Вобраз вясны і Перамогі

0

У Слуцкім цэнтральным скверы 22 верасня на ўжо зробленым постаменце быў устаноўлены помнік воінам-вызваліцелям Случчыны. Тэрміны работ ад эскізаў да бронзавай выявы склалі амаль 7 месяцаў.

Падчас усталявання помніка карэспандэнт «Кур'ера» звярнуўся да аднаго з аўтараў, скульптара Уладзіміра Церабуна. Ён расказаў: «Мы стварылі помнік удваіх з Аляксандрам Крахалёвым. Асноўны замысел вобразу зыходзіў ад яго. Рабіліся паасобныя эскізы, але быў зацверджаны яго варыянт. А я выступаў як кансультант і прымаў удзел на стадыі выканання работы ў матэрыяле».
Па словах Уладзіміра Церабуна, у аснове помніка абагульняючы вобраз салдата-пераможца. «За фігурай воіна можна бачыць і салдацкую накідку, якую раздзімае вецер, і сцяг, — сказаў ён. — Мы ўвогуле лічылі, што гэта можа быць і птушка Перамогі. Хацелася прыдаць вобразу больш паэтычнасці. Перамога — гэта заўсёды акрыленнасць чалавека. Таму гэтую кампазіцыю трэба ўспрымаць як умоўную».
У сакавіку бягучага года былі зацверджаны эскізы. Шмат часу пайшло на афармленне дакументацыі і яе ўзгадненне. Як адзначыў скульптар, на канкрэтную работу прыпадаў вельмі сціплы тэрмін. Усяго 40 дзён было адведзена для таго, каб прайсці этап ад гліны да бронзы.
Аляксандр Крахалёў і Уладзімір Церабун працавалі сумесна з архітэктарам Ірынай Лестнікавай. Разам з пастаментам помнік мае вышыню 7,4 метраў. Бронзавая фігура воіна-вызваліцеля разам з каркасам важыць 5 тон.
«Галоўнае для мастакоў, каб іх твор прыжыўся і стаў любімым у народзе», — лічыць Уладзімір Церабун. Падчас размовы з карэспандэнтам «Кур'ера» ён таксама выказаў падзяку Мікалаю Дамашкевічу, старшыні Мінскага аблвыканкама, які заўсёды з разуменнем адносіўся да творчых задумак аўтараў.

Реклама

Сяргей Багдашыч

Даведка «Кур'ера»
Сумесная творчая праца Аляксандра Крахалёва і Уладзіміра Церабуна працягваецца ўжо тры гады. Найбольш значныя поспехі апошніх гадоў - шэраг работ у бронзе і камні ў Смаргоні, якія былі зроблены да 500-годдзя горада (2003г); помнік супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, (г.Гродна, 2004г).

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии