Рэтрашпацыр з Вялікімі па Слуцку

0

Разам з Аляксандрам І
Расійскі імператар Аляксандр І наведаў Слуцк на пачатку восені 1825 года, кіруючы па шляху з Пецярбурга на поўдзень. Для жыхароў места гэта была падзея незвычайная. Пагода, як на заказ, стаяла добрая. У Слуцк уязджаў імператар на зыходзе дня, пад гул званоў усіх гарадскіх храмаў.

Незадоўга перад тым цар памірыўся са сваёй жонкай, адносіны з якой былі дрэннымі на працягу доўгага часу. Цяпер Лізавета Аляксееўна хварэла, і дактары раілі ёй палепшыць здароў'е на поўдні. Каб падрыхтаваць месца адпачынку, Аляксандр выехаў раней. Адпачынак, дарэчы, быў патрэбен і яму. Цар стаміўся ад прыдворных разборак і палітычных інтрыг, адыйшоў ад ідэй прагрэсіўнага пераўтварэння расійскага жыцця, якімі цешыўся на пачатку царавання, махнуў рукою на весткі аб пагрозе змоўшчыкаў супраць яго жыцця. Усё больш абцяжарвала сумленне памяць пра бацьку, Паўлу І, які быў забіты падчас палацавага перавароту, і ў выніку якога царом стаў ён.
На начлег імператар спыніўся ў доме, дзе жыў начальнік расквартараванага ў горадзе ўланскага палка. Назаўтра зранку Аляксандр са світай ад- правіўся на літургію ў царкву Троіцкага манастыра. У храме цар звярнуў асаблівую ўвагу на іканастас, зроблены па замове і на сродкі яго бабкі Кацярыны ІІ. На працягу ўсяго часу прыбывання ў горадзе імператара суправаджаў слуцкі маршалак (прадвадзіцель дваранства) Непакайчыцкі.
Тая царская паездка на поўдзень, як вядома, скончылася нечакана. У час вандроўкі ў Крым імператар прастудзіўся і на Азоўскім моры, у Таганрозе, памёр.
Пасля гэтага па Расіі пайшоў слух, што з Таганрога ў Пецярбург на самой справе прывезлі і пахавалі не цара, а падобнага на яго забітага шпіцрутенамі салдата. А сам Аляксандр І пад выглядам не вядомага нікому старца Фёдара Кузьміча пайшоў вандраваць па Расіі і ўрэшце апынуўся ў Сібіры, дзе памёр праз шмат гадоў.

Реклама

Разам з Мікалаем І
У Мікалая І былі два старэйшыя браты Аляксандр і Канстанцін, таму стаць рускім царом ён не разлічваў. На трон яго нечакана вынеслі снежаньскія па- дзеі 1825 года. Выхаваны ў традыцыях прускай муштры і навучыўшыся камандаваць толькі палкамі, ён і ў краіне ўводзіў казарменную дысцыпліну. Нездарма празвалі яго Мікалай Палкін.
Адной з праблем, што дасталася ў спадчыну і хвалявала цара, з’яўлялася «Польскае пытанне». Да 1846 года было завершана будаўніцтва дарогі Масква-Варшава, якая праходзіла праз Слуцк. У тым жа 1846 годзе імператар паехаў па новай магістралі на захад.
Расія мела саюз з Прусіяй і Аўстрыяй, у якім Мікалай аддаваў перавагу апошняй. Цяпер ён ехаў у Варшаву, каб вырашыць пытанне перадачы Аўстрыі старажытнай польскай сталіцы Кракава. У Слуцк цар прыехаў пад вечар, спыніўся, каб пераначаваць, і раніцай рушыў далей. Ніякіх запамінальных падзей прысутнасць Мікалая І у горадзе не прынесла.

Семінарскі юбілей
Сёлета спаўняецца 120 гадоў з часу заснавання Мінскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якая знаходзіцца ва Успенскім манастыры ў Жыровічах, што непадалёку ад Слоніма. А распачала яна сваю дзейнасць 15 верасня 1785 года ў Слуцку.
З’яўленне ўстановы, якая спачатку называлася Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя, звязана з імям слуцкага архімандрыта (кіраўніка слуцкага Троіцкага манастыра) Віктара Садкоўскага. Вучэбныя класы размяшчаліся ў трапезнай горніцы гарадскога Праабражэнскага манастыра.
З 1793 года, пасля арганізацыі Мінскай епархіі, кіраўніком якой у чыне архіепіскапа стаў Віктар Садкоўскі, установа атрымала назву Мінская духоўная семінарыя. З горада яна была пераведзена на прадмесце Трайчаны. Пад вучэбныя класы спачатку выкарыстоўваўся стары драўляны корпус у Троіцкім манастыры. Пазней з’явіліся свае вучэбныя карпусы па-за межамі манастыра. Да навучальнай установы прыпісалі стаяўшую непадалёку Стэфанаўскую царкву, якая некалі была прыходскай.
У 1840 годзе семінарыю са Слуцка перавялі ў Мінск, дзе яна дзейнічала да 1918 года, а потым была закрыта. Дзейнасць аднавілася ў 1945−1947 гадах пры Жыровіцкім Успенскім манастыры, але ў 1963 годзе яе зноў закрылі. Там у 1989 годзе была адноўлена, а ў 1991 ператворана з сярэдняй у вышэйшую навучальную ўстанову Беларускай праваслаўнай царквы.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии