Вярнулі кірмашу былое гучанне

0

На гэты раз гарадскі рынак парадаваў сэрца не столькі багатым россыпам памідораў на сталах і ў шапіках, горкамі завезеных здалёку кавуноў, дыняў, вінаграду і іншай смачняцінай, а новай, яркай і кідкай шыльдай над уездам сюды з боку вуліцы Леніна, у двух «вымярэннях», у беларускамоўным варыянце — «Слуцкі кірмаш».

Чаму гэтая навіна парадавала? Бо на працягу ўсіх пасляваенных гадоў тут тырчэлі дзве рускамоўныя шыльды — «Слуцкий рынок», што, вядома, здзіўляла гасцей з Расіі і Украіны, якія прывозяць сюды свой тавар на продаж. Яны гаварылі: «Куды ж мы трапілі - у Разань ці ў Беларусь?» І вось, дзякуючы высілкам дырэктара кірмашу Уладзіміра Сцяпанавіча Міхалкі, мінская фірма «Бялмятыз» (дырэктар яе, між іншым, случчанін родам) вырабіла новую шыльду, якая, несумненна, парадуе і гасцей «Дажынак-2005». Праўда, нехта з гарадскіх чыноўнікаў выказваў думку, быццам слова кірмаш не пасуе, варта, маўляў, было назваць «Слуцкая ярмарка». Але і галоўны архітэктар раёна ўхваліла прапанову Уладзіміра Сцяпанавіча Міхалкі.

Реклама

Як тут не нагадаць вядомы са школьных гадоў верш беларускага паэта Кандрата Крапівы:

Ехаў дзедка на кірмаш,
З ім на возе і бабка,
Конік з выгляду — дарма,
А цягнуў ён слаба.

Як бачна, у кірмаша даўнія гістарычныя карані.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии