Карыстайся сваім, беларускім

0

Група неабыякавых жыхароў нашага горада даслала ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь калектыўнае пісьмо, пад якім паставілі свае подпісы 60 чалавек, з просьбай забяспечыць на ўсіх каналах тэлебачання, што вяшчаюць на тэрыторыі краіны, не менш 50% перадач на беларускай мове, якая, як і руская, з’яўляецца дзяржаўнай.
Думаю, што чытачам «Кур'ера» будзе цікава азнаёміцца з адказам Сяргея Булацкага, намесніка міністра інфармацыі.
Міхась Залескі, Слуцк

«Згодна артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі“, сродкі масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць сваю дзейнасць на дзяржаўнай мове ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і дзеючым заканадаўствам.
Рэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі на аснове заяў, дзе абавязкова агаворваецца мова вяшчання (артыкул 10 Закона „Аб друку“).
Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што на Беларускім радыё „Першы нацыянальны канал“, канал „Культура“, радыё „Сталіца“ вяшчанне на беларускай мове складае не менш, чым 80%. Грамадска-палітычнае вяшчанне, культурна-асветніцкія, інфармацыйныя і нават музычна-забаўляльныя праграмы гучаць на беларускай мове. Радыёстанцыя „Беларусь“ (інавяшчанне) распаўсюджвае свае праграмы на ўсе краіны свету на беларускай, рускай, нямецкай, англійскай мовах. Што датычыць нацыянальных тэлэканалаў, то яны трансліруюць свае праграмы на дзвюх мовах.
На „Першым нацыянальным тэлеканале“ на беларускай мове выходзяць наступныя тэлепраграмы: „Існасць“, „Адкрыты архіў“, „Вялікая энцыклапедыя Беларусі“, „Падарожная легенда“, „Спявай душа“ і іншыя. Акрамя таго, з 15 сакавіка 2005 года пачала выходзіць тэлепраграма „Прагноз надвор’я“ таксама на беларускай мове. У хуткім часе выйдзе ў эфір новая тэлепраграма „КомпаС“.
На тэлеканале „Лад“ не менш чым 50% праграм вядзецца на беларускай мове. Усе выпускі навін, тэлепраграмы, як „Наша спадчына“, „Калыханка“, „Не зявай!“, „Плошча мастацтваў“, рэтрансляцыя шэрагу праграм французскага тэлеканала (мастацкія стужкі, нарысы) таксама выходзяць на беларускай мове.
На тэлеканале „Сталічнае тэлебачанне“ на сённяшні дзень беларускамоўныя тэлепраграмы складаюць 10% ад агульнага аб’ёму вяшчання („Міншчына“, „Відзьма-невідзьма“), а таксама сюжэты ў блоках навін. Акрамя таго, на працягу года СТВ плануе павялічыць паступова аб’ём вяшчання на беларускай мове да 20%.
Такім чынам, назіраецца пашырэнне выкарыстоўвання беларускай мовы на беларускім тэлебачанні.»

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии