Будынак на Трайчанах

0

У гістарычным кутку Слуцка, раней званым Трайчаны, стаіць стары будынак, лёс якога звязаны з цікавымі старонкамі гісторыі адукацыі ў нашым горадзе. Цяпер у ім размяшчаецца медыцынскае вучылішча, а некалі ўзводзіўся ён для вучылішча духоўнага.
З’яўленне будынка некаторыя цяперашнія даведнікі адносяць да 1767 года. Веданне гісторыі Слуцкага духоўнага вучылішча, аднак, дазваляе ўсумніцца ў дакладнасці гэтай даты. У №№ 14−18 «Минских епархиальных ведомостей» за 1885 год гаворыцца, напрыклад, што 14 чэрвеня 1885 года ў Слуцк прыбыў епіскап Мінскі і Тураўскі Варлаам з мэтай закладкі будынкаў духоўнага вучылішча і новага мураванага саборнага храма. На наступны дзень, у прамове пры залажэнні галоўнага корпуса вучылішча, уладыка адзначыў, што неабходнасць у такім будынку існавала даўно. Такім чынам, пабудова, пра якую ідзе размова, сёлета можа адзначыць сваё 120-годдзе. Аднак, прыведзеная спачатку дата таксама мае падставу для існавання. Яна звязана з гісторыяй Слуцкага духоўнага вучылішча.

Слуцкае духоўнае вучылішча (пачатак ХХст.) Здымак зроблены Самірам Юхніным, уладальнікам слуцкага фотасалонаНавучальныя ўстановы ў ранейшыя часы звычайна існавалі пры храмах або манастырах. Так стала і са Слуцкім вучылішчам. У 1600 годзе Слуцкае Праабражэнскае брацтва ініцыявала заснаванне пры Праабражэнскай царкве мужчынскага манастыра. У адрозненне ад двух княжацкіх праваслаўных манастыроў, якія ўжо былі, гэты атрымаў статус брацкага. Неўзабаве намаганнямі братчыкаў з’явілася пры ім школа для мяшчанскіх дзяцей. А ў 1728 годзе, адкрылася і духоўная школа — «калегіўм» для навучання дзяцей духоўнага звання. Умовы для дзейнасці ўстановы не заўсёды былі спрыяльнымі, і вучэбны працэс мог спыняцца. Заняткі пасля чарговага перапынку распачаліся ў 1767 годзе.
У 1785 годзе пачала стварацца Мінская праваслаўная епархія. Для размяшчэння яе кіраўніцтва выбралі Слуцкі Троіцкі манастыр. Справамі займаўся слуцкі архімандрыт Віктар Садкоўскі. Па яго ініцыятыве ў Праабражэнскім манастыры тады з’явілася навучальная ўстанова, якую назвалі «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя». Семінарыі, як бачым, папярэднічала дзейнасць вучылішча. Ды і сама семінарыя, нягледзячы на назву, у першыя гады па сутнасці адпавядала вучылішчу -калегіўму. Там былі толькі ніжэйшы і вышэйшы граматычныя класы і вучыліся 25 чалавек. Але да 1790 года колькасць навучэнцаў павялічылася да 100 чалавек. Выкладчыкамі працавалі настаўнікі, прыбыўшыя з Кіеўскай духоўнай акадэміі.
З-за таго, што Віктара Садкоўскага арыштавалі (улады Рэчы Паспалітай абвінялі яго ў шпіянажы на карысць Расіі), у ліпені 1790 года навучальную ўстанову зноў закрылі. У Слуцк Садкоўскі вярнуўся ў 1793 годзе, калі Случчына ўжо знаходзілася ў складзе Расіі. У студзені таго ж года аднавіліся і заняткі ў семінарыі. А ў хуткім часе яе перавялі з Праабражэнскага манастыра ў Троіцкі. У адноўленай семінарыі было пяць класаў. Заняткі праходзілі ў манастырскім будынку, уласна семінарскія карпусы з’явіліся крыху пазней. У сувязі са стварэннем Мінскай епархіі, з красавіка 1793 года семінарыю сталі называць «Мінскай».
З 1816 года, калі заняткі, спыненыя французскай акупацыяй, аднавіліся поўнасцю, у Слуцку пачалі дзейнічаць тры праваслаўныя навучальныя ўстановы — Мінская духоўная семінарыя і падначаленыя ёй прыхадское і павятовае духоўныя вучылішчы. Установы карысталіся адгульнай матэрыяльнай базай. Настаўнікі і навучэнцы квартаравалі ў трайчанскіх мяшчанаў.
У сувязі з перамяшчэннем кафедры архіепіскапа ў Мінск, туды да 1 верасня 1840 года перавялі і семінарыю. А вучылішчы ў хуткім часе аб’ядналіся ў адзінае Слуцкае павятовае трохкласнае духоўнае вучылішча. Старыя драўляныя карпусы правядзенню заняткаў не задавальнялі, таму па праекту епархіяльнага архітэктара Л. Садоўскага ў 1885 годзе пачалося ўзвядзенне новага мураванага двухпавярховага вучэбнага корпуса. Месца выбралі побач з манастыром, на левым баку вуліцы Трайчанскай (цяпер вуліца Віленская, 45). Архітэктурны вобраз будынка, які атрымаўся даволі сціплым, але выразным, вырашаны ў традыцыях позняга класіцызму. Ён П-падобны ў плане, з бакавымі выступамі-рызалітамі з боку галоўнага фасаду. Цэнтральная частка выдзялялася ўваходным тамбурам і ступенчатым атыкам. Акрамя вучэбных класаў і адміністрацыйных пакояў, там былі і памяшканні для пражывання настаўнікаў.
У Слуцку рыхтаваліся кадры для духоўных устаноў рэгіёна. Лепшыя выпускнікі мелі магчымасць паступаць у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы — пераважна духоўныя, але падрыхтоўка (асабліва семінарская) дазваляла здаць экзамены і ў свецкія. Некаторыя працягвалі вучобу ў медыцынскіх навучальных ўстановах. Можна знайсці і тых, хто пазней праявіў сябе ў іншых сферах дзейнасці. Уладзімір Тэраўскі (1871−1938), які скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча ў 1889 годзе, напрыклад, стаў этнаграфам, кампазітарам і дырыжорам, пачынальнікам сучаснай беларускай прафесійнай музыкі, аўтарам першай беларускай нацыянальнай оперы. У першай палове 1830-х гадоў, пад час знаходжання ў Слуцку семінарыі, яе скончыў вядомы навуковец і дыпламат, даследчык усходніх культур, першы расійскі консул у Японіі Іосіф Гашкевіч (1814−1872), а раней, у 1829 годзе, выпускніком семінарыі стаў Іван Барычэўскі (1810−1887), які пазней праявіў сябе на ніве археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыкі і як перакладчык.
Пасля ўсталявання Савецкай улады духоўнага вучылішча не стала. Будынак разам з карпусамі закрытага Троіцкага манастыра прыстасавалі пад казармы пяхотнага палка Чырвонай Арміі. З гэтага часу замест старажытнага тапоніма «Трайчаны» пачаў ужывацца новы, якім карыстаюцца і цяпер, — «Першы вайсковы гарадок».
Падчас Айчыннай вайны былое духоўнае вучылішча ўцалела. Пасля вызвалення ў ім размясцілі педагагічнае вучылішча, даваенны корпус якога стаяў у руінах.
Сістэма Народнай адукацыі пачала аднаўляцца адразу, але не хапала педагогаў. Арганізацыйныя работы вёў назначаны дырэктарам педвучылішча былы партызан, педагог па адукацыі Сяргей Савельевіч Шаўчук. Яму дапамагаў прыняты завучам былы франтавік, афіцэр-адстаўнік Памфіл Емяльянавіч Бераснеў. З верасня 1944 года навучальная ўстанова запрацавала. Дзейнічалі два аддзяленні: трохгадовае дзённае, на базе васьмі класаў, і завочнае, на якім займаліся настаўнікі пачатковых класаў. Акрамя таго, на першым паверсе левага крыла будынка размясціліся кінатэатр «Радзіма» і хлебная крама. Другі паверх крыла да 1961 года займалі вучэбныя класы СШ№ 2.
Педагагічнае вучылішча ў 1954 годзе перавялі ў Бабруйск, будынак перадалі сельскаму прафтэхвучылішчу. З восені 1965 года яго частка, а з 1974 года ўвесь корпус быў заняты медыцынскім вучылішчам, якое рыхтавала медсёстраў і фельдшараў. Цяпер адсюль выходзяць спецыялісты сярэдняга медперсанала чатырох спецыяльнасцяў. У вучылішчы, якое з 1996 года ўзначальвае Мікалай Аляксандравіч Ляневіч, на працягу 1990-х гадоў зроблены рамонт, адноўлены некалі разбураны мураваны ўваходны тамбур, новую каляровую афарбоўку атрымалі фасады, добраўпарадкавана і ўпрыгожана кветкамі прылягаючая тэрыторыя. Сам будынак, сведка цікавай старонкі гісторыі адукацыі, знаходзіцца пад аховай дзяржавы, як помнік архітэктуры і гісторыі.

Реклама

Ігар Ціткоўскі.

P. S. Аўтар выказвае ўдзячнасць Ларысе Лук’янцавай, былому бібліятэкару Слуцкага педвучылішча, і Тамары Рыжкоўскай, выкладчыку Слуцкага медвучылішча, за прадастаўленыя матэрыялы па гісторыі вышэйназваных навучальных устаноў.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии