Балтыйскі вернісаж

0

Кожны год вучні Слуцкай дзіцячай мастацкай школы ўдзельнічаюць у мастацкіх выставах і конкурсах, што праходзяць у нашай краіне і за мяжой. Адным з цэнтраў мастацкага жыцця, з якім ужо наладжаны сувязі, з’яўляецца горад Вільнюс. У ім ладзяцца фестывалі дзіцячай творчасці «Балтыйская «Муза». Некалькі дзён таму ў школу прыйшла інфармацыя аб выніках удзелу слуцкіх вучняў у фестывалі «Балтыйская «Муза" — 2005».

Вайна і мір у малюнках
Галоўны прыз фестывалю (Гран-пры) «Муза» ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва» дастаўся вучаніцы Слуцкай дзіцячай мастацкай школы Алене Леановіч. Яшчэ дзевяць аўтараў - Юлія Васянёва, Міхаіл Дайлідаў, Яўгенія Лагун, Марыя Лыч, Сяргей Марыніч, Аксана Мяцельская, Анастасія Пісарык, Караліна Савіч і Карына Салавей — атрымалі Дыпломы першай ступені. Ганаровым дыпломам адзначана работа Анжэлікі Гурыновіч.
На фестывалі юныя мастакі прадстаўлялі работы на тэму «Вайна і мір. ХХ стагоддзе». За аснову браліся расказы бацькоў, дзядуль і бабуль аб самых запамінальных выпадках у мінулым стагоддзі, якія маглі прыходзіцца на часы вайны або мірнага жыцця. Пераважная большасць работ слуцкіх мастакоў была зроблена па расказах аб мінулай вайне. Малюнкі суправаджаліся напісаным ад рукі расказам. Кожны твор з’яўляўся своеасаблівай ілюстрацыяй да прыкладзенага тэксту. Праводзіўся фестываль у Вільнюсе з 5 па 8 мая і быў прысвечаны 60-годдзю Перамогі над фашысцкай Германіяй.
Пра тое, што да ўдзелу ў фестывалі падыход быў самы адказны, сведчаць яго вынікі.
Узнагароды прыйшлі ў школу ў час летніх канікулаў. Урачыстае ўшанаванне пераможцаў адбудзецца напачатку новага навучальнага года на агульнашкольным зборы.

Реклама

Пра фестывалі
Праходзяць фестывалі на аснове створанага ў Вільнюсе ў 1995 годзе дзіцячага творчага аб’яднання «Муза», мэта якога — падтрымка дзіцячай творчасці ў рускіх школах Літвы. З таго часу і пачалі ладзіцца творчыя фестывалі пад назвай «Балтыйская «Муза». Яны праводзяцца ў намінацыях «Выяўленчае мастацтва», «Літаратура», «Музыка», «Тэатральнае мастацтва», «Харэаграфія». Адным з арганізатараў і душой фестывалю з’яўляецца мастак-педагог Юрый Антонаў. Цяпер фестываль мае статус Міжнароднага, у ім прымаюць удзел дзіцячыя калектывы з краін Балтыі і СНД.
Слуцкая ДМШ удзельнічае ў фестывалі не ўпершыню. У 1999 годзе, калі ён праходзіў пад дэвізам «Пушкінская Муза», калектыў слуцкіх мастакоў быў адзначаны як адзін з пераможцаў і запрошаны ў Вільнюс. Разам з фестывальнымі мерапрыемствамі тады адбыліся экскурсіі па выставах і музеях Вільнюса і Каўнаса. А вучню Слуцкай ДМШ Паўлу Федаровічу быў уручаны Гран-пры — крышталёвая «Муза». Яшчэ раз «Муза «наведалася ў Слуцк у 2003 годзе, калі галоўны прыз фестывалю атрымала Святлана Ільюкевіч.
Пераможцы творчых мерапрыемстваў адзначаюцца таксама Дыпломамі першай, другой і трэцяй ступені. Малюнкі экспануюцца не толькі ў Літве, бачаць іх і ў іншых краінах. Сёлета, напрыклад, работы ўдзельнікаў фестывалю выстаўляліся ў сталіцы Расіі Маскве ў Траццякоўскай галерэі, сярод якіх былі і творы юных мастакоў са Слуцка.

Поспех Алены Леановіч у Вільнюсе не выпадковы
Сёлетняя лаўрэатка конкурсу Алена Леановіч вучыцца ў сярэдняй школе № 12. Пра сябе яна гаворыць, што, акрамя захаплення маляваннем, шмат чытае, любіць музыку, асабліва класічную. Са школьных прадметаў больш падабаюцца ёй прадметы гуманітарнага цыклу, а матэматыка, напрыклад, прыцягвае менш. На пачатку лета здала экзамены за дзевяты клас, па рускай мове атрымала васьмёрку, па беларускай мове і гісторыі дзевяткі. Так што лета, можна сказаць, пачалося паспяхова. Не сапсавалі летні настрой і вынікі ўдзелу ў конкурсе.
Калі казаць пра конкурсы, то на іх, як і на экзаменах, заўсёды прысутнічае верагоднасць выпадковасці. І да гэтага Алена ставіцца з разуменнем. Але ў дадзеным выпадку яе поспех, несумненна, заканамерны. У мастацкай школе займаецца яна ў пятым класе. А прыйшла ў ДМШ у 1998 годзе, і ўжо на пачатку навучання педагогі заўважылі яе працаздольнасць і сур’ёзнае стаўленне да заняткаў. Выкладчыца кампазіцыі Гунефа Мацюшэнкава адзначае ў Алены здольнасць заўважаць самае адметнае і з дакладнасцю выяўляць тое, што бачыць. Яна тонка адчувае колер і пластыку формы. Пад час работы імкнецца глыбока ўнікнуць у сутнасць пастаўленай задачы, а потым перадаваць свае думкі ў творы з дапамогай прыгожых формаў.
У выставах і конкурсах Алена прымала ўдзел напрацягу ўсіх гадоў навучання ў ДМШ. У самой школе мела две персанальныя выставы. Удзельнічала ў 2003 годзе ўжо і ў «Балтыйскай «Музе». Тады яе работа атрымала Дыплом першай ступені. Да найбольш адметных старонак выставачнай дзейнасці трэба аднесці таксама Дыплом з 31-й Сусветнай выставы дзіцячага малюнка ў Тайбэі (Тайвань, 2000 год) і Залатую ўзнагароду 33-й выставы ў Тайбэі (2002 год). У тым жа 2002 годзе атрымала першае месца на конкурсе малюнка ў Мінску, арганізаваным Амерыканскім фондам «Дзеці Чарнобыля ў Беларусі». У 2003 годзе ўзнагароджана дыпломам Рэспубліканскага конкурса «Мая Беларусь», а ў конкурсе малюнка і жывапісу «Мая Беларусь», што праводзіўся ў межах Рэспубліканскага фестывалю школьнікаў «Дзень Зямлі. Беларусь 2005», атрымала Дыплом першай ступені. Дзве яе работы разам з творамі дарослых мастакоў з Еўропы і Амерыкі ўвайшлі ў лік 120 твораў, што экспаніраваліся ў 2003 годзе на выставе ў нямецкім горадзе Андрэасбергу. У 2004 годзе Алена за поспехі ў вучобе і выставачнай дзейнасці атрымала прэмію Спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі. Пасля дзевятага класа Алена будзе працягваць вучобу ў сваёй 12-й СШ, не развітваецца яна і з мастацкай школай. Выкладчыкі ДМШ і яе сябры спадзяюцца ўбачыць у Алены Леановіч новыя творы і зычаць ёй новых поспехаў.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии