На малюнках — гісторыя мястэчка

0

Як і іншых вяскоўцаў, жыхара мястэчка Пагост Салігорскага раёна Пятра Дубоўскага жыццё не вельмі песціць вольным часам. Але выбраўшы момант, Пётр Міхайлавіч, які любіць маляваць з дзяцінства, усе клопаты адкідвае ўбок і садзіцца за мальберт.

Звання мастака Пётр Дубоўскі не дабіваўся. Маляваў па жаданню сэрца. Аднойчы сваю, як лічыў, вельмі цікавую работу вырашыў паказаць спецыялістам мастацкай навучальнай установы. Тыя паглядзелі і загаманілі: «На карціне не шчаслівы калгасны лад, а нейкае прыгонніцкае жыццё. Не, мастаком табе не быць!» Але гэта яго не збянтэжыла. Маляваў сваіх аднавяскоўцаў, краявіды мястэчка. Сёння па гэтых малюнках можна, напрыклад, даведацца, якім было мясцовае наваколле да наступу меліярызацыі.
Многа малюнкаў на тэму вайны. Праз мястэчка ішла дарога на Любань. Не раз на гэтай дарозе ўзрываліся немцы на мінах, якія ставілі партызаны. Таму мясцовых жыхароў немцы застаўлялі дарогі баранаваць. Пры такім баранаванні на міне аднойчы ўзарваўся яго сусед. Выпадак так уразіў юнака, што ён занатаваў гэты момант на карціне. Карціна захавалася з тога ваеннага часу.
Пётр Міхайлавіч ніколі не выстаўляў і не прадаваў свае творы. Цяпер яны сталі своеасаблівай ілюстрацыяй гісторыі мястэчка Пагост.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии