Германія вачыма беларуса. Працяг

0

Фермер — аснова сельскай гаспадаркі
Мяне цікавіла сельская гаспадарка Германіі. Калісьці лічыў сябе спецыялістам калгаснага ладу жыцця. Ды ці мала яшчэ ў Беларусі, хто лічыць сябе такім? З гэтай мэтай мне былі арганізаваны дзве сустрэчы ў фермерскіх гаспадарках.

Сонечны дзень. Заязджаем у горадзе за спадарыняй Марцін, дачкою фермера Іосіфа Цыммерэр. Марцін жыве ў Рэгенсбургу, працуе інструктарам у аўташколе.
Ферма знаходзіцца ў цэнтры пасёлка. Вядома, ад горада да вёскі - асфальт, як і па самой вёсцы. У пасёлку ўздоўж дарогі - тратуары са штучнай пліткі, як у Салігорску на цэнтральнай плошчы.
Двухпавярховы дом Іосіфа весь у кветках. Злева высокае драўлянае гумно — гэта склад з зернем. Памятаю, нешта падобнае было ў бацькавай гаспадарцы, але яго пасля вайны раскідалі, каб перавезці на калгасны двор, ды так там і не сабралі. У гумне з аднаго боку сусекі з цюкаваным сенам. З другога — кароўнік. Дзверы расчынены. На гаспадарцы няма нікога.
Дзверы ў жылы дом таксама не замкнуты. Марцін зайшла ў дом — бацькі не было.
Неўзабаве з боку агарода ў двор заехала аўтамашына «Форд». З яе выйшла гаспадыня, папрасіла прабачэння, што не сустрэла. Там, на полі, недалёка ад паселішча, ідзе адгрузка цукровых буракоў.
Я ўжо ведаў, што гаспадыні больш за 50 гадоў, але выглядала яна значна маладзейшай. І зусім не была падобнай на нашу даярку. Хутка пад’ехаў і гаспадар. З ім быў маленькі ўнучак — будучы фермер. Ён хадзіў за дзедам неразлучна. У гаспадарцы дапамагаў сын, які сёння паехаў здаваць экзамен на права кіравання фермай.
Гаспадарка Іосіфа мае 80 га пашы і яшчэ 50 га лугоў у пойме ракі Дунай, дзе зямлю араць забаронена. На ферме ўтрымліваецца 35 дойных кароў, 30−35 малых цялят і быкоў на адкорме. Адна карова дае ў год не меней 6 тысяч літраў малака. Адзін раз у дзень прыязджае прадстаўнік малочнага завода і забірае малако. Быкоў адкормліваюць 18 месяцаў да вагі 700−750 кг і прадаюць па 3 еўра за 1 кг жывой вагі. Адна карова за год прыносіць 2−2,5 тысячы еўра за малако. Гаспадар паскардзіўся, што раней жыць было лягчэй. Цэны на яго прадукцыю былі большымі.
У гаспадарцы чатыры трактары, плугі, сеялкі. Вырошчваюць у асноўным пшаніцу, рапс, цукровыя буракі, кукурузу. Тону пшаніцы прадаюць за 280 еўра.
На ферме працуюць бацька, маці і сын. Працоўны дзень летам пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і доўжыцца да 10 гадзін вечара. У другія дні - з 8 раніцы да 8 вечара. Днём абавязковы адпачынак 1−2 гадзіны.
Спадар Іосіф памятае, як на гэтай ферме гаспадарыў яшчэ яго дзед. Існуючыя пабудовы былі зроблены ім. Праз год-два ўласнікам гэтай фермы стане сын Іосіфа.
Гонарам фермы з’яўляюцца сонечныя батарэі магутнасцю 45 кВт у гадзіну. Яны выкладзены на даху гумна і дома. Вырабленая энергія паступае ў агульную энергасістэму. На пакупку такіх батарэй сям'і прыйшлося ўзяць крэдыт 500 тысяч еўра на 10 гадоў. Як растлумачыў спадар, хутка з гэтай устаноўкі ён будзе мець чысты прыбытак.
Мае ўражанні аб гаспадарцы Іосіфа цудоўныя. Еўрапейская вёска жыве паўнапраўным жыццём, і ніякага адраджэння ёй не патрабуецца. Як мне сказалі, у гэтай вёсцы няма ні аднаго пустуючага дома.

Реклама

Хмель — справа сямейная
Каб паказаць мне, як расце хмель, давялося ехаць за 150 кіламетраў. Справа ў тым, што хмель расце ў паласе шырыной 80−100 км. Пачынаецца гэтая паласа ў Чэхіі і цягнецца на захад па паўночнаму ўскрайку Альп. Хмель тут асобны, духмяны, і нідзе ў свеце такога больш няма.
Раён Халідэй — самы вялікі ў Баварыі па вырошчванню хмелю. Тут гэтай справай займаюцца каля 1100 сямейных гаспадарак. Пад хмель занята больш за 17 тысяч га.
Гаспадарка спадара Віммера мае зямлі 42 га, палова з яе занята хмелем. Паколькі хмель расце 15−20 гадоў, штогод аднаўляць пасадкі не прыходзіцца. Вырошчваць хмель вельмі складана. Уздоўж поля ставяць слупы, паміж імі нацягваюць дрот. Да гэтай расцяжкі мацуюцца кавалкі тонкага дроціка даўжынёй 7,5 м і ніжнім канцом замацоўваюцца ў зямлю. На 1 пагонным метры поля трэба замацаваць не менш за 550 тонкіх дроцікаў. Хмель па гэтых дроціках паўзе ўверх. Паміж радкамі хмелю сеюць штогод рапс для паляпшэння глебы. Каб наладзіць 1 га зямлі пад хмель, трэба ахвяраваць не меней за 50 тысяч еўра.
Сабекошт 100 кг сухога хмеля — не менш за 280 еўра. Таму яго прадаць трэба хоць крыху даражэй. У спадара Віммера заключаны кантракты на 5 гадоў з півавараннымі заводамі, на якіх яго хмель будуць купляць трохі даражэй. Яшчэ яму заплацяць за тое, што хмель захоўваецца на складзе яго фермы. Адсюль і складзецца прыбытак. Каб яго мець, прыходзіцца працаваць усей сям’ёй. Дапамагае сын і бацька, якому ўжо 75 гадоў. Ён выконвае ўсе работы на трактары. Выглядае вельмі бадзёра. Вясной і ўвосень прыходзіцца наймаць рабочых. Цяпер гэта не менш 20 жанчын з Польшчы.
Спадар Віммер не спадзяецца, што яго сын прадоўжыць сямейную традыцыю. Тады прыдзецца ферму прадаць. А прадаваць шкада, бо гэта ферма перадаецца ў спадчыну не адно стагоддзе.
— Калі будзеш прадаваць, то я куплю, — прапанаваў я і запытаўся, колькі мне трэба сабраць грошай.
— Калі па-сяброўску прадаць, дык гэта не менш 5,5 мільёнаў еўра выйдзе, — адказаў гаспадар і дадаў, — Пасля па-руску яшчэ замочым.
Пра тое, як рускія ўмеюць «замачыць», ведаюць, мусіць, ва ўсім свеце.

Дык хто ты — нямецкі фермер? Зацюканы працай, каб неяк выжыць? З першага погляду на такога не падобны. Дом двухпавярховы, у двары два шыкоўныя аўто. На падворку, дзе толькі можна, растуць кветкі. Дом зіхаціць фарбай. Ды і аб тым, што робіцца ў свеце, спадар Віммер добра асвядомлены.
Я пацікавіўся, ці ёсць пустыя сядзібы ў іхняй вёсцы. Пустуючых не знайшлося. Калі паміраюць старыя, дом не пустуе: ці то жывуць дзеці, ці яго нехта купіць. Калі тут, на месцы, няма працы, можна знайсці яе за 20−50 км. І гэта зусім не праблема. Усіх выручае аўто. У горадзе людзі жыць не жадаюць, таму часта перасяляюцца ў вёскі.
Трэба адзначыць вясковыя магазіны. Яны здзіўляюць сваімі памерамі і колькасцю тавараў. У адзін такі магазін зайшлі, каб купіць звычайную касу. Тут, як пераканаліся, можна набыць што патрэбна: гайкі, балты, шлангі, дамашнія прылады, посуд, халадзільнікі, мінеральныя ўгнаенні… Я, вядома, купіў касу суседу, які вельмі жадаў мець касу нямецкую. Адметна, што на многія тавары цэны ніжэй за нашы, асабліва на тэлевізары, халадзільнікі, электрадрэлі і іншае. Напрыклад, вялікі халадзільнік з маразільнай камерай каштуе 199 еўра, пральная машына-аўтамат — 290 еўра, пыласос — 49 еўра, маразільнік — 149 еўра. Калі браць на ўвагу, што іх сярэдні заробак 2−2,5 тысячы еўра ў месяц, дык цэны зусім нізкія.

Як бы там ні было, але колькасць фермераў-хмеляводаў скарачаецца. Раней на 100 л піва патрабавалася 25 грамаў хмелю. Дзякуючы новым тэхналогіям, сёння на тыя ж 100 л патрабуецца яго ўсяго 8 грамаў. А спадар Віммер вырошчвае за сезон не менш як 500 цэнтнераў хмелю.

Уладзімір Амяльчэня
Заканчэнне ў наступным нумары

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии