Германія вачыма беларуса. Працяг

1

«Актобэрфэст»
Свята «Актобэрфэст» адбываецца штогод напрыканцы верасня ці пачатку кастрычніка, калі асноўны ўраджай сабраны. Але гэта зусім не «Дажынкі». Галоўным героем на гэтым свяце з’яўляецца піва. Можна падумаць, што гэта трыумф працы нямецкага селяніна, бо піва — гэта спецыяльны ячмень, адменны хмель, які расце толькі ў Баварыі, — усё тое, без чаго піва не зробіш. «Актобэрфэст» — гэта проста свята.

Мы ледзь уціснуліся ў вагон мятро. Большасць пасажыраў былі апрануты ў нацыянальныя баварскія вопраткі. Сярод іх шмат дзяцей, а таксама сталых людзей.
Выйшлі з мятро на пляцоўку, дзе гудзела 171-е свята. Калісьці гэта пляцоўка была за горадам. Тэрыторыя пляцоўкі гектараў 25−30. І куды ні пойдзеш, усюды атракцыёны, павільёны, гулянні. І галоўнае — піва. Яго тут безліч літраў і гатункаў. Мне казалі, што ў Баварыі робіцца не менш за тысячу гатункаў гэтага напоя. На адкрытых пляцоўках, у малых павільёнчыках не менш, як 10−11 тысяч чалавек, і ўсе яны п’юць піва. Адзін такі павільён мне нагадаў арачны склад руды, што на Салігорскім калійным камбінаце.
Як пісала нямецкая газета «Еўропа-экспрэс» за 27 верасня 2004 года, «абслугоўваць свята будзе больш за 12 тысяч павароў і афіцыянтаў. Для гасцей толькі ў сямі павільёнах падрыхтавалі 100 тысяч месцаў. Чакаецца, што будзе выпіта не менш, як 6 мільёнаў літровых кубкаў піва. Для гасцей падрыхтавалі спецыяльныя пісуары. Калі іх выцягнуць у ланцужок, то ён будзе даўжынёй не менш 720 метраў. На мінулым свяце пабывала больш за 6 мільёнаў чалавек.
Прыкладна ў 12 гадзін у адзін з такіх павільёнаў зайшлі і мы. Каб знайсці месца, прыйшлося звярнуцца да афіцыянткі. Тая згадзілася нас пасадзіць пры ўмове, што за 15 хвілін да трох гадзін дня мы пакінем столік, бо з гэтага часу ён заказаны па Інтэрнэту. Мы згадзіліся.
Насупраць за столікам сядзелі мужчына і дзве жанчыны. Пры знаёмстве высветлілася, што ён немец, ураджэнец Баварыі, жыве ў Амерыцы больш 30 гадоў. З ім яго жонка і жончына сястра. Штогод яны прыязджаюць на свята «Актобэрфэст».
Недалёка ад нас кампанія з шасцярых мужчын стаяла на лаўках з паднятымі кубкамі піва і ў такт музыцы спявала. Паміж столікаў снавалі моцнага целаскладу афіцыянткі, нясучы перад сабой адразу па 12 літровых куфляў піва. На закусь часцей за ўсё падаваліся смажаныя куры.
Пасля двух літраў выпітага піва я вырашыў прайсціся па павільёну з фотаапаратам. Публіка на яго амаль не рэагавала. У адным кутку за доўгім сталом сядзела кампанія з 12 мужчын, траім з каторых было больш за 80 гадоў. Адзін з іх заўважыў на мне паласатую марскую цельняшку, ткнуў у мой бок пальцам і запытаў: «Рус ман?». Гэта значыць «Рускі мужчына», а пасля зразумела прагаварыў рускую мацяршчыну і закончыў свой паэтычны сказ словам «Адэса». Я зразумеў яго і засмяяўся. Гэты пажылы чалавек у адказ таксама ўсміхнуўся, шчаслівы, што яго зразумелі. Колькі гадоў мінула, а помніць ён рускія словы і горад Адэсу.
Апісаць гэта свята вельмі цяжка. На ім трэба пабыць, пабачыць. Кажуць, што за тры тыдні тут госці пакідаюць каля 500 мільёнаў еўра.
Трэба дадаць, што п’яных на свяце не бачыў, але добра падгуляўшых было дастаткова. Калі ўзнікала сярод гасцей непаразуменне, ахоўнікі парадку адразу тут як тут. Іх шмат, але яны зусім непрыкметныя ў натоўпе.
Цікавы «нямецкі парадак». Калі ішлі да мятро, пачаўся вялікі дождж. Пры ўваходзе ў мятро стаялі дзве дзяжурныя ў жоўтых куртках і займаліся рэгуляваннем людскога натоўпу. Калі набіралася колькасць людзей на поезд, яны ўзмахвалі рукамі і прыпынялі астатніх. Натоўп паслухмяна стаяў і чакаў, нягледзячы на моцны лівень.
Дык што ж гэта за свята такое, калі немец лічыць абавязковым раз у год прыехаць на «Актобэрфэст», далучыцца да яго, як да сваёй святыні? На гэта знаходзяць час і грошы. А калі іх няма, некаторыя немцы бяруць у банках крэдыт ад 2 да 5 тысяч еўра, каб прагуляць гэтыя грошы на «Актобэрфэсце». Дзеля такога свята ім грошай не шкада.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня
Працяг будзе

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Alex
Alex
29 августа 2005 19:09

Ого какие статьи печатаются в Курьере! Молодцы. 🙂 > Але гэта зусім не «Дажынкі» Вообще Октоберфест как раз праздник урожая. Правда, на этом все общие моменты с Дожинками действительно заканчиваются. Никто не «закрывает» Мюнхен на время праздника. Октоберфест — праздник для всех. Там куча отличнейших аттракционов (на них то как раз и уходит основное время) и море пива 🙂 Причем немцы пиво пить умеют… Вы не найдете там пиво в пластиковых стаканчиках, толпы незнающей где приткнуться молодежи и пикников с водкой на травке. Все очень цивильно… Никто в городе не остается за пределами праздника. Город живет им. У мэра Мюнхена есть очень важное задание — он вбивает кран в первую огромную бочку и первым пробует пиво нового урожая. Вообще официоз сведен к минимуму. Все естественно и от души…… Подробнее »