Германія вачыма беларуса

0

Адзначаючы свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, не раз лавіў сябе на думцы, што мала мы ведаем пра Германію пасляваенную, сённяшнюю, асабліва пра Заходнюю Германію. Мне пашчасціла мінулым годам (канец верасня-пачатак кастрычніка) пабываць у Баварыі, пазнаёміцца з яе гарадамі і людзьмі. Я быў якраз у той час, калі ў яе сталіцы Мюнхене адбываўся сусветна знакаміты «Актобэрфест». Мяне ўразаілі чысценькія, у кветках, дамы баварскіх вёсак і кінутыя фермы на тэрыторыі былой ГДР. Быццам адна Германія, але за пасляваенны час у ёй выраслі не аднолькавыя немцы, з рознай арганізацыяй прамысловасці і сельскай гаспадаркай. І пытлівага чалавека не пакідае пытанне: чаму?

Сёння ў Германіі не лепшы сацыяльны клімат. Колькасць беспрацоўных складае каля 5 мільёнаў чалавек. Але краіна з’яўляецца адным з буйнейшых экспарцёраў. Яе экспарт за мінулы год склаў 731 мільярд еўра. Асноўны рынак экспарта — ЗША, Японія, былы Савецкі Саюз і Кітай.
Буду рады, калі мае замалёўкі аб Германіі і яе людзях хоць трохі раскажуць беларусам, якая яна, Германія, зараз.

Реклама

Спадарожніца
Знаёмства адбылося нечакана. У вагоне цягніка Рэгенсбург-Мюнхен аўтаматычна зачыніліся дзверы, і за акном сталі адплываць прывакзальныя пабудовы. Мы здзівіліся, што ў перапоўненым вагоне ў нашым чатырохмясцовым купэ засталося свабоднае месца. Большасць пасажыраў, як і мы, ехала ў Мюнхен на свята піва, якое доўжылася амаль тры тыдні, і яго закрыццё павінна было адбыцца праз два дні. Пасажыры ў асноўным былі працоўнага ўзросту, вялі сябе вельмі вольна, большасць з іх была апранута ў нацыянальнае адзенне: мужчыны — у кароткія скураныя нагавіцы і замшавыя курткі часцей за ўсё зялёнага колеру, на галаве капялюшы ў выглядзе піўнога кубка; жанчыны — у дарагія прывабныя белыя сукенкі з вялікімі дэкальтэ. У вагоне стаяў гвалт: здаровы смех каціўся то з аднаго, то з другога купэ вагона. І раптам перад нашым купэ прыпыніўся мужчына з сумкаю ў руках, а за ім паспяшала жанчына. Па тым, як мужчына быў апрануты, было зразумела, што ў цягніку ён чалавек адказны. Мужчына адчыніў шкляныя дзверы, павітаўся з намі, а жанчыне сказаў: «Тут Ваша месца» — і паставіў сумку. Жанчына прыветліва ўсміхнулася, павіталася з намі і распранула куртку. Мы нейкі час разглядалі адзін другога. Маўчанне парушыла спадарожніца:
— Крысцін, — назвала сябе. — Еду ў Мюнхен да ўнучкі.
Кожны з нас назваў сваё імя. На твары Крысцін відаць было здзіўленне. «Вы не немцы?» — здзіўлена запытала яна. Мы з гонарам адказалі, што мы — беларусы.
— Віцебск — гэта Беларусь? — запытала яна і неяк панікла тварам.
Але маўчанне было не доўгім. Крысцін пачала расказваць, як села не на той поезд, што ледзь успела перасесці і рэвізор-праваднік дапамог знайсці патрэбны вагон і месца.
— Галава старая, дзеці павінны ў гэтым. Дзесяць гадоў працавала настаўніцай, — як бы скардзілася яна.
Тут жонка не ўцярпела і ўставіла:
— Я адпрацавала 45 гадоў настаўніцай.
Крысцін здзівілася і абрадавалася, як быццам у купэ свае людзі. І пайшла гаворка. Калі жанчыны скончылі пра сваё, я папрасіў расказаць аб тым, як ім, немцам, жылося ў канцы вайны і пад амерыканскай акупацыяй. І яна пачала свой аповед:
— З гісторыі вядома, што немцы на ўсходзе Германіі з радасцю сустракалі Савецкую Армію.
Крысцін так сур’ёзна на мяне паглядзела. Мне здалося, што гэты позірк зацягнуўся доўга. Пасля ўсміхнулася: «Хлусіць тая гісторыя».
— Майго бацьку ў снежні 1943 года забралі на вайну. Тады мы жылі ў Лейпцыгу. Мне вядома, што ваяваць ніхто не хацеў. Але адказацца таксама не маглі. За тое, што бацька на вайне, нам плацілі нейкія грошы. Але гэта было не доўга. Неяк у кватэру прыйшлі паліцыя і СС. Нас выкінулі з кватэры, забралі бацькавыя рэчы. Горад хутка разбамбілі. У студзені 1944 года мы ў горадзе не знайшлі прытулак, і мама вырашыла ісці ў Баварскі лес. Там жыў знаёмы. Але яго адшукаць не атрымалася. Тады нас узяў да сябе баўэр. Жылі ў хляве на сене, дзе стаялі каровы. Калі даілі кароў, прыходзіў паліцай, наглядаў, каб усё малако здавалі дзяржаве. І цяпер памятаю, як заўсёды хацелася есці. Пра бацьку нічога не ведалі.
Калі прыйшлі амерыканцы, я пайшла ў школу. Там давалі паёк. А тым, хто быў занадта худым, давалі і дабаўкі. Я была ў ліку тых, хто атрымліваў гэтую дабаўку. На Вялікдзень і Каляды самым худым далі па аднаму апельсіну і маленькай шакаладцы. Я гэта добра памятую, бо першы раз убачыла і паспрабавала шакалад. Мне захацелася кавалачак шакаладу прынесці маме. Калі я выйшла са школы, гэты кавалачак паклала сябе ў рот. Думала, так занясу. Але па дарозе ён знік. Я не магла зразумець, куды ж ён падзеўся. Успамінаю і смяюся.
Калі мне споўнілася дванаццаць гадоў, атрымала ў царкве амерыканскую пасылку. Акрамя падарункаў, у пасылцы была дзявочая сукенка. Я не магла ёй нарадавацца. Мне здавалася, што ў гэтым плацейку я самая прыгожая і шчаслівая. У ім схадзіла на прычасце ў царкву, прыйшла дадому, зняла і аднесла назад у царкву, каб аддалі другой дзяўчынцы. Няхай і тая пабудзе шчаслівай.
У 1951 годзе з плену вярнуўся бацька, знайшоў нас. Са студзеня 1944 года ён знаходзіўся сярод палонных у Віцебску. Да гэтага часу аб ім не было ніякіх звестак. Бацька вельмі хацеў, каб я была настаўніцай. Таму новы навучальны год я пачала ў гімназіі.
Тут перад нашым купэ з’явіўся рэвізор і папрасіў паказаць білеты. Мы пад’язджалі да Мюнхена. На чыгуначным вакзале Крысцін пасадзіла нас у вагон мятро. «Выйдзеце з усімі, бо ўсе пасажыры едуць на свята «Актобэрфест», — сказала яна. Мы развіталіся. Крысцін паехала ў другі бок да сваёй унучкі.
Працяг будзе

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии