Паніцкі бой

0

Даўно выношваў задумку наведацца ў вёску Панічы, дзе 5 верасня 1943 года 101-я партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага начале са сваім камандзірам Дзмітрыем Цімафеевічам Гуляевым правяла жорсткі бой з буйным атрадам Старобінскай паліцыі, якім камандаваў яе начальнік, вядомы ў наваколлі крывавы кат, Логвін Далматовіч. У тым баі Дзмітрый Гуляеў загінуў, праследуючы адыходзіўшага ворага, і яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Хацелася сустрэцца са старажыхарамі вёскі, сведкамі таго бою. Даведаўся, што такіх там усяго тры — жанчыны, якім за семдзесят гадоў, з мужчын іх узросту — ніводнага. Раненька, першым рэйсам аўтобуса Слуцк-Калінаўка, даехаў да павароткі на вёску Ісерна і пайшоў пешша па сыпучай, усыпанай дробнымі булыжнікамі, гравельцы, пракладзенай праз колішняе балота. Адмераўшы чатыры кіламетры з гакам, быў у вёсачцы — з ціхай, густа зарослай прысадамі, бязлюднай вуліцай і рэдкімі абжытымі сядзібамі. Сустрэчны мужчына паказаў на хаты, дзе пражываюць сведкі бою
Крыху пра статус сённяшняй вёскі. У ёй засталося ўсяго адзінаццаць жылых дамоў (перад вайной было 60), у якіх пражывае 17 чалавек, з іх восем у працаздольным узросце. Ніхто з іх ужо не трымае на падворку каровы.
…Першая сустрэча была з 87-гадовай Вольгай Рыгораўнай Васілеўскай. Яна жыве з прыемнай дачкой Машай. Яе ў трохгадавалым узросце Васілеўскія, не меўшы сваіх дзяцей, узялі за прыемную дачку, і цяпер яна, яшчэ не пенсіянерка, даглядае матчыну старасць.
Што бабуля памятае аб тым жахлівым дні?
— Бяда прыйшла за тыдзень да бою, таксама ў нядзельку. Наехала поўна паліцманаў у чорнай форме, і Логвін быў з імі. Яны падпалілі пяць хатаў, людзі сталі выбягаць на вуліцу, бо апасаліся, што агонь зойме ўсю вёску. Тады паліцаі загадалі браць вёдры з вадою і заліваць стрэхі хатаў, што былі паблізу ад гарэўшых, то, дзякаваць Богу, агонь далей не пайшоў. І я хадзіла з вядром і чула зняважлівыя словы ў мой бок ад таго Логвіна.
У нядзельку 5 верасня за вёскай раненька на загуменнях усчалася страляніна, засвісталі кулі, і я з суседкай, Зінай Стрыгельскай, пабеглі праз балота ў бок вёскі Ісерна: там у нас былі сваякі. А за нашымі спінамі над вёскай узнімалася сцяна дыму і агню. Назаўтра вярнуліся ў свае Панічы на папялішчы. Паўсюль дагаралі галавешкі.
Са свёкрам перавезлі з вёскі Валаты (там жыла мая маці) старую варывеньку, сабралі з яе хацінку. Я насабірала па дварах абмалочаных снапоў і накрыла яе. Толькі пасля вайны, калі вярнуўся з Германіі муж (танкістам ваяваў), мы ў лесе выразалі бярвене і пабудавалі гэту хату. Ён памёр у 70 гадоў, то дажываю век з дачкой, дай Бог ёй здароўя.
Наступная сустрэча — з Зінаідай Фёдараўнай Стрыгельскай. У свае 83 гады яна абрадавала на дзіва добрай памяццю на мінулае, здаровым вясковым аптымізмам, хоць зведала адна (з мужам развяліся яшчэ перад вайной) нямала ўсялякіх нягод і цяжкай працы ў калгасе.

Реклама

— Зінаіда Фёдараўна, што паслужыла повадам для паліцаяў за тыдзень да таго бою спаліць пяць хатаў вяскоўцаў? Можа гэта былі партызанскія сем'і?
— Казалі тады, што Логвін убачыў, як з адной хаты выбег партызан ці мо іх сувязны, ускочыў на каня, што стаяў у двары, і паімчаў да блізкага лесу. Пасля гэтага Логвін зайшоў у адну хату, дзе палілася ў печы, дастаў галавешку і, выйшаўшы ў двор, сунуў яе пад саламяную страху. Тое самае зрабіў яшчэ з чатырма хатамі. І прагразіў людзям: калі ў наступную нядзелю прыеду сюды і застану хоць аднаго партызана тут ці паблізу, сабяру ўсіх вас у гумно і спалю жыўцом. Зарубіце гэта сабе на носе.
І трэба ж было яму, гаду, у нядзельку 5 верасня зноў са сваёй чорнай хеўрай быць тут. Людзі толькі што выгналі на пашу кароў і авечак, як за вёскай усчалася страшная страляніна. Мы ведалі, што партызаны тут начавалі. Стала мне страшна, калі кулі пачалі біць шыбы ў вокнах і секчы сцены. Схапіла аберуч двухмесячную дачушку і хутчэй на вуліцу, а там насустрач бяжыць суседка Волька Васілеўская. Кулі ціўкаюць над нашымі галовамі, а ад запальваючых загарэліся стрэхі на некалькіх хатах. Мы бяжком агародамі далей ад бяды, па балоце дайшлі да вёскі Ісерна, там у сваякоў пераначавалі. А калі вярнуліся назад, то жахнуліся ад убачанага: на месцы хатаў дымелі галавешкі і тырчэлі пачарнелыя каміны. Бачу сваю маці, яна сядзіць каля папялішча і плача.

— Зінаіда Фёдараўна, а ці былі немцы разам з паліцаямі ў тым баі?
— Ніводнага, ні ў той дзень, ні ў першы прыезд Логвіна. І ніхто з вяскоўцаў не бачыў, яны рэдка калі заходзілі ў Панічы.

— Ці былі ахвяры сярод вяскоўцаў?
— Цяжка параніла Алеся Гавіна, ён небарака ў той дзень і памёр. А Аляксандра Варабей атрымала моцныя апёкі, пакуль выбіралася з хаты. То доўга лячылася і ў Слуцкай бальніцы, і дома, але выжыла. Вядома ж, большасць людзей хавалася ад куль у паграбох, у разорах. Усе мы тады зразумелі, што нас, пагарэльцаў, чакае галодная і халодная зіма, бо пагарэлі ўсе гумны са збажыною, сенам, саломай, нават бульба, хто паспеў выкапаць і засыпаць у варыўню. Авечы статак у сполаху ад страляніны збег у лес, то ноччу гання ваўкоў перагрызла ўсім да адной горла. Каровы, дзякаваць Богу, ацалелі, хоць і не ўсе.

— А хаты ўсе згарэлі ці нешта засталося?
— Тры хаты агонь абмінуў. То мы з сястрой Нінай Бахановіч выкапалі зямлянку, абклалі яе барвенцамі, прысыпалі зямлёю, зляпілі з гліны і цэглы печку-грубку і зімавалі ў ёй.
Жабравалі мы з сястрой па бліжэйшых вёсках, збіралі па снапку жыта ці ячменю, хто колькі дасць. Прыносілі на сабе на посцілцы, пранікам абмалочвалі, а зерне малолі ў жорнах, каб які блінец спячы. А хата Міхала Мароза, што ацалела, зімой была прытулкам для тых, хто не паспеў выкапаць зямлянкі. То на падлозе покатам ляжалі жанчыны, старыя, дзеці. Вошы апанавалі ўсіх, бо памыцца не было дзе. Нагаравалася, мой чалавеча, на поўную завязку.
На развітанне Зінаіда Фёдараўна правяла мяне ў канец вуліцы да таго месца, дзе стаіць гранітны абеліск на месцы гібелі Дзмітрыя Гуляева. І паказала старую ліпу паблізу, каля якой скасіла яго варожая куля.
У пошуку сведак бою з ліку былых партызанаў дапамог мне старшыня Ісернскага сельсавета Сцяпан Міхайлавіч Снапкоў. Ён параіў пазваніць у вёску Гуляева (былыя Каты) Дзмітрыю Уладзіміравічу Горбачу. Ён з родным братам Іванам, з бацькамі ў верасні 1943 года сталі байцамі партызанскага атрада імя 14-ці Слуцкіх партызан. Вось што ён паведаў:
— Пра Паніцкі бой мне расказвалі знаёмыя партызаны з брыгады імя Аляксандра Неўскага і карціна складвалася такая: Дзмітрый Гуляеў меў намер разграміць паліцэйскі гарнізон у Пагосце. Аднак сувязныя паспелі папярэдзіць яго, што Логвін атрадам паліцаяў збіраецца атакаваць яго брыгаду ў Панічах. Гуляеў чакаў нападу і рыхтаваўся да бою. Але Логвін пайшоў на Панічы не з Пагоста, як раней, а з усходу — з боку вёскі Замошша. Разлік быў на нечаканасць.
Стральба ішла ледзь не ў кожным двары, сярод пылаючых хатаў. Партызаны страцілі забітымі пяць чалавек, у тым ліку і свайго камбрыга. Паліцаі панеслі большыя страты — 14 чалавек забітымі і не меней дзясятка параненымі, іх трупы паніцкія мужчыны па загаду Логвіна на павозках адвозілі ў Пагост.

Сцяпан МІхайлавіч Снапкоў назваў прозвішчы загінуўшых партызанаў, якія пахаваны на вясковых могілках:
Рыгор Балошка, радавы, 1924 г. н.
Мікалай Казак, радавы, 1925 г. н.
Сабір Сабітаў, радавы, 1916 г. н.
Іван Крышталь, начальнік штаба брыгады, 1921 г. н.
Дзмітрый Гуляеў, камбрыг, 1915 г. н.
Апошняга пасля вайны перахавалі ў гарадскім пасёлку Старобін, дзе і пастаўлены помнік.

І апошняе — чым закончыўся крывавы след фашысцкага пасобніка Логвіна Далматовіча. Як сведчыць кніга «Памяць» Салігорскага раёна, 10 снежня 1943 года два атрады з партызанскіх брыгадаў імя Сталіна і імя Пархоменкі сумесна з атрадам 12-й кавалерыйскай брыгады акружылі атрад паліцэйскіх са Старобінскага гарнізона ў трохкутніку паміж вёскамі Заўшыцы-Астраўное-Крывічы, адрэзаўшы ім адыход у бок Старобіна і Слуцка, і у жорсткам бою разграмілі яго. Логвін Далматовіч адстрэльваўся да канца бою і апошнюю кулю з пісталета пусціў у сябе. Ягоны раздзеты да ніжняй бялізны труп, прывязаны вяроўкай да сядла, конь цягаў па вуліцы вёскі Крывічы, каб людзі маглі пераканацца, што гэта той самы Логвін, які наводзіў жах на мірных жыхароў, дзясяткі іх растраляў - жанчын, мужчын, дзяцей.
Такі быў разлік за той Паніцкі бой.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии