Помнік воінскай славе

0

У памяць аб значных падзеях узводзяцца помнікі. У даўнейшыя часы былі імі пераважна храмы і мемарыяльныя капліцы. Першы, вядомы па пісьмовых крыніцах, храм-помнік у Слуцку паўстаў роўна пяцьсот гадоў таму. Ім стаў мураваны сабор Троіцкага манастыра.

Манастыр размяшчаўся непадалёку ад горада, на правым беразе ракі Случ. Цяпер гэта частка той тэрыторыі першага вайсковага гарадка, што нядаўна адыйшла да медвучылішча. На пачатку ХVІ стагоддзя, калі адбываліся напады на Случчыну крымскіх татар, манастырскія пабудовы падвяргаліся разбурэнням. Тады замест пацярпеўшай старадаўняй драўлянай і быў узведзены новы мураваны манастырскі храм.
Яго з’яўленне звязана з дзейнасцю слуцкай княгіні Анастасіі Іванаўны Алелькавіч. Пасля смерці мужа князя Сімяона яна кіравала абаронай горада ад татараў, а потым займалася адбудовай разбуранага горада. Па яе загаду перабудавалі замак, названы Верхнім. Побач з’явіўся другі замак, які назвалі Ніжнім. Аднаўляліся пасады па абодвух берагах Случы. Будаўнічым матэрыялам было дрэва. Адзінай мураванай пабудовай, з’яўленне якой пісьмовыя крыніцы адносяць да 1505 года, стала Троіцкая манастырская царква. Гэта сведчыла аб значнасці, што надавалася храму. Узводзіўся ён у гонар ласкі Божай за выратаванне краю ад захопнікаў, а таксама ў памяць аб загінуўшых воінах-абаронцах. Такім чынам, мы можам сказаць, што Троіцкі манастырскі сабор стаў першым у Слуцку помнікам воінскай славе і абаронцам Айчыны.
У пазнейшыя часы храм яшчэ не раз цярпеў ад ворагаў. Асабліва моцнымі сталі разбурэнні сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Для некаторых цяперашніх навукоўцаў гэта стала падставай сцвярджаць, што ўзведзены княгіняй Анастасіяй храм быў разбураны, а на яго месцы ў ХVІІІ стагоддзі пабудавалі новы.
Аднак з гэтым можна не пагадзіцца. Мы можам звярнуцца да слоў даследчыка Андрэя Сніткі, які на пачатку ХХ стагоддзя цікавіўся слуцкай старасвеччынай. Адносна звестак, што ў ХVІІ стагоддзі манастырскі храм быў знішчаны да шчэнту, ён гаварыў, што звесткі гэтыя, хутчэй за ўсё, не трэба разумець літаральна (адзначым, што да шчэнту храм быў разбураны ў ХХ стагоддзі, ды так, што і месца, дзе ён некалі стаяў можна вызначыць толькі прыблізна). Вядома апісанне манастыра за 1676 год, якое прыводзіць, што храм тады стаяў амаль адноўлены, вялася толькі рэстаўрацыя алтара. Калі ўлічыць, што ў Слуцку не было налажанай вытворчасці цэглы і сваіх падрыхтаваных муляраў, то наўрад ці можна было ў той час хуткімі тэмпамі вывесці новы будынак «з нуля». Верагодней за ўсё, што гэта быў адноўлены стары храм. На карысць прыведзенага меркавання служыць і той факт, што ў храмавым склепе да пачатку ХХ стагоддзя стаялі саркафагі з трунамі княгіні Марыі (жонкі вялікага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла, якая памерла ў 1660 годзе) і яе малалетняга сына. Наўрад ці змаглі б захавацца яны пры поўным разбурэнні храма ў 1655−1660-я гады.
Ваенныя падзеі, палітычныя, эканамічныя і іншыя прычыны прывялі да таго, што канчатковае аднаўленне манастырскага храма зацягнулася аж на 150 гадоў і было завершана напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, пры слуцкім архімандрыце Віктары Садкоўскім. Унутраную аддзелку і іканастас завяршылі ў 1805 годзе пры пераемніку Садкоўскага архімандрыце Іове Пацёмкіне. Тады сабор быў асвечаны, і ў ім распачаліся богаслужэнні.
Падчас канчатковай адбудовы храм набыў выразныя формы стылю барока. У яго архітэктуры спалучаліся традыцыйная для праваслаўя крыжова-купальная форма з характэрнай для касцёлаў двухвежавасцю галоўнага фасада. Над сяродкрыжжам узвышаўся магутны чацвярыковы барабан, пакрыты трох’ярусным купалам. Унутраную прастору арганізоўваў сяміярусны іканастас, які ў адпаведнасці з колькасцю прастолаў складаўся з трох частак. Галоўны алтар быў асвечаны ў гонар Святой Тройцы. Правы прыдзел прысвячаўся святой пакутніцы Кацярыне. Не было забыта праз шмат гадоў і прызначэнне храма, як помніка воінскай славе: левы прыдзел быў асвечаны ў гонар славутага абаронцы ўсходнеславянскіх земляў благавернага князя Аляксандра Неўскага. А на сцяне непадалёку ад алтара віселі зробленыя ў поўны рост і амаль у натуральную велічыню выявы княгіні Анастасіі і князя Сімяона Алелькавічаў.
У 1925 годзе Троіцкі манастыр быў закрыты, але храм дзейнічаў як прыходскі яшчэ пяць гадоў. Калі не стала храма — звесткі захаваліся супярэчлівыя. Найбольш верагодна, што канчаткова знік ён у хуткім часе пасля Айчыннай вайны, калі тут зноў пачаў аднаўляцца вайсковы гарадок. Цяпер адзіным напамінам пра той старадаўні манастыр і храм-помнік з’яўляецца ўсталяваны ў 1994 годзе памятны крыж. Пяцісотгоддзе з часу паспяховага адбіцця адной з самых моцных аблог слуцкага замка татарамі, якія не раз на пачатку ХVІ стагоддзя з’яўляліся пад сценамі Слуцка, і з’яўленне з гэтай нагоды храма-помніка абаронцам роднага краю з’яўляюцца нагодай для таго, каб успомніць і саму падзею, і абаронцаў, і старадаўні помнік.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии