Выяўлены надпісы на паштовай станцыі

0

Расчыстка фасадаў Слуцкай паштовай станцыі, зробленая напрыканцы мінулага тыдня, нечакана выявіла надпісы, якім, несумненна, больш сотні гадоў. З правага боку фасада будынка чытаецца «до Омухович 14, з левага можна разабраць горш захаваўшыся подпіс «до Сенницы 16 «.

У адным з папярэдніх нумароў «Кур'ера» (№ 18 ад 5 мая 2005 года) ішла размова пра прыстанцыйны слуп, на якім некалі вісела шыльда з указаннем адлегласці ад Слуцкай станцыі ў адзін бок — да Масквы, у другі - да Варшавы. Гэта канчатковыя пункты руху па дарозе. А надпісы, выяўленыя на фасадзе галоўнага станцыйнага корпуса, паказваюць адлегласць у абодва бакі да бліжэйшых станцый (у вёрстах).
Паспрабуем звярнуцца да слоў даследчыка гісторыі беларускіх дарог А. Сардарава, які распавядае пра будаўніцтва дарог у 30−50-я гады ХІХ стагоддзя. Ён гаворыць, што перш за ўсё ў гэты час будавалася Маскоўска-Варшаўскае шасэ, па якому мы можам праехаць і сёння. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя толькі ў беларускіх губерніях па ўсёй даўжыні дарогі было пабудавана 37 станцыйных дамоў 3-х разрадаў з прыблізнай адлегласцю паміж імі 18 вёрст (гэта 19 кіламетраў). Станцыйныя дамы размяшчаліся такім чынам, каб на кожныя 160 вёрст мелася станцыя 1-га разраду, паміж імі - станцыя 2-га разраду, а у прамежках, максімум праз 20 вёрст (21,2 кіламетры), — станцыі 3-га разраду. Для будаўніцтва станцый у 1843 годзе былі распрацаваны ўзорныя праекты, скарэктыраваныя ў 1846 годзе. Па узорных планах 1843 года былі ўзведзены станцыйныя дамы 3-га разраду ў Сіняўцы, Мілавідах, Амухавічах, Сенніцы, Старых Дарогах.
Такім чынам, мы сустракаем звесткі і пра пункты прыпынку, назвы якіх можна сёння прачытаць на расчышчаных частках сцяны Слуцкай паштовай станцыі.
Сучаснікі адзначалі, што ў станцыйных гасцініцах заўсёды можна было адпачыць, атрымаць гарачую ежу. На стайнях, у залежнасці ад класнасці, утрымлівалася ад 9 да 22 коней. Па дарозе рухаліся паштовыя экіпажы-брычкі і карэты, якія, акрамя пасажыраў, два разы на тыдзень перавозілі з Масквы ў Варшаву пошту.
«Да першай сусветнай вайны гэта была адзіная добра ўтрымліваемая дарога. Яна амаль не мае паваротаў да шасэйнай станцыі Амухавічы», — так пісаў у сваім краязнаўчым артыкуле «Случчына» В. Будзімер. Тая станцыя на тым жа павароце паміж Вясеяй і Кучына стаіць і да сённяшніх дзён.
Фасадам Слуцкай паштовай станцыі ў хуткім часе будзе нададзены больш прывабны выгляд і надпісы, што выявіліся, зноў знікнуць, як знік той прыстанцыйны слуп, аб якім мелася размова вышэй. Тым не менш, занатаваныя на фотаздымках, яны могуць быць узноўлены тады, калі станцыйны комплекс, які аб’яўлены помнікам архітэктуры, будзе адрэстаўрыраваны і прыме свой першапачатковы выгляд.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии