Рэтрашпацыр з Вялікімі па Слуцку

0

Цяжка ўявіць сабе, колькі за доўгую гісторыю таўклося па нашай грэшнай зямлі народу. Пра іншых невядома нічога, нехта аставіў пра сябе памяць нашчадкам. Больш у гэтым плане пашчасціла тым, каго воляй лёсу вынесла на самы грэбень гістарычнай хвалі, і іх постаці цяпер з’яўляюцца апорнымі кропкамі на ланцугу гістарычных падзей.
Мы звернем увагу на «аўгусцейшых» персон, якія сваёй прысутнасцю некалі «ашчаслівілі» слуцкія гарызонты, і, прытуліўшыся ў іх цяні, разам зробім своеасаблівы рэтрашпацыр па гораду.

Разам з Карлам ХІІ
Падчас Паўночнай вайны (1700−1721) шведскія войскі заходзілі ў Слуцк двойчы, у 1706 і 1708 гадах. Бачылі шведаў у Паўночную вайну многія гарады Рэчы Паспалітай, але радасці ад прысутнасці іншаземцаў не даставалася нікому.
Слуцку, трэба адзначыць, у пэўнай меры пашанцавала. Горад з’яўляўся цэнтрам удзельнага Слуцкага княства, якое ў выніку спадчынных правоў аказалася ўласнасцю трох нямецкіх князёўн (праўнучак князя Багуслава Радзівіла), якія жылі ў Германіі. Яны былі малалетнімі, таму за іх маёмасцю наглядаў дзед Карл Філіп Нойбургскі. А тому, у сваю чаргу, шведскі кароль прыходзіўся далёкім сваяком. І хаця мяшчане надоўга запомнілі і першую, і другую шведскія кантрыбуцыі, Карл ХІІ з уласнасцю сваяка пастараўся абысціся даволі ашчадна. У Слуцку шведскі кароль на пастой спыняўся ў багатым доме на Падзамчышчы (цяпер раён магазіна № 58). За тым домам потым замацавалася назва «Шведскі дом». Адчуваў сябе Карл тады нядрэнна, але ён не ведаў, што наперадзе яго чакае Палтава.

Реклама

Разам з Пятром Вялікім
Хаця ў Паўночнай вайне Пётр І быў саюзнікам саксонскага гаспадара Аўгуста Моцнага, які адначасова з’яўляўся і каралём Рэчы Паспалітай, гэта не перашкаджала рускаму цару на нашай тэрыторыі паводзіць сябе як заваёўніку. І сведчанняў таму многа.
Рускі самадзержац у праваслаўных верніках Рэчы Паспалітай разлічваў бачыць сваіх прыхільнікаў. Таму сваім войскам, якія заходзілі на Случчыну (а тут, як вядома, пераважалі праваслаўныя вернікі), загадваў шкоды мясцовым жыхарам не рабіць. Такім чынам, пашанцавала слуцакам падчас вайны і з рускага боку.
У Слуцку Пётр І, ужо авеяны славай і ўвенчаны лаўрамі перамогі над шведамі пад Палтавай, быў у першай палове красавіка 1711 года. Цяпер кіраваць на поўдзень яго вымусілі нечаканыя дзеянні турак. Загадзя вызначаных планаў вядзення вайсковых аперацый у яго не было. Наперадзе чакала пройгрышная сустрэча з турэцкімі войскамі на рацэ Прут, хаця ў выніку фартуна ўсё ж не адвернецца ад расійскага манарха і там.
У Пруцкі паход ён выправіўся ў сярэдзіне студзеня. Разам з ім была і жонка Кацярына І. Стомлены бясконцымі пераходамі і нярэдкімі ўжо хваробамі, адчуваў сябе ён не вельмі добра. У Слуцку былі распрацаваны асноўныя дэталі далейшага паходу. 12 і 13 красавіка цар правёў нараду з генерал-фельдмаршалам графам Шарамецевым, генералам Аллартам, канцлерам Галаўкіным і паслом у Польшчы князем Далгарукім. У гонар расійскага самадзержца слуцкае грамадства арганізавала ўрачысты прыём, падчас якога Пятру ўручылі падарунак — зроблены на Урэчскім шклозаводзе крышталёвы кубак з выгравіраванымі ініцыяламі цара.
На пастой Пётр Аляксеевіч спыніўся ў тым жа доме на Падзамчышчы, дзе некалі спыняўся яго праціўнік — шведскі кароль Карл ХІІ. Пасля далучэння края да Расіі дом гэты назвалі Домам Пятра Першага. У памяць пра яго на сцяне была прымацавана мемарыяльная дошка. Будынак стаяў побач з фарным касцёлам і належыў гарадскому Таварыству Дабрачыннасці.
У Слуцку Пётр правёў тры дні - потым з войскам рушыў на Валынь, у накірунку Луцка.
Праз шмат гадоў, зноў не па сваёй волі, прыйшлося пабываць Пятру І у Слуцку яшчэ раз. І візіт гэты на памяці многіх слуцакоў. У кампаніі з іншымі персанажамі яго можна было ўбачыць на выставе прывезеных з Санкт-Пецярбургскага музея васковых фігур, экспазіцыя якіх была разгорнута ў гарадскім краязнаўчым музеі. На гэты раз побач з рускім царом мог пастаяць кожны і адлюстраваць на фотаздымках сваю блізасць да імператара.

(Працяг будзе)

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии