Цімкавіцкія замалёўкі. Крыніцы народнай творчасці

0

Здаўна Цімкавічы ў культурным жыцці Капыльшчыны займалі вядучыя пазіцыі. Даюць дыхту яны і сёння. Прычыны існавання моцных мясцовых культурніцкіх традыцый можна шукаць у мінулым.
Мястэчка было заснавана на бойкім месцы, і да XVII стагоддзя стала значным гандлёва-рамесным цэнтрам. У ХІХ стагоддзі тут было дзве царквы, касцёл, два яўрэйскія малітоўныя дамы, шэсць заезджых дамоў, трыццаць пяць крам. Пачынаючы з 1652 году, калі Цімкавічы атрымалі Магдэбургскае права, кожную нядзелю адбываліся кірмашы, на якія з’язджаліся мясцовая шляхта, навакольныя сяляне і госці з далёкіх краёў.

Падчас кірмашоў, акрамя гандлю, ладзіліся народныя гулянні. Выступалі артысты вандроўнага тэатра, ігралі музыкі - гусляры, гудачнікі, дудары. Прысутных весялілі семежаўскія фокуснікі і цыркачы (у Семежаве ў ХVІІІ стагоддзі дзейнічала школа вяроўчатых скакуноў (канатаходцаў) і штукароў (фокуснікаў).
На Каляды і Вялікдзень местачкоўцаў цешыла моладзь — калядоўшчыкі і валачобнікі, у ліку якіх асабліва вылучаліся Андруковічы, Фенюкі, Парыбкі, Цераховічы.
Папулярнасцю карысталася арганная музыка, што гучала ў мясцовым касцёле. На жаль, у 1985 годзе гэты ўнікальны помнік драўлянага дойлідства ХVІІ стагоддзя згарэў. Цімкаўляне захавалі памяць пра арганіста Якубоўскага і яго нашчадкаў, намаганнямі якіх вернікі далучаліся да высокага мастацтва.
На пачатку ХХ стагоддзя ў Цімкавічах дзейнічаў драматычны гурток. Надзея Іванаўна Карповіч (Даменя) успамінае, як у снежні 1917 года ставіўся спектакль «Жаніцьба» па Мікалаю Гогалю. У ім бралі ўдзел як вучнёўская моладзь (яе сёстры Марыя, Аляксандра, Лізавета — навучэнкі Слуцкай гімназіі, Іосіф Фянюк з Раманаўскага вучылішча, Міхаіл Валькоўскі - студэнт Слуцкага камерцыйнага вучылішча, Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны) з Нясвіжскай семінарыі), так і настаўнікі Іван і Кацярына Лаўрэцкія, Іван Наркевіч, Зінаіда Грынёва, Марыя Маліноўская і іншыя.
Культурнае жыццё не спынялася, калі ў выніку Рыжскай дамовы 1921 года Цімкавічы апынуліся ў прыгранічнай зоне. Разам з местачкоўцамі ў самадзейнасці ўдзельнічалі і пагранічнікі. Тады нават з’явіліся два Дамы культуры (адзін дапамаглі ўзвясці пагранічнікі, у другі перабудавалі сінагогу). Там працавалі разнастайныя гурткі. Папулярнасцю ў 1921−1922 гадах карыстаўся спектакль па п’есе Андрэева «Дні нашага жыцця».
Сапраўды бурліла культурнае жыццё, калі дырэктарам мясцовай школы, а адначасова і кіраўніком тэатральнага і спеўнага калектываў была Зінаіда Іосіфаўна Раманенка. Пры ёй на высокім узроўні было пастаўлена больш за паўсотні спектакляў, ладзіліся гастрольныя паездкі. З тых, хто захапляўся самадзейнасцю, асаблівы поспех выпаў на долю саліста школьнага хору Фёдара Андруковіча. Пазней ён паспяхова скончыў Мінскі музтэхнікум, потым вучыўся ў Маскве, стаў салістам Ленінградскага Малога тэатра оперы і балета. У 1960−70-я гады з канцэртамі нярэдка выступаў і на мінскай опернай сцэне.
Могуць ганарыцца Цімкавічы многімі іншымі сваімі вядомымі выхадцамі. У 60-х гадах ХІХ стагоддзя тут у яўрэйскай школе вучыўся будучы класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер Сфорцым. Пазней адукацыяй авалодваў не менш папулярны капылянін Мікалай Федаровіч. У Цімкавічах вучыліся будучы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч, адсюль выйшла адзінаццаць дактароў навук, трыццаць кандыдатаў навук.
Самае цікавае і тое, што вабіла, звычайна, стваралася без падказкі «зверху». У 1960−70-х гадах дзейнічала створаная інтэлегентнымі хлопцамі гумарыстычная суполка «Бушылаўскі флот». У ліку яе ўдзельнікаў былі Леанід Сакалоўскі, Анатоль Бычэнка, Сяргей Шчаглоў, Мікалай Герасюкевіч, Пётр Сакалоўскі, работнік спіртзавода Франц Вайцяховіч, артысты народнага тэатра Флор Рудзік, Анатоль Жук, Мікалай Жогла, Надзея Нікановіч.
Мора каля Цімкавічаў ніколі не было, а вось рэчка Мажа цякла да меліярацыі паўнаводная. Бушылавам называлася месца з шырокай пратокай каля Скіп'ева. Моладзь насадзіла там невялічкі парк, добраўпарадкавала крынічку. Ініцыятарам стварэння суполкі быў Анатоль Браім, кіраўнік канструктарскага бюро аднаго з мінскіх інстытутаў. Раз у год на гумарыстычны форум у Цімкавічы збіраліся яго ўраджэнцы з розных куткоў былога Савецкага Саюза. Пад сімвалічным сцягам з вышытымі чырвоным ракам і зялёнай жабай яны жартавалі, успаміналі дзяцінства, расказвалі анекдоты. Запомніўся выпадак, калі Шуру Насулевічу, які доўга не жаніўся, была ўручана ўзнагарода — пацешны ордэн з подпісам «Генералісімусу». Усім было весела. Аднак мясцовыя чыноўнікі ўбачылі ў існаванні гумарыстычнай суполкі крамолу і ў 1970-я гады забаранілі яе.
Зараз культурнае жыццё ў Цімкавічах перажывае другое дыханне. Аднавілася дзейнасць народнага тэатра, радуюць выступленні вакальнага гуртка аўтапарка № 21, з’яўляюцца новыя формы работы ў Доме культуры. Можна не сумнявацца, што крыніца народнай творчасці тут не згасне.

Реклама

Іван Ігнатчык

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии