Адзін з тых, хто будаваў Салігорск

0

28 жніўня Салігорск будзе адзначаць Дзень горада. Вядома ж, будуць усхвалёныя рэчы, успаміны… Пазней пачнуцца будні, пад час якіх, на жаль, мы вельмі рэдка ўспамінаем пра тых, хто пачынаў будаваць горад.

Пра Юрася Пятровіча Дубовіка на папярэдніх святах неяк забываліся ўспомніць, хоць ён у Салігорску апынуўся з першым дэсантам будаўнікоў, адразу пасля заканчэння будоўлі элеватара ў Слуцку. Яго сябры пазначаюць, што пра такіх людзей у нас не прывыклі ўспамінаюць, хоць працавалі яны самааддана…
Нарадзіўся Юрась Пятровіч у вёсцы пад Маладзечна. Там скончыў школу і паступіў вучыцца ў гімназію Пятра Скаргі ў Вільні. Да 1939 года скончыў чатыры класы. Меў вялікія здольнасці. Да таго часу ўжо добра валодаў польскай мовай, крыху горш — англійскай, граў на многіх музычных інструментах. Скончыць гімназію не давялося, бо ў Вільню прыйшла Чырвоная Армія і гімназію закрылі. Праўда, у Маладзечна адкрылі педагагічны тэхнікум, куды малады юнак паступіў на другі курс. На сераду 25 чэрвеня 1941 года быў прызначаны апошні экзамен па педагогіцы. Але ў нядзелю 22 чэрвеня пачалася вайна.
Так без дыплома аб адукацыі ён пачаў працаваць настаўнікам у пачатковай школе, на адкрыццё якой дала дазвол нямецкая адміністрацыя.
На сёмы дзень вызвалення Маладзечна ад немцаў Чырвонай Арміяй за ім прыехалі і забралі. Дзесяць гадоў правёўшы ў лагерах, ён вярнуўся на радзіму, але далей Слуцка на захад уезд і пражыванне былі забаронены. У Слуцку будаваў элеватар, скончыў на выдатна дзясяты клас школы рабочай моладзі. Першая спроба паступіць у інстытут поспеху не прынесла, хаця экзамены здаў на выдатна. Прага да вучобы прывяла яго на наступны год у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Зноў жа паспяхова здаў экзамены, але студэнтам не стаў. Дэкан факультэта свой адказ растлумачыў яму тым, што, працуючы на будоўлі, гісторыкам не станеш. Сапраўдную прычыну юнак разумеў добра: у аўтабіяграфіі ён пісаў, што з 1944 па 1954 гады знаходзіўся ў зняволенні.
Неяк прачытаў у газеце, што Маскоўскі саюзны інстытут будаўнікоў прымае на завочнае аддзяленне студэнтаў. Доўга не думаючы, Юрась Пятровіч у сваім жыццеапісанні замяніў гады зняволення на працу ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў СССР і з экзаменацыйнай даведкай універсітэта адправіў у Маскву. Так ён стаў студэнтам. У час адной экзаменацыйнай сесіі яго запрасілі расказаць пра работу ў міністэрстве… У выніку ўсё ж такі з інстытута не выгналі. У Салігорск ён прыехаў інжынерам — будаўніком.
У горадзе шахцёраў ён будаваў (ці меў непасрэднае дачыненне да будоўлі) кінатэатр «Салігорск», тэхнікум, школу № 3, рэстаран «Аганёк», Клуб будаўнікоў ды многа іншых аб’ектаў. Пры заканчэнні ўзвядзення Клуба будаўнікоў яго чуць не звольнілі з работы за тое, што на франтоне будынка выклаў з цэглы назву клуба па-беларуску. У праекце на будоўлю гэтай назвы не значылася. Але прыехаўшы ў гэты час у Салігорск Васіль Іванавіч Казлоў пахваліў будаўнікоў за беларускую назву, і справа аб звальненні забылася.
Пасля Юрась Пятровіч амаль да пенсіі працаваў спецыялістам у будаўнічым трэсце. Ён быў кіраўніком аддзела, але ў прыказах значыўся выконваючым абавязкі. З гэтым за сваё жыццё ўжо паспеў звыкнуцца. Толькі перажывае, каб не здарылася так, што нашчадкі не будуць ведаць імён тых, хто пачынаў гэты горад з чыстага аркуша. Бо вуліцы, напрыклад, у большасці названы імёнамі людзей, якія да горада не маюць ніякага дачынення.
На пенсіі Юрась Пятровіч не мае супакою. За гэты час напісаў «Гісторыю Беларусі» з адпаведнымі геаграфічнымі картамі, якой зацікавіўся Інстытут гісторыі Акадэміі Навук, напісаў свой Радавод ад трэцяга пра-пра-прадзеда ў фотаздымках да сучасных нашчадкаў, а таксама кніжку «Успаміны», якая вось-вось з’явіцца ў выданні «Тэхналогія». Цяпер працуе над выданнем «Беларускі Каляндар».
…Адшуміць Дзень горада. Будзе выпіта многа гарэлкі. Вельмі хацелася, каб усё ж такі не забываліся пра тых, хто пачынаў гэты горад. Сярод іх многа людзей з цікавымі лёсамі, а імёны іх сёння мала каму вядомы.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии