Леанід Калядзінскі: «Археалагічная спадчына Слуцка — унікальная»

0
Реклама

Вядомы беларускі археолаг Леанід Калядзінскі з групай студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка на днях прыбыў у Слуцк. Чакалася, што ў горадзе будуць праведзены археалагічныя раскопкі, але мэта работы групы на чале з вучоным аказалася некалькі іншай. Чытачам «Кур'ера» мы прапануем інтэрв'ю з Леанідам Уладзімі-равічам.

— Якая на самой справе мэта прыезду групы ў Слуцк?
— Я кірую групай студэнтаў педагагічнага універсітэта, якія праходзяць археалагічную практыку. Некалькі дзён мы былі ў Капылі. Там праводзілі даследаванні абарончага рва вакол Замкавай гары, вывучалі яго параметры: шырыню, глыбіню, канфігурацыю і запаўненне. Пад час работ былі знойдзены ўнікальныя рэчы: рымская фібула, заклёпка ад ладдзі вікінгаў і іезуіцкі медальён («Кур'ер» № 29 ад 21.07.2005г). Зараз археалагічная практыка працягваецца ў Слуцку. Мы апрацоўваем матэрыялы, здабытыя ў вашым горадзе пад час раскопак 80−90-х гадоў (ад рэдакцыі: гэтыя археалагічныя даследаванні праводзіліся таксама пад кіраўніцтвам Леаніда Калядзінскага). Усе яны былі перададзены Слуцкаму краязнаўчаму музею. Каля 10% тагачасных знаходак выстаўлены ў экспазіцыі, а астатнія захоўваюцца ў фондах музея.

— Сярод матэрыялаў, здабытых пад час раскопак, ёсць і ўнікальныя?
— Менавіта так. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць чатыры шахматныя фігуркі: дзве з касці, дзве з дрэва. Астатняе — гэта вырабы са скуры, дрэва, керамікі, чорнага метала. Нагадаю, што ўсе яны былі перададзены на захоўванне ў добрым стане — расчышчаныя і закансерваваныя. Але за апошнія гады падвал музея некалькі разоў затапляўся вадой, і частка археалагічнага матэрыяла была пашкоджана. Мае студэнты прамываюць у гарачай вадзе скураныя вырабы, прасушваюць іх, потым апрацоўваюць гліцэрынам. Адзначу, што гэта абутак старажытных слуцакоў, якія хадзілі па драўляных маставых горада ў XII стагоддзі. Такі матэрыял — гэта залаты фонд музея, і нельга дапусціць, каб ён знік. На мой погляд, трэба рабіць захады для ўратавання ўнікальных рэчаў. Пашкоджаны і вырабы з дрэва. Вось гэты экспанат (Леанід Калядзінскі ўзяў у рукі вясло, час вырабу якога — XII стагоддзе) павінен быць у экспазіцыі. Пры правільным захоўванні ён яшчэ доўга можа здзіўляць сучасных жыхароў горада. Тое ж самае можна сказаць пра этнаграфічную калекцыю, пра другія прадметы.

Реклама

— На погляд спецыяліста, што патрэбна зрабіць у дадзенай сітуацыі?
— Для вырашэння гэтых пытанняў трэба няшмат: нармальнае сухое памяшканне з нармальнай тэмпературай і вентыляцыяй. Калі гэтага не будзе, то перспектыва захоўвання слуцкай археалагічнай калекцыі вельмі сумная. Адзначу і другі аспект. Унікальнасць гэтага матэрыяла яшчэ і ў тым, што цяпер знайсці нешта падобнае ў Слуцку нельга. Верхні замак (Дзяцінец) амаль цалкам забудаваны, і праводзіць там раскопкі ўжо няма дзе. Можна ўскрыць асобныя фрагменты, але гэта 1−2% ад плошчы Замчышча. На астатняй тэрыторыі горада можна вывучаць слуцкія пасады, час пабудовы якіх адносіцца да XVI-XVII стагоддзяў. Аднак археалагічных матэрыялаў там значна менш.

— Як вы лічыце, ці будуць у Слуцку новыя раскопкі?
— Магчыма, у бліжэйшыя пяць гадоў нешта атрымаецца зрабіць. Найбольш перспектыўны раён горада — гэта месца побач з помнікам Сафіі Слуцкай. Тут плануецца будаваць гарадскі сабор, і ў адпаведнасці з заканадаўствам перад гэтым патрэбна правесці археалагічныя даследаванні. Пакуль будаўніцтва адкладваецца, як і самі раскопкі.

— А колькі гэтыя работы будуць каштаваць?
— Усё залежыць ад плошчы даследавання тэрыторыі. Напрыклад, кошт работ на той плошчы, дзе збіраліся будаваць саборны комплекс, склаў бы каля 18 тысяч долараў ЗША. Наколькі мне вядома, праект ужо змяніўся, і тэрыторыя, якую будзе займаць сабор, значна паменшылася.

— Як можна пазначыць галоўную выснову пад час цяперашняй працы ў Слуцку?
— Трэба агульнымі намаганнямі ўлад, жыхароў, усіх неабыякавых людзей стварыць належныя ўмовы для захоўвання таго, што Слуцк ужо мае. Як спецыяліст, магу зацвердзіць, што мясцовая археалагічная спадчына ўнікальная, і такой больш нідзе няма.

Гутарыў Уладзімір Іваноў

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.