Алена Назарава (Слуцк). Матуліны казкі

0

Сюжэтна-немудрагелістую, але выразную і павучальную казачку, якую калісьці прыдумала і расказвала сваёй зусім яшчэ маленькай дачушцы, даслала на адрас «Кур'ера» Алена Назарава са Слуцка.

Начныя феі
Дзень усё працуе і працуе, аглядаючы бясконцыя ўладанні, а калі стоміцца, здае свае паўнамоцтвы братку Вечару. Вечар запальвае на небе зоркі і закрывае да раніцы ўсе магазіны. Калі дадому пойдзе апошні прадавец, выгляне са сваей схованкі цётухна Ноч і накрывае горад аксамітнай каўдрай. Вось тады і спускаюцца на зямлю Начныя феі. Добрыя начныя феі носяць белыя шоўкавыя сукенкі, вышываныя зіхацістымі ружовымі зоркамі, а Злосныя феі хутаюцца ў чорныя плашчы, працятыя ніткамі срэбранага дажджу. Ходзяць Начныя феі па гораду, заглядаюць у вокны кватэр і дамоў: як паводзяць сябе дзеткі? Паслухмяным хлопчыкам і дзяўчынкам Добрыя феі пакідаюць пад падушкамі падарункі, а капрызуль забіраюць Злосныя феі, вядуць іх па вуліцах і ныюць да раніцы: «Хачу марожанага! Хачу веласіпед! Хачу-у-у!»
Вось і ў нашым горадзе жыла дзяўчынка, якая таксама не слухалася маму, кідалася на падлогу ў магазіне цацак і крычала: «Хачу-у! Купі! Знайдзі грошы!», а вечарам не хацела класціся спаць. Аднойчы матуля вельмі стамілася і заснула раней за сваю непаслухмяную дачушку. У гэты час у акенца заглянула Злосная Начная фея і забрала дзяўчынку.
Усю ноч вадзіла Злосная фея малую па гораду і крычала: «Хачу цукерак! Хачу марожанага! Купі-і-і!». Не ведала дзяўчынка як супакоіць Злосную фею: магазіны ноччу закрытыя, ды і грошай у яе не было. Так і хадзілі амаль да раніцы. Расплакалася бедная дзяўчынка, расплакалася горкімі слёзкамі. Пашкадавалі яе Добрыя феі, адабралі ў Злоснай і занеслі яе дадому. А дзяўчынка паабяцала ім заўсёды слухаца матулю.
Адкрыла вочы раніцай дзяўчынка, а побач мама сядзіць і пытаецца, што маленькай прыснілася? Паглядзела дзяўчынка на маму і сказала: «Я цяпер заўсёды буду цябе слухацца, а то Злосныя феі забяруць мяне ў сваё царства!»
І на самой справе, з тых пор дзяўчынка ніколі не капрызнічала ў магазіне і рана клалася спаць.

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии