Да 64-й гадавіны пачатку вайны

0

Год 41-ы: ішоў апошні дзень чэрвеня
Дзень выдаўся хмурны і халаднаваты пасля папярэдніх, гарачых. Зранку бацька набіў касу, каб адправіць мяне да бліжэйшага лужка — касіць асаку на сена. Але хутка перадумаў: сусед сказаў яму, што ў Слуцку на базе «Заготзбожжа» людзі разбіраюць зерне, крупы, муку, і немцы не перашкаджаюць. І параіў: «З'ездзі, паглядзі, можа і праўда, то і табе нешта выпадзе, а вернешся, раскажаш і мне».

Бацька доўга не раздумваў: у хаце шасцёра дзяцей, старэйшаму ўсяго пятнаццаць гадоў. Ад таго зерня, што яны з маці зарабілі ў калгасе на працадні за мінулы год, у кладоўцы засталося мо з паўпуда жытняй мукі - на зацірку. Бацька запрог у драбінкі каня, мы з маці таксама селі - і паехалі ў горад, да якога ад нашай вёскі добрых васемнаццаць кіламетраў.
На пад’ездзе да вёскі Бярозаўка я ўпершыню ўбачыў двух нямецкіх салдат, якія ў яме, узбоч дарогі, сядзелі за ручным кулямётам. Чорнае вочка ствала пазірала на дарогу, адкуль мы ехалі. Немцы нават не зірнулі на нас, аб нечым гергеталі між сабою.
Ехаць на шашу, па якой на ўсход рухаліся бясконцыя калоны нямецкіх грузавікоў, бацька збаяўся. І павярнуў каня налева ў абход вёскі Бярозаўка, на сенажаць, дзе праглядалася вузкая каляіна, пракладзеная коламі павозак. Не праехалі і кіламетра, як узбоч яе ўбачылі групу нямецкіх салдат, не меней узвода. Яны адпачывалі і вінтоўкі паставілі ў козлы. Хтосьці ляжаў на траве, некаторыя абедалі, адзін, чарнавалосы, падобны да цыгана, іграў на губным гармоніку. На нас яны не звярнулі ніякай увагі. Страху ад прысутнасці побач салдат у шэра-зялёнай форме ў мяне не было — хутчэй падлеткавая цікаўнасць, не болей, хоць я заўважыў, як спахмурнеў у бацькі твар: ці мала што можна было чакаць ад гэтых чужынцаў? Я тады не разумеў, што на тым зялёным лужку ў двух кіламетрах ад шашы немцы зладзілі засаду — на выпадак сустрэчы з адступаўшымі савецкімі салдатамі-акружэнцамі.
Праз нейкую гадзіну за вёскай Агароднікі мы выехалі на брукаваную шашу (зараз яна злучае раён 9-ай школы з 13 ваенным гарадком). Адразу кінулася ў вочы тое, што ўзбоч дарогі сям-там валяўся кінуты вайсковы рыштунак-фуфайкі, ватныя штаны, рукавіцы, зімовыя салдацкія шапкі, бялізна. І нідзе ні душы! Бацька падабраў сёе-тое з гэтых рэчаў, паклаў на павозку, а маці прыкрыла посцілкай. Тут жа з’явіўся на матацыкле з каляскай немец. У шэрым плашчы і касцы, з карабінам за плячыма. Мінуўшы нашу падводу, ён спыніўся, зняў карабін з-за пляча, выстраліў у бок будынка барачнага тыпу, што шарэў узбоч шашы метраў за трыста ад нас. Адтуль з вязанкай прыхопленага вайсковага адзення выйшла жанчына. Немец пацэліў з першага стрэлу — яна кульнулася і ўпала на спіну. А ён паехаў далей. Яго стрэлы яшчэ некалькі разоў разрывалі цішыню. І яшчэ быў рокат самалётаў, што імчалі на ўсход.
Нарэшце, мы прыехалі да базы «Заготзбожжа». Паблізу яе таўклося не менш за сотню чалавек, дзесяткі два падводаў, чуўся часты гоман і крыкі. Людзі бегалі, мітусіліся, неслі мяхі за плячыма. То былі пераважна жыхары навакольных вёсак, калгаснікі. Сярод натоўпу мітусіўся немец з пісталетам у руцэ, зрэдку страляў угору, крычаў па-свойму, але ніхто не разыходзіўся, кожны стараўся хутчэй дабрацца да дармавога збожжа. І гэта ім удавалася, бацьку і маці - таксама: яны прынеслі па невялікаму мяху прасяных круп і зерня пшаніцы.
Дарога назад прайшла без прыгодаў. Памятаю, што паблізу аднаго са складоў узбоч дарогі ляжала застрэленая жанчына, а побач з ёю тупалі два невядомыя мужчыны. Ля Бярозаўкі зноў праехалі міма той нямецкай засады — нуль увагі, нават не заглянулі ў воз, дзе пад посцілкай ляжалі нашы «трафеі».
…Тых збожжавых прыпасаў сям'і хапіла да зімы. Мы, дзеці, пасля абрыдлай заціркі, нарэшце адведалі прасяной кашы, бацька змалоў на ветраку пшаніцу, і маці стала раніцай пячы аладкі, хлеб.
Пасля нас двое вясковых мужчын пажылога ўзросту наведаліся да базы «Заготзбожжа», але там ужо стаялі нямецкія вартавыя, ля складоў з ваенным рыштункам — таксама. Вяскоўцы прынеслі новыя весткі з трагічным канцом. Аказваецца, на чыгуначным паўстанку «95-ы кіламетр» на пуці засталася цыстэрна з пітным спіртам, вёдрамі, бутэлькамі. Хтосьці стрэліў у яе з нагана — і праз адтуліну на зямлю зацурчэў струмень, ад якога ў многіх узгарэлася прагнасць. Адзін мужчына набраў вядро ды і пачаў адштурхоўваць людзей. Нехта з пакрыўджаных абліў яго спіртам і кінуў запаленую сярнічку. У адно імгненне сіняе полымя ахапіла мужчыну з ног да галавы, ён нема закрычаў, упаў на зямлю, стаў коўзацца, але ні адзін чалавек не прыйшоў на дапамогу. Кожны быў заняты сваёй справай — хутчэй набраць спірту.
Пазней у нашай вёсцы казалі, што дзён праз два немцы разагналі аматараў дармавога пітва, паставілі ля той цыстэрны вартавога.
…Яшчэ з месяц пасля паездкі амаль кожную ноч да нас у хату заходзілі два-тры апранутыя ў цывільнае салдаты-акружэнцы. Днём яны баяліся ісці адкрыта — немцы маглі злавіць і адправіць у лагер. Яны прасілі аднаго: «Хозяйка, дай поесть». Маці наразала хлеба, ставіла на стол збан малака і яны, перакусіўшы, крочылі далей ў надзеі перайсці лінію фронту. Не ўсім гэта ўдавалася.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии