школы. І сталі ўзводзіць непадалёку ад пешаходнага маста капітальны жалезабетонны. Знайшліся і сродкі. Паспелі закалаціць у грунт 46 жалезабетонных сваяў, паверх пакласці 16 апорных плітаў. Даўжыня кожнай — 12 метраў, шырыня — 1,5 метра, вага не меней трох тонаў. Паклалі іх чамусьці завужанымі знізу бакамі на … цагліны. Нікога такая не надта надзейная «апора» не турбавала ў сэнсе тэхнікі бяспекі.
З распадам СССР сродкаў на аб’яздную дарогу і мост не стала — і аб’ект, як кажуць, «замарозілі».
Нядаўна праходзіў паблізу таго недабудаванага маста і звярнуў увагу на тры апорныя пліты, якія нехта скінуў на зямлю. У сустрэчнага мужчыны, які ійшоў да горада з боку вёскі Ячава, я спытаў, хто так пастараўся зрушыць, ці не кран прыганялі. Мужчына прыпыніў крок і на поўным сур’ёзе паведаў, як летам мінулага году з гэтага маста сігалі ў раку купальшчыкі. Сярод іх быў нехта Мітрафан (прозвішча яго запамятаваў), які не так даўно вярнуўся з калоніі, дзе адбываў тэрмін за нейкае злачынства. Ён таксама купаўся і паабяцаў хлопцам, якія загаралі паблізу, што за дзве бутэлькі гарэлкі скіне са сваяў тры пліты. Без чыёй-небудзь дапамогі. Маладыя людзі здзівіліся, але далі згоду. Мітрафан, узлезшы на мост, падчапіў калом пліту, паднатужыўся што ёсць сілы — і яна звалілася ў раку, за ёю — другая і трэцяя. Атрымаўшы барыш, Мітрафан-асілак пакрочыў у бок горада. Болей яго ніхто не бачыў.
На паследствы ягоных фізічных высілкаў па ліквідацыі незавершанай будоўлі ніхто ў горадзе не звярнуў увагі - быццам нічога і не адбылося.
Спрабаваў наводзіць даведкі ў некаторых былых кіраўнікоў раёна і спецыялізаваных дарожна-будаўнічых арганізацыях 80−90-х гадоў мінулага веку — што ім вядома з «радаслоўнай» закінутага маста. І ніхто не даў дакладных звестак, маўляў, шмат часу мінула.
Між тым, апорныя жалезабетонныя пліты маглі б спатрэбіцца для будаўніцтва новага маста праз канал паблізу вёскі Вялікі Быкоў, дзе нядаўна вайскоўцы з 307-й асобнай будаўніча-чыгуначнай брыгады здалі ў эксплуатацыю наплыўны мост. На тым месцы, дзе летась праз гнілы драўляны самазвалы вазілі з калгаса цукровыя буракі для Слуцкага цукроварафінаднага камбіната і адна машына правалілася ў ваду, пры гэтым загінуў шафёр. Наплыўны мост, вядома, дае гарантыю бяспекі руху. Але ён не раўня капітальнаму, на жалезабятоне. Тыя пліты каля Ячава маглі яшчэ б спатрэбіцца па прызначэнню.

Реклама

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии