Сяргей Квіткевіч. Нільскі вандроўнік

0

Знаёмцеся, дэбютант «Творчага завулка», аўтар гумарыстычнай нізкі вершаў, Сяргей Квіткевіч. Яму 42 гады, жыве і працуе ў Любані. Ён прафесійны журналіст, уласны карэспандэнт газеты «Мінская праўда» і прадстаўнік яе карпункту ў нашым раёне.

У нашу рэчку прыплыў кракадзіл
Ніне Маеўскай

Реклама

Я сядзеў ля маста праз Арэсу,
Снасць закідваў у хуткі паток.
Не клявала нічога — хоць трэсні!
Нават ёрш не таркаў паплавок!

Прэлі ногі ў гумавых ботах,
Грызлі рукі і твар камары…
Карацей, не рыбалка — нудота.
Хоць памры ад такой. Хоць памры!

І калі ўжо рашыў я — фініта,
Ды манаткі ўжо ўзяўся збіраць,
Заскакаў паплавок мой, нібыта
Яму пяткі хто стаў казытаць.

Я аберуч схапіўся за вуду,
Паднапяўся і… Вось дык улоў:
Кракадзіл, зелянюткі прыблуда,
З-пад вады сігануў стрымгалоў!

Ну хіба-та хлусіць я вам буду?!
Кракадзіл! Кракадзіл, каб ён здох!
Аж прысеў я тады з перапуду
Ды як гаркнуў яму:
— Хэндэ хох!

Але той тупацеў толькі злосна
Ды крычаў:
— Што ж ты робіш, байструк?!
Ты ў губу маю так, што аж млосна,
Засадзіў ідыёцкі свой крук!
Адчапі мяне мігам, латруга!
Адчапі мяне мігам, бязмен!
А не то адлупцую папругай
Ці наогул от тут прама з’ем!

Ён зубамі скрыпеў утрапёна,
Ён хрыпеў, ён шчанём скавытаў,
Ён адборныя сыпаў праклёны,
Але кідацца ў бойку не стаў.

Я тады асмялеў паступова.
— Пачакай, — гавару, — не крычы.
Адчаплю, але толькі ж умова:
Ты канечнасць маю не схарчы.

І палез у ягоную пашчу
Ды сцізорыкам выдлубаў крук,
Каб заморскага госця ўлашчыць,
Каб пазбавіць ад болю і мук.

— Вэры гуд! — 
Ацаніў ён работу.
— Не патрэбны цяпер і ўрачы.
Я ж стаяў, усміхаўся і ўпотай
За зялёнай істотай сачыў.
Нехлямажы і страшны на дзіва:
Раз убачыш — і схопіш інсульт!
— Хто ж ты будзеш? — 
Пытаю пачціва.
— Ды куды ты вандруеш і скуль?

Ужо сонца спусцілася нізка
Па нябачных драбінах нябёс…
Уздыхнуў ён і буркнуў:
— Я — нільскі…
Ды пачухаў у роспачы нос.

— Ну дае-е-еш! — 
Я аж вылупіў вочы.
— Як жа змог ты дабрацца да нас?!
Гэта ж тысяча міль, галубочак!..
Той усхліпнуў ды кажа ў адказ:

— Лепшы сябар хрысціў сваю доню.
Так гулялі - ляцеў ажно пыл!
Куды потым паплыў - я не помню.
Помню толькі, што некуды плыў…

Я з-за вуха дастаў недакурак,
Даў яму:
— Супакойся, браток.
Ён узяў, засмаліў і панура
Апусціўся на цёплы грудок.

Без жытла, без капейкі, без візы.
Эмігрант-нелегал, каб ён спрах!
Ад такіх непрыемных сюрпрызаў
Не ўратуе ні пол, ні дзяржстрах…

Я прынёс яму карту і компас,
Правіянту вузельчык прынёс.
— Што ж я… Сэнк’ю… — 
Дрыжаў яго голас,
І павекі блішчалі ад слёз.

Ён казаў:
— Не забуду ніколі!
Ды сардэчна мне ціснуў далонь.
І ўжо потым разбегся павольна
І нырнуў у халодную тонь.

І паплыў па рацэ, як тарпеда,
Ды і кануў у шэрай глушы…
Я махаў яму ўслед і не ведаў,
Ад чаго такі сум на душы.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии