Паўтарэнне пройдзенага

1

Адносна разбурэння старога будынка па вуліцы Манахава матэрыялы газета ўжо змяшчала. Тым не менш, на старонцы «МіС» гэтае пытанне таксама не можа быць абыйдзена ўвагай. Скажам — шкада, што так адбылося, шкада, што нашы высілкі па захаванні архітэктурнага помніка аказаліся кволымі.

Але што нам браць адказнасць толькі на сябе? І хто нас, «дылетантаў», аб гэтым просіць? Хаця пад час узняцця пытання нешта не чутно было голасу нашых мясцовых «прафесіяналаў», якім «паложана па уставу» «правільна» фарміраваць адносіны да гісторыі.
Вандалы некалі разбурылі Рым. Яны былі варварамі. З тых часоў вандалізм і варварства з’яўляюцца паняццямі адназначнымі. Што не да канца разбурылі варвары, іх цывілізаваныя нашчадкі цяпер паказваюць іншаземным турыстам і маюць за гэта вялікія грошы.
Калі ўлічыць нашу тэндэнцыю разбурэння старажытнай забудовы, заезджаму турысту ў хуткім часе, напэўна, акрамя новай лазні і паказаць у Слуцку будзе няма чаго.
Але кінем развагі, якія нікому ўжо не дапамогуць, і звернемся да будынка, які прапаў на нашых вачах.
Узведзены ў 1886 годзе, ён стаў галоўным корпусам слуцкага бальнічнага гарадка. Іншыя хаваліся ў глыбіні тэрыторыі, гэты ж галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Турэмную (цяпер Манахава). Ён стаяў да цэнтра горада бліжэй астатніх, таму, акрамя непасрэднага значэння, атрымаў і рэпрэзентатыўную нагрузку. Яго пастараліся зрабіць прыгожым. У архітэктуры будынка прасочваюцца традыцыі позняга класіцызму. Разам з тым, аўтар праекта ўжыў і прыёмы новага на той час стылю «мадэрн», што відавочна ў асіметрычным рашэнні як плана, так і фасадаў корпуса. Здзвінутыя ў правы бок трохвугольныя франтончыкі галоўнага і тыльнага фасадаў, упрыгожаныя адмысловымі драўлянымі элементамі, сталі своеасаблівым вобразным акцэнтам. Франтончык галоўнага фасаду вызначаў уваход з боку вуліцы. Верагодна, пасля апошняй вайны яго заклалі цэглай, ператварыўшы верхнюю частку ў ваконны праём. А ўваход стаў з тыльнага боку. Унутраная планіроўка асноўнай часткі была калідорная, з двухбаковым размяшчэннем пакояў. Акрамя бальнічных палат меліся тут і адміністрацыйныя памяшканні. Яшчэ да пачатку 1960-х гадоў у гэтым корпусе размяшчаўся кабінет галоўнага ўрача. Акрамя двух паверхаў меўся, верагодна, некалі, і падвал, пра што сведчаць раскрытыя пад тынкоўкай скляпеністыя праёмы, пазней закладзеныя цэглай. Будынак узводзіўся з цэглы, вырабленай на заводзе ў вёсцы Хранова (цяпер Ветка). Выдатная якасць той цэглы не выклікае сумнення і цяпер. Каб будынак быў сухім, кладку рабілі з выкарыстаннем не цэментнай, а вапняковай рашчыны.
Пасля ўзвядзення побач на пачатку 1960-х гадоў трохпавярховага бальнічнага корпуса, які стаў галоўным, у гістарычным будынку размясцілі інфекцыйнае аддзяленне, а ў апошнія часы, пасля з’яўлення новага комплексу райбальніцы, тут было кожнае аддзяленне. Мабыць, адносіны да апошніх хваробаў былі тымі, хто прымае рашэнні, перанесены і на сам будынак, таму калі ён застаўся вызваленым, то быў бязлітасна знішчаны.
Аднак памяць пра цікавы помнік старога Слуцка застанецца. Гэтаму паспрыяюць і публікацыі ў «Кур'еры». Звесткі пра яго, таксама, можна знайсці ў кнізе аўтара гэтых радкоў «Помнікі архітэктуры Слуцка» (Слуцк, 1997, с.106), у выдадзеным Слуцкім краязнаўчым музеем да 880-годдзя горада буклеце «Помнікі архітэктуры Слуцка» (аўтар І.Ціткоўскі, рэдактар В. Відлога), у выдадзенай Слуцкім гарвыканкамам кнізе «Слуцк» (Мн.1996, аўтар В. Відлога, адказны за выпуск Т. Шахновіч, с.3), у 2-й кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк» (Мн.2001, с.504).

Реклама
1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
kaprile2026
kaprile2026
9 августа 2018 17:34

Ого н︌е ожи︌д︌ал з︌д︌е︌с︌ь у︌в︌ид︌е︌ть в︌а︌ш︌у в︌а︌к︌анс︌и︌ю. У ва︌с с︌нов︌а откр︌ы︌т набо︌р удал︌ё︌н︌н︌ы︌х р︌а︌ботн︌и︌к︌о︌в︌? Ес︌л︌и д︌а︌, м︌огл︌и б︌ы в︌ы у︌стро︌и︌ть моег︌о з︌я︌тя︌, а т︌о п︌о︌к︌а я е︌м︌у доказыв︌ал ч︌т︌о в︌ы хор︌о︌ш︌ие р︌еб︌я︌т︌а и с в︌ам︌и мо︌жн︌о р︌а︌б︌о︌т︌ат︌ь, вс︌е в︌ак︌анс︌и︌и был︌и зак︌р︌ы︌ты︌(︌(