Успомнім пра архітэктара

0

Дажынкі ўзрушылі Слуцк. І ці знойдзецца сёння той, хто, праходзячы па гарадскіх вуліцах, не звярнуў бы ўвагу на тое, як мяняецца выгляд звычнага краявіду, не даў бы ацэнкі якасці праводзімых работ і з задавальненнем не адзначыў бы, калі што зроблена добра. І, напэўна, нехта мог бы сабе задаць пытанне — чаму б заўсёды не рабіць так як трэба. І перад вачыма паўстае вобраз архітэктара, які павінен стаяць на пачатку любога будаўніцтва. А з нагоды Сусветнага дня архітэктуры, могуць з’явіцца і своеасаблівыя развагі.

Спачатку мы хацелі ўсяго і адразу. Хацелі пабудаваць палацы кожнаму, каму не хапала гатовых. Аднак, справа аказалася не па кішэні. І тады мы адмовіліся ад «архитектурных излишеств». Мастацтва архітэктуры было заменена на звычайнае будаўніцтва. Архітэктара, калі і не выкрэслілі з працэсу, то адвялі яму ролю «хлопчыка на пабягушках» паміж «ТЫМ, ХТО З ПАРТФЕЛЕМ» і звычайна «нецвярозым тынкоўшчыкам». Набудавалі так, што здзівілі ўсіх, а потым здзівіліся і самі. Урэшце зразумелі, што іншага шляху няма, а трэба вяртацца на зыходныя пазіцыі і пачынаць з прапісных ісцін. Успомнілі, што архітэктура павінна ўлічваць кліматычныя ўмовы, а таннае, урэшце, даражэй за дарагое. І сталі пакрываць плоскія вярхі дамоў схільнымі дахамі, замест асфальту пачалі класці тратуарную плітку. Каб не грэць паветра, суцэльна зашклёныя сцены (акварыумы) замянілі на эканамічныя, невялікіх памераў ваконныя праёмы.
Успомнілі і пра чалавека-спажыўца, якому павінна быць зручна карыстацца. Аказалася, што і прыгажосць нам зусім не шкодзіць. Пачалі фарбаваць атынкаваныя сцены будынкаў. Каб пазбавіцца ад каляровага ды і фармальнага разнабою, успомнілі, што ёсць гармонія і стылёвае адзінства. А гэта заставіла ўспомніць пра архітэктара — майстра ў мастацтве архітэктуры. Узнікла неабходнасць, каб ён стаў, калі не дыктатарам на будоўлі, то фігурай раўназначнай побач з заказчыкам і выканаўцам.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии