Слуп паміж Варшавай і Масквой

Хто скажа, з якіх часоў на правым баку галоўнай слуцкай вуліцы, насупраць уваходу ў парк, стаіць гэты слуп. Ужо даўно ён не звяртае на сябе ўвагі мінакоў, прытуліўшыся ў цяні дрэў. Тыя старыя дрэвы ў гэтыя дні дажываюць свой век. Шкада будзе, калі разам з імі прападзе і гэты старадаўні слуп.

Калісьці на ім вісела шыльда з дакладным указаннем, колькі адсюль да Масквы і ў адваротны бок — да Варшавы. І гэта не дзіва: цэнтральная гарадская вуліца з’яўляецца адрэзкам пракладзенага ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя шляху Масква-Варшава. І стаіць гэты слуп акурат побач з дарожнай станцыяй, якая давала прытулак кожнаму, хто па казённай патрэбнасці некалі ездзіў на перакладных з Польшчы ў Расію або наадварот. Цяпер на месцы шыльды захаваліся толькі два іржавыя балты.
У віхуры падрыхтоўкі да «Дажынак» гэты слуп можа знікнуць, як нейкі непатрэбны прадмет. Але было б добра, каб шыльда-указацель была адноўлена, і прыдарожны слуп дапоўніў бы сабою ансамбль помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — Слуцкай дарожнай станцыі. Прыйдзе час, і гэты ансамбль, несумненна, будзе адрэстаўрыраваны, стане адной з прыкмет старажытнасці нашага горада.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

P. S. Аўтар занатоўкі выказвае падзяку Анатолю Купрусю, чый клопат пра захаванне слуцкай старасвеччыны варты павагі.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии