Чаму «Боярский», а не «Выбранецкі»

0

Наведаўшы нядаўна Мінск, зайшоў у хлебны магазін з кідкай назвай «Каравай», каб купіць у дарогу буханку духмянага «Нарачанскага». А на паліцах — «Старажытны», «Траецкі», «Чабаровы», «Волатаўскі», «Духмяны», «Спадчына», «Лявоніха», «Чарадзей», нават «Натхненне». І той жа любы мне па смаку «Нарачанскі». Ажно дух захапіла ад беларускамоўных назваў хлеба надзённага. Патыхнула ад гэтых назваў і караваяў духам з бабулінай печы, калі яна даставала адтуль круглыя, гарачыя боханы жытняга хлеба, клала на доўгую шырокую лаву, крыху апрысквала зверху халоднай вадой і пакрывала чыстым белым ручніком.
Што яшчэ парадавала ў краме «Каравай» — пакупнікі, называючы выбраны гатунак хлеба, гаварылі па-беларуску, бо і назвы яго на цэлафанавых пакетах таксама аддрукаваны па-беларуску. Выходзіць так: хлеб і словы заўсёды павінны быць побач.

Аднак вернемся, як кажуць, да сваіх берагоў - слуцкіх. Падыходжу да шапіка ад хлебазавода з рускамоўнай шыльдай — як і паўсюль у горадзе — «Горячий хлеб». І на фірменным магазіне хлебазавода, што побач з Маладзёжным цэнтрам, — такая ж. А цяпер звярніце ўвагу на назвы хлеба: «Берестейский», «Двинский», «Бородинский» (дзе тое Барадзіно — ля Масквы!), «Боярский» (няўжо заглянулі ў гісторыю старажытных баяраў царскіх часоў?), «Борисовский», «Добрушский», «Ильинский», пляцёнка белая «Черкизовская», «Домашний». І хоць бы адна назва нагадала слаўнае мінулае і сучаснае нашай любай Случчыны! Праўда, дзеля справядлівасці, адзначым: дзве назвы беларускія ўдалося адшукаць — хлеб «Чароўны» і «Пляцёнка беларуская».
Калісьці Уладзімір Маякоўскі пісаў: «Как бедна у мира слова мастерская!» А чаму б замест дзіўнай для беларусаў назвы «Хлеб боярский» не даць яму «нашанскую», чыста слуцкую — «Хлеб выбранецкі». Што стаіць за гэтай назвай? Наша мінуўшчына, калі ў Сярэднявечча князі, якія валадарылі ў горадзе, у яго блізкіх ваколіцах (вёсках Лучнікі, Бранавічы і Варкавічы), падсялялі сялян з надзеламі зямлі і ўмовай: пры набліжэнні да горада замежных заваёўнікаў (а іх было нямала) неадкладна са зброяй у руках групавацца вакол Замкавай гары і бараніць яе. Карацей, людзі гэтыя былі ў нейкім родзе «вольнымі казакамі», накшталт Данскіх і Кубанскіх у Расіі. Думаю, такая прапанова з назвай хлеба можа быць слушнай. Трэба не забываць, на якой зямлі жывём і чый хлеб ядзім.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии