Іронія лёсу па-Слуцку альбо хітрыкі нячыстай сілы

0

Калі ў завадатара нашай кампаніі, весялуна Жоржыка, у нядаўнім мінулым перакананага халасцяка і ахвотніка да жанчын, а таксама аматара вялікай выпіўкі, пасля якой ён немінуча апынаўся ў адной вядомай установе горада, пытаюцца:
— Як гэта, ён, закаранелы халасцяк, так хутка ажаніўся ды яшчэ і піць перастаў? — то Жоржык заўсёды, насміхаючыся, адказвае:
— Ат, нячыстая сіла дапамагла і жонку яна знайшла, і піць яна, нячыстая, адвучыла.

«Што ж, Жоржык ёсць Жоржык, без жартаў жыць не можа», — падумае малазнаёмы з ім чалавек. І толькі нам, блізкім сябрам, вядома, што і сапраўды без нячыстай сілы тут не абышлося, тым больш, што Жоржык сам нам і расказаў пра гэтыя свае прыгоды. Ведаючы, у якія пераплёты трапляў раней Жоржык, дык гэтым здарэннем ён нас і не вельмі здзівіў. А было вось як.
У адзін з цёплых летніх дзянькоў, калі палова грамадзян робяць рамонты ў кватэрах, Жоржык са сваімі сябрамі вяртаўся з чарговай хаўтуркі. Рамонт у кватэры яны зрабілі на зайздрасць ды і не проста рамонт, а модны «еўра». У карманах шалясцелі і «зялёненькія» і беларускія рублі, а ў мужчын душа спявала: хацелася «абмыць» і свой заробак, і сваю хаўтурку, тым больш, што іх ужо чакаў новы заказ. Завярнуўшы ў бліжэйшы магазін, нашы «хаўтуршчыкі» закупілі гарэлкі і вінца, а таксама таго-сяго прыкусіць. Яны доўга вырашалі, дзе ж гэта знайсці ціхі куточак, каб «прыстаканіцца». Пасля рашылі, што лепшага мястэчка, чым гарадскія могілкі і не знайсці: і цянёк там, і міліцыя туды не заглядае. Пасядзеўшы колькі часу, паразмаўляўшы пра сваё мужчынскае жыццё-быццё, сябрукі вырашылі разыходзіцца па хатах.
— Цябе можа правесці дадому? — прапанавалі яны Жоржыку, які на той момант лыка ўжо не вязаў.
— Ды што вы, хлопцы, я пайду праз могілкі, так і бліжэй і хутчэй, — адказаў Жоржык, тым больш, што гарэлка надала яму самаўпэўненнасці.
Доўга ці нядоўга блытаўся Жоржык па могілках, аднак даклэпаў да свайго дома, а там і да свайго трэцяга паверха. Даўга возячыся з замком, Жоржык падумаў, што трэба будзе замок памяняць, аднак адчыніў кватэру і адразу пашыбаваў на кухню: Жоржыку пасля чарговай выпіўкі вельмі хацелася есці. Ён дастаў з халадзільніка невялікі скрылек сала, кусочак сервелата — усё, што было ў яго халадзільніку і запіў чаем без цукру.
«Да, гаспадыню трэба прыводзіць у дом, — нявесела падумаў Жоржык. — Тады будуць і гарачыя супы, і баршчы, і катлеткі. Можа, схадзіць да Веркі, сваёй былой каханкі?» — падумаў ён.
Не, да Веркі ён пойдзе цвярозы. А то мінулы раз схадзіў ужо п’яны сватацца, то шампанскае ляцела ўніз ажно з дзевятага паверха, а калючымі ружамі Верка так пабіла яму твар, што цэлы тыдзень ён не паказваўся на вуліцы. І Жоржык вырашыў, што лепей паглядзець тэлевізар. «Цікава, ці гэта я дапіўся да галюнікаў, ці гэта мой тэлевізар з чорна-белага ператварыўся ў каляровы?» — салодка засынаючы, падумаў Жоржык.
І снілася яму, што ён спіць на могілках, а нячыстая сіла палівае яго халоднай вадою і моцна б’е па твары. «Ну, пачакай, — падумаў ён — мы з табой паваюем», — і схапіў нячыстую сілу за руку.
— А ну адпусці, — пачуў Жоржык ўскрык і зноў атрымаў добрую аплявуху. Нарэшце, ён пралупіў вочы і ўбачыў перад сабою прыгожую жанчыну.
— Ты хто, ведзьма? — спытаўся напалову сонны Жоржык.
— Ну ты і гад, мала што ў маю кватэру залез, дык яшчэ мяне ведзьмаю абзывае! — і Жоржык атрымаў яшчэ адну затрэшчыну.
— Слухай, ведзьма, якая гэта твая кватэра, калі ў мяне ў халадзільніку ляжалі толькі сала і каўбаска, і чай без цукру быў на стале.
— Ах, ты злодзей, ты яшчэ і ў маім халадзільніку лазіў, ну пачакай, зараз я міліцыю паклічу, будзеш ведаць, як трапляць у чужыя кватэры.
Пачуўшы слова «міліцыя», Жоржык адразу стаў цвярозым і толькі тут зразумеў: сядзіць ён на чужой канапе, у чужой кватэры, адзенне яго мокрае. Гаспадыня, вельмі прывабная жанчына, спрабуючы разбудзіць і выправадзіць з кватэры, шчодра паліла яго вадой.
— Цябе як завуць? — спытаўся Жоржык.
— Вера, а табе што яшчэ трэба?
І тут ён прыклаў усе свае артыстычныя здольнасці, упаў на калені перад жанчынай, стаў цалаваць ёй рукі:
— Прабач мяне, міленькая, я ж думаў, што я трапіў у сваю кватэру ды гэта яшчэ супадзенне з прадуктамі ў халадзільніку, ніякі я не злодзей, і грошы ў мяне ёсць і кватэра, і за прадукты я табе заплачу. А хочаш, пойдзеш за мяне замуж? — спрабуючы загладзіць сваю віну, прапанаваў Жоржык і дастаў пярсцёнак, які не ацаніла яго ранейшая каханка Верка. «Ці тая Верка, ці гэтая — будзь, што будзе», — думаў ён.
— І пайду! — адказала жанчына.
І сапраўды, Жоржык у хуткім часе ажаніўся ды яшчэ і піць перастаў.
Можа, і сапраўды нячыстая сіла тут вінавата, а можа, баіцца жаночых аплявух, з якіх пачалося іх неверагоднае знаёмства. А можа, баіцца трапляць у чужыя кватэры — другі раз не ажэнішся…

Реклама

Алена Назарава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии