Казка майго дзяцінства

0

Я не люблю вяртацца ў сваю вёску. Не таму, што не люблю вёскі ці цяжкай працы на зямлі. Проста цяпер той вёскі, якая была ў часы дзяцінства, даўно ўжо няма. Ёсць гарадскі ўрбанізаваны пасёлак з буйнымі магазінамі, са сваім невялікім міні-рынкам. І часамі здаецца, што тая вёска мне прыснілася, ці гэта я са сваёй буйной фантазіяй прыдумала тую казачную вёску свайго дзяцінства. Калі б не ўспаміны маіх братоў, сяброў і сябровак, ды і свае таксама.

Памятаецца, як тады, у далёкім-далёкім дзяцінстве, блукалі мы па балоце і збіралі на ім увесну першыя кветкі лотаці, хадзілі ў Калінку (так называўся наш невялікі лясок) і прыносілі маладыя саджанцы бяроз, ліп, рабіны, каб пасадзіць свае прысады каля дома. Цяпер ад тых прысад засталася толькі адна груша. А ўлетку луг расцвітаў ўсімі колерамі кветак, па рачулцы плылі гарлачыкі, віднелася рыба, якая кудысьці плыла, і мы па нашай дзіцячай наіўнасці спрабавалі злавіць яе рукамі. А над нашай Калінкай ляталі чародамі дзікія гусі, качкі, буслы.
Магчыма, нашы бацькі нешта прадчувалі, калі падымалі зусім рана, раніцой выводзілі на вуліцу і паказвалі, як у Калінку пабег лось, ліс, дзік ці шэры заяц, бо пасля выразалі палову Калінкі, каб аддаць тэрыторыю пад калгасныя палі.
Чалавеку заўсёды патрэбна многа, ён заўсёды да нечага імкнецца, нешта знаходзіць, забываючы часам, што парушае гармонію прыроды. Зараз у Калінцы можна ўбачыць толькі дзікіх качак. Праўда, дзесяць гадоў назад, калі мы блукалі па ляску, збіраючы маліны, то раптам напароліся на маленькае здохлае ваўчаня. Але гэта было даўно. Як даўно і модна было асушаць балоты. Вось і наша балота, з якога мы прыносілі ў дзяцінстве поўныя кошыкі грыбоў-шампіньонаў, таксама асушылі і замест балота выкапалі невялікі вадаём, які і атрымаў у народзе назву Копанка і так завецца і да гэтых часоў. Але цяпер вада ў ім брудная, а тады была празрыстая, сцюдзёная, і мы амаль цэлымі днямі ў часы летніх канікул прападалі на вадаёме. Якім дзівосным, казачным дзіцячым сном гэта было! Можа і сапраўды гэта мая фантазія?
Нядаўна, калі я чытала сваёй дачушцы казку пра балота, на якім жыве чорт, яна нечакана спытала: «Мама, а што такое балота?» І мне раптам стала нялёгка на душы: я яшчэ магу паказаць ёй рачулку, якая цяпер звузела, Копанку, хоць і брудную, яе таксама магу паказаць, мы можам схадзіць у Калінку, але мая дачка вырасце, і ўжо яе дачка запытаецца: «А што такое рачулка?» — ёй, можа, ужо не будзе чаго паказаць.

Реклама

Вясковая элегія
А дзікай ружы пах
І пах жасміну
Ізноў мяне дурманяць,
У далёкае дзяцінства
Вяртае памяць.

У прысадах цяністых гамоніць,
Шапаціць, спявае ветрык,
І зіхацяць ўсімі колерамі лета
На нашым лузе кветкі.

Калоссем спелым налілося жыта,
Крычыць у жыце перапёлка,
Зязюля ў прысадах на бярозцы
Кукуе пражыць мне колькі.

Хавае мой сакрэт зялёная бярозка,
З якой увесну плакалі мы:
Адна — сокам бярозавым,
Другая — кахання першымі слязьмі.
Паважна па балотцы бусел ходзіць,
Чуцён у рачулцы рыбы плёскат,
Пабёг у свой лясок, далей ад нашых воч,
Буйны рагаты лось.

Віднеецца лясочак за балотцам,
Дзе качкі і гусі дзікія
Збіраюцца ў свае чародкі,
І чуецца над вёскай чаек крык.

Няма цяпер маёй бярозкі,
Бо ўсе прысады высечаны,
За імі ўжо не калосіцца жыта,
І сіні васілёк тут рэдкі госць.

Даўно балота высушана,
Даўно лясок наш выразаны,
Даўно і мы ўжо выраслі,
І родны кут, як птушкі, мы пакінулі.

Ужо колькі год
Расце, будуецца пасёлак.
А дзікай ружы пах,
Жасміну водар
Ізноў напомніў
Майго маленства вёску.

Алена Назарава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии