12.05.05

0
Реклама

Читать

Яўхім Зык (г.Слуцк)
Жыць Беларусі!
Людзі і прырода вясну сустракаюць,
Чую я і весялюся:
У рэчцы разрытай жабы спяваюць —
Значыцца, жыць Беларусі!
За будпляцоўкай дзеці гуляюць
І назіраюць бабусі:
У «Белым доме» вокны мяняюць —
Значыцца, жыць Беларусі!
За старой лазняй — новая грэбля!
Хлопцы, хутчэйма пакуйся!
У старых пакоях — новая мэбля —
Значыцца, жыць Беларусі!

Реклама

Чытачы «Кур'ера» наўрад ці забыліся пра лірычныя, па-жаночы праніклівыя вершы Любові Семяновіч са Слуцка. Працінаюць сэрца асабліва ўражлівыя радкі яе шчырага верша-смутку аб запозненым вяртанні да бацькоўскай хаты. Але творчая няўрымслівасць Любові прымусіла паспрабаваць свае здольнасці ў новым для яе жанры — гумарыстычным дэтэктыву.

Любоў Семяновіч
Свінка з «Залатоўкі»
Кожная гісторыя, сумная яна ці радасная, мае пачатак і сякую-такую канцовачку. Вось, напрыклад, як гэтая.
Будзьце знаёмы: Венік Гусь — так клічуць нашага героя па-вулічнаму. Венік — гэта памяншальная ад імя Бенядзікт, Беня. Некалі, даўным-даўно, гэтаму шустраму і задзірыстаму выбілі ў час бойкі два зубы. Так і павялося: замест Беня — Веня, замест Гуд — Гусь. А яшчэ мянушка Гусь прыліпла да яго па той прычыне, што пры размове ён заўсёды рабіў памяркоўны выгляд і па-гусінаму выцягваў уперад шыю.
Дык вось, у дзень Венік, важна расхаджваючы па базару, выбіраў сабе парася. Трэба сказаць, што выбіраць парасят Гусь умеў. Ён ведаў, які павінен быць лычык, якой даўжыні ножкі і ў які бок закручаны хвосцік, каб падрастаючы парсюк добра еў, хутчэй круглеў і не шкодзіў падлогу. Перабраўшы прыкладна палову ружовенькіх і пярэсценькіх піскункоў, ён нарэшце ўбачыў таго, які спадабаўся. Гусь пераклаў сваю будучую гаспадарку ў мяшок, разлічыўся з прадаўцом і, давольны, памаленьку пайшоў да вакзалу. Дарогай ён уяўляў, як ветліва сустрэне дома жонка, у чарговы раз расхваліць свайго гаспадара суседцы, а яму, можа, і сто грамаў «даматканкі» налье. Закалыхалі Веніка салодкія мары. Не заўважыў, як і да вакзала датупаў.
Але тут нібы ўраган перавярнуў далейшы ход падзей. Хто б мог падумаць, што тут, ля прывакзальнага хлебнага ларка, ён сустрэне свайго даўняга закадычнага дружка Косціка Арцёмчыка. Дарэчы, Косцік жыў непадалёку ад вакзалу ў цёшчынай хаце і штодзень купляў у гэтым ларку хлеб. Абняліся, як родныя браты, быццам даўно забылася тое, што калісьці Косцік «адбіў» у Веніка сваю будучую жонку, якая ўжо столькі год стараецца знайсці трапныя словы для мужа, каб у дэталях апісаць ваяж «зялёнага змія», што напару с Косцікам і днюе, і начуе. І так соладка стала абодвум ад той сустрэчы, што аж насы засвярбелі. Але ж з такой паклажай, як парсючок у мяшку, ні аднаго ў кафэ не пусцяць. Адназначна было вырашана пакінуць жыўнасць у камеры для хавання багажу. Так і зрабілі. І ўжо два «вольныя арлы» ў свабодным палёце накіраваліся ў добра знаёмую абодвум «Залатоўку».
Вядома, спатрэбілася шмат часу, пакуль кожны, з асалодай раз-пораз куляючы празрыстую гаркату кілішкаў, змог выказаць свае прэтэнзіі да жыцця, скаргі на жонку і прызнанні ў павазе адзін аднаму. Таму з «Залатоўкі» «выплылі» прыцемкам, пакінуўшы там змесціва сваіх кашалькоў і апошнія надзеі на лепшае жыццё.
Калі на паўсагнутых дапляліся да вакзалу, убачылі, што ячэйка камеры, куды быў змешчаны парсюк, адчынена і пустая, а адна з пасажырак расказвала другой, што дзяжурнаму па вакзалу разам з міліцыянерам давялося ўскрыць ячэйку самім, бо ад парасячага візгу жахаліся ўсе пасажыры, думалі, што вучэнні па грамадзянскай абароне пачаліся.
Халодны пот выступіў у Веніка на ілбе. Шукаць парсюка было небяспечна: — за правядзенне «вучэнняў па грамадзянскай абароне» ў апошняй стадыі нецвярозасці можна загрымець на ўсю катушку. І не быў бы Косцік сапраўдным сябрам, каб не прыдумаў выйсце — «свіснуць» парсючка ў хляве Арцёмчыкавага суседа. Веніку, без капейчыны ў кішэні і без парсюка, нічога не заставалася, як згадзіцца, бо дома яго чакала апошняе «развітанне славянкі».
Спатыкаючыся, дапляліся да яшчэ не зачыненага на ноч хлеўчыка. Усё ўдалося лёгка, нават, мяшок вісеў тут жа, на лесвіцы, нібы прыгатаваны загадзя. Пакуль вандроўнікі лавілі свінку, пайшоў апошні аўтобус у Венікаву вёску. Каб доўга не цэрымоніцца, Венік вырашыў ехаць на таксі, папярэдзіўшы шафёра, што грошы для разліку возьме ў жонкі, як пры- едзе.
Па дарозе пасажыр заснуў. Як толькі Венік, пакінуўшы ў машыне крадзеную свінку, зайшоў па грошы ў хату, там пачалася такая лаенка, што праз незавешаныя вокны шафёр мог толькі дагадвацца, якія прадметы лятаюць у паветры, каб апусціцца на голаву Веніку. Каб пазбегнуць удзелу ў гэтых «разборках», шафёр «даў газу» — толькі яго і бачылі.
Канцоўку гэтай гісторыі ведала толькі раніца, якая прыйшла на ўсе падворкі і вулачкі. Доўга галасіла жонка Косціка, якая, зранку адчыніўшы хлевушок, убачыла, што няма свінкі. На чым свет кляла яна злодзеяў. А сам Косцік не мог зразумець, чаму яго рукі зрабіліся нейкімі ўсохлымі, а свінка, украдзеная для Веніка, вельмі была падобна на іхнюю. Венікавай жонцы давялося паверыць, што грошы на парася ўкралі, а мужа задарма прывёз «такі добры таксіст».
І толькі таксістава цёшча не магла суняць радасці і расхвальвала суседзям клапатлівага, гаспадарлівага зяця, што прывёз ёй учора ружовенькую, курпаценькую свінку.

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.