Першы вялікі князь

0

Сёлета спаўняецца 810 гадоў з дня нараджэння Міндоўга (1195−1263) — заснавальніка і першага князя Вялікага княства Літоўскага.

Ён аб’яднаў землі Наваградчыны, усходнюю частку цяперашняй Літвы і землі старажытнага Полацкага княства ў агульную дзяржаву. Вось як гаворыцца пра пачатак яго княжання ў Галіцка-валынскім летапісу: «Калі ён княжыў у Літоўскай зямлі, пачаў забіваць сваіх братоў і пляменнікаў, іншых выгнаў з краіны і стаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай. І пачаў ён вельмі ганарыцца і пышыцца, лічачы, што няма роўнага яму …» Дзеля палітычнай выгоды «…Міндоўг паслаў да папы і прыняў хрышчэнне. Аднак хрышчэнне яго было няшчырае, ён таемна прыносіў ахвяры сваім багам … трымаўся язычніцтва». Міндоўг урэшце стаў ахвярай сваёй жорсткасці і вераломства, загінуў ад рукі пакрыўджанага ім сваяка князя Даўмонта.
Хаця частку насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі многія усходнеславянскія землі, у тым ліку з 1320-х гадоў і Капыльска-Слуцкае княства, складалі хрысціяне, яно заставалася апошняй на прасторах Еўропы язычніцкай краінай. Апошнія язычнікі прынялі хрышчэнне толькі ў часы вялікага князя Ягайлы на схіле чатырнаццатага стагоддзя.
У 1569 годзе заснаваная Міндоўгам краіна разам з Каралеўствам Польскім аб’ядналіся ў агульную Рэспубліку — Рэч Паспалітую. Праіснавала гэта краіна да канца ХVІІІ стагоддзя, калі стала ахвярай падзелу яе тэрыторыі паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй. Ідэяй аднаўлення Вялікага княства Літоўскага цешылі сябе многія магнаты і шляхта, якія выступілі ў 1812 годзе супраць Расіі на баку Наполеона. Прывід быццам бы адноўленай старажытнай дзяржавы паўстаў у 1919 годзе ў выглядзе Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, але яна аказалася нежыццяздольнай. Сёння гістарычнымі спадкаемцамі Вялікага княства Літоўскага з’яўляюцца Беларусь і Літва. Асоба заснавальніка ВКЛ вялікага князя Міндоўга разглядаецца з гэтай нагоды як значны персанаж і беларускай, і літоўскай гісторыі.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии