Рэтрашпацыр з Вялікімі па Слуцку (Працяг. Пачатак у № 28)

0

Разам з Панятоўскім
Кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь вялікага княства Літоўскага Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыбыў у Слуцк на пачатку лета 1787 года. Перад тым ён пабываў у Нясвіжы. Падзея знаменавала прымірэнне кіраўніка дзяржавы і галавы магутнага магнацкага роду Радзівілаў. Уладар Нясвіжа і Слуцка Караль Станіслаў Радзівіл пышнасцю прыёма імкнуўся не толькі ўразіць госця сваімі багаццямі і занатаваць сваю адданасць. Хацеў, каб кароль параўнаў свае багацці з радзівілаўскімі, і хаця б такім своеасаблівым чынам усё ж узяць рэванш за паражэнне ў шматгадовым змаганні з каралём.

Працяглы час дзеянні Радзівіла, як і многіх іншых, вызначаліся непрыязню да асобы польскага караля. Нехта не мірыўся з яго незнатным паходжаннем. «Незалежнікі» не маглі дараваць прыняцце ім становішча «кішэннага караля» рускай імператрыцы.
«Пане каханку» хаця і меў славу баламута і свавольніка, хаця і называлі яго трэцім па ліку п’яніцам у Рэчы Паспалітай", аднак яго барацьба з «Вялікімі міра гэтага» урэшце легла ў рэчышча барацьбы за незалежнасць дзяржавы. Ён казаў: «Я прытрымліваюся справядлівасці. Не ведаю караля без дваранства. Мой голас гучыць вольна. Я абаронца перадавога накірунку, не прашу нічога ў іншых, як робяць тыя, хто прадае свой голас маскалям». Калі ў краіне над уплывам Расіі пашыралася мода на еўрапейскі касцюм, Радзівіл наўмысна падкрэсліваў адданасць сваёй старыне, насіў традыцыйны «сармацкі» касцюм, падперазаны слуцкім поясам.
Станіславу Аўгусту Панятоўскаму прышлося змірыцца з падзеламі сваёй краіны, з яе знікненнем з палітычнай карты Еўропы. Яго апошнія гады прашлі ў расійскай сталіцы. Ці ўспамінаў ён калі неўтаймаванага Радзівіла і ягоны прыём у Слуцку?
Новая ўладарыня нашых краёў, што прыйшла на змену Панятоўскаму, у нашым горадзе не была ніколі. Але цень яе персоны не раз вітала над Случчынай. Пра Слуцк Кацярына ІІ ведала, не раз праяўляла цікаўнасць да падзей, што тут разгортваліся. У 1767 годзе яна падтрымала Слуцкую канфедэрацыю пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты, якая дамагалася аднолькавых правоў з католікамі. Тады на грэбні канфрантацыі паміж вярхамі рэчпаспалітага грамадства Кацярына дамаглася сабе палітычных выгод. Яна стала галоўным ініцыятарам распачаўшайся ў Слуцку ў 1785 годзе работы па заснаванню Мінскай праваслаўнай епархіі і адкрыццю Слуцкай праваслаўнай семінарыі. Пад час вандроўкі ў Малароссію і Крым у 1776 годзе яна пазнаёмілася з работай кіеўскага мастака Сцяпана Катлярэўскага, аўтара іканастаса кафедральнага сабора ў Екацерынаслаўлі. Царыца загадала паслаць яго ў Слуцк зрабіць такі ж іканастас у адбудаванай мураванай царкве Слуцкага Троіцкага манастыра (Кацярына добра ведала слуцкага архімандрыта Іова Пацёмкіна). Для іканастаса манастырскай царквы яна ахвяравала ўласныя сродкі - 18 тысяч «карбованцаў».
Падзел Рэчы Паспалітай у Еўропе ўспрынялі як непрыкрытую агрэсію супраць суверэннай краіны. Расійская ж імператрыца ў знак сваіх адносін да памяці пра «Польшчу» (як сведчаць «неафіцыйныя крыніцы»), у прывезеным у Пецярбург троне польскіх каралёў загадала выпіліць дзірку і карысталася ім як стульчыкам у сваёй прыбіральні. Палякаў, згубіўшых сваю радзіму, магло, мабыць, суцешыць тое, што смерць напаткала заваёўніцу Польшчы ў прыбіральні як раз на тым самым стульчыку.
Немка па паходжанню, Кацярына ІІ супакой знайшла ў рускай зямлі. А Панятоўскаму руская зямля вечным прытулкам не стала. У 1938 годзе труну з прахам польскага караля бальшавіцкія ўлады перадалі Польшчы. Але палякі не захацелі хаваць яго побач з прахам іншых польскіх каралёў, пахавалі ў капліцы родавага маёнтка Панятоўскіх у Воўчыне, што на Брэстчыне. Але за савецкім часам, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, капліца тая была разрабавана, а труна з прахам апошняга польскага караля апаганена.
(працяг будзе)

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии