Германія вачыма беларуса. Заканчэнне

0
Реклама

Руская Таня
Сустрэць рускамоўных з былога Саюза ў Германіі сёння не дзіва. Толькі былых савецкіх немцаў арганізавана выехала болей за 7,5 мільёнаў чалавек. Адзін Берлін даў прытулак 200 тысячам рускамоўных.

У горадзе Рэгенсбургу сваіх землякоў сустрэць таксама магчыма. У Міжнароднай школе нямецкай мовы сустрэлася Таня, былая жыхарка Валгаграда. Па тэлефоне атрымалася першае знаёмства. «Калі ласка, прыязджайце», — пачулі Таніна запрашэнне.
Мы пакінулі горад сонечным днём, аўто імчыць нас у бок Чэхіі. Большасць палетак убраная. Толькі кукуруза на зерне шамаціць пажоўклым лісцем ды зрэдку сустракаецца яшчэ не ўбраны хмель. Сярод поля невялікія купкі кустоў. Адразу просіцца пытанне: чаму кусты не ўбіраюць, каб павялічыць палі. Аказваецца, забаронена законам. Тэрыторыя прызначана паркавай зонай.
Вёска, у якой жыве Таня, невялічкая. Мясцовыя людзі працуюць хто ў лесе, а хто на зямлі. Большасць жанчын нідзе не працуе, вядзе дамашнюю гаспадарку.
Вароты ў двор расчынены. Там двухпавярховы дом, вакол якога стаіць хвойны лес. Пры доме больш за гектар тэрыторыі абнесены металічнай сеткай. Таня чакае нас ля расчыненых дзвярэй дома. Каля ног па долу поўзае хлапчук, якому крыху больш аднаго года.
Мяне цікавіць пытанне: як жывецца жанчынам, якія выходзяць замуж у далёкае замежжа? Але чытачам, мяркую, цікава будзе ведаць, як Таня трапіла ў Германію.
Як усе дзяўчаты, Таня марыла, што закончыць медыцынскі інстытут, сустрэне свайго «прынца» і будзе шчасліва жыць-пажываць. Працаваць пасля інстытута стала ў вёсцы. «Прынц» хутка зрабіўся простым п’яніцам. Таня зразумела, што такое шчасце не для яе. Прыехаўшы ў абласны горад, зрабіла заяўку ў бюро знаёмстваў. Праз месяц ёй патэлефанавалі: адазваўся на вашу аб’яву немец, псіхатэрапеўт. На першае спатканне паехала ў Польшчу з электронным перакладчыкам, бо не ведала ні нямецкай, ні англійскай мовы. Праз шэсць месяцаў Таня зноў ехала ў замежжа да свайго «прынца» — ужо па візе «нявесты». За гэты час «прынц» пакінуў працу доктара ў Рэгенсбургу, адкрыў сваю медыцынскую практыку на вёсцы за 50 км ад горада, узяў крэдыт 300 тысяч еўра і купіў для будучай жонкі двухпавярховы «церам».
Пачалося новае жыццё. З ранку муж адвозіў Таню ў горад, дзе яна вучылася ў аўташколе, пасля поўдзеня вёз у Міжнародную школу нямецкай мовы. Уся адукацыя платная. За год навучання ў школе нямецкай мовы «прынцу» прыйшлося заплаціць пяць з паловай тысяч еўра.
«Ад мяне патрабавалася вялікая мужнасць, каб не кінуцца ў адчай. У аўташколе спачатку я зусім не разумела інструктара, — расказвае Таня. — Але экзамены на вадзіцеля аўто я здала з другога разу. Праз тыдзень зляцела з дарогі і ўрэзалася ў слуп. Машына „Вольва“ пайшла ў металазлом. Назаўтра муж купіў новую, шыкоўную, з вялікім багажнікам».
Муж у Тані не толькі доктар, але яшчэ і вялікі мастак. Размаляваная падлога, на агародзе стаяць мармуровыя калоны. Здзівіў вялікі камень. Калісьці ён быў мяккі. На яго селі, з чаго і атрымаўся адпаведны адбітак. Калі камень зацвярдзеў, яго прыладзілі пад фантан. І цяпер з сакраментнага месца журчыць вада. Вось такая атрымалася скульптура ў руках Танінага мужа. На агародзе растуць белыя грыбы, бо ўвесь агарод — гэта гаёвы лес.
За абедам Таня расказала: «Пасля таго, як разышлася са сваім рускім п’яніцам, на вёсцы я стала ні дзеўка, ні баба. А мне так хацелася мець добрую сям’ю. Ды адкуль ёй узяцца. На вёсцы адны старыя, а маладыя — пасмейваліся. Сёння сама дзіўлюся сваёй мужнасці. А новым жыццём задаволена.
Самая вялікая цяжкасць была ў няведанні мовы. Другая цяжкасць — гэта звычаі. Не магу, напрыклад, пайсці да суседкі папрасіць солі ці проста пагутарыць. Хоць яна, суседка, як і я, увесь дзень дома, на працу не ходзіць. Тут наогул жанчыны працуюць рэдка. У асноўным усе дамашнія гаспадыні. Хутка я буду працаваць доктарам. Толькі трэба падрасціць сына. Ды яшчэ хачу мець дачушку».
Я глядзеў на яе і таксама дзівіўся. У тым, што яна даб’ецца свайго, зусім не сумняваўся. Скрэбла другая думка: чаму такія жанчыны пакідаюць Радзіму? Нарадзіць бы ёй васільковавочых беларусаў, дык не…
Пасля гутаркі Таня адвезла нас у суседнюю вёску, дзе на гары стаіць старажытны замак. Там, на вяршыні, я сфатаграфаваў рускую Таню з хлопчыкам на руках.
Калі вярнуўся ў Беларусь, даведаўся, што Таня са сваім нямецкім мужам чакаюць другое дзіцё.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.