У атаку пад атамны «грыб»

0
Реклама

У канцы мінулага года па расейскім тэлеканале «РТР-Планета» прайшоў дакументальны фільм «Рэпетыцыя Апакаліпсісу», прысвечаны вучэнням Савецкай Арміі на Тоцкім палігоне Арэнбургскай вобласці ў верасні 1954 году з прымяненнем атамнай бомбы. У іх прыняло ўдзел каля 40 тысяч салдатаў і афіцэраў. Камандаваў вучэннямі маршал Савецкага Саюзу Георгій Жукаў. Сярод вайскоўцаў было нямала і беларусаў. На сённяшні дзень з прыняўшых удзел у вучэннях у жывых засталося ўсяго 1500 чалавек. Астатнія памерлі ад паследстваў атрыманага небяспечнай для здароўя дозы радыёактыўнага апраменьвання. У ліку ацалелых, хто яшчэ памятае тую страшную «рэпетыцыю», случчанін Раман Глебавіч Кустановіч, з якім і сустрэўся карэспандэнт «Кур'ера».

— Раман Глебавіч, у якасці каго вы трапілі на Тоцкі палігон?
— Усё было проста. Нашай артылерыйскай гаўбічнай брыгадзе, якая дыслацыравалася ў Мазыры, у жніўні таго году загадалі грузіцца на платформы і ў вагоны цягніка. Я тады быў радавым, наводчыкам 122-мм гарматы-гаўбіцы. Мо тыдзень ехалі да таго палігона, нічога не ведаючы аб планах генералаў - думалі, што пройдуць звычайныя вучэнні, якіх за гады службы было нямала. На салдацкія запыты камандзіры адмоўчваліся або гаварылі, што самі нічога канкрэтнага не ведаюць.

— Хоць якая-небудзь інфармацыя аб галоўнай мэце вучэння, мусіць, да вас даходзіла?
— А нічога. Паставілі палаткі, выкапалі заглыблены катлаван з разлікам, каб ствол гарматы быў прыапушчаны над брустверам. Побач з гарматай выкапалі бліндаж, абсыпалі тоўстым слоем зямлі. Нават дзверы зрабілі з дошак. Непадалёку ад пазіцыі батарэі была абсталявана лазня, адну вялікую палатку прыстасавалі нават пад кінатэатр. Кіламетраў за пяць у тыле палігону стаяў цягнік-шпіталь. Пісьмы нашы дамоў, як стала вядома пазней, праходзілі праз шчыльную вайсковую цэнзуру — як на фронце.

Реклама

— Калі вы даведаліся, што настаў той «судны» дзень?
— Напярэдадні. Нам выдалі папяровыя плашч-накідкі, паверх ботаў-кірзачоў - брызентавыя бахілы, а камандзіру батарэі - дазіметр. І стала ясна, дзеля чаго ўсё гэта прызначана. Яшчэ камандзір батарэі сказаў, што мы знаходзімся ў трох кіламетрах ад эпіцэнтру, дзе павінна ўзарвацца бомба.

— Адчулі страх, трывогу ці не вельмі?
— Як хто. Былі і такія, хто запанікаваў. Гаварылі, што нас чакае лёс японцаў пасля выбуху такой бомбы над Хірасімай. Я асаблівага страху не адчуваў, мо таму, што ў дзяцінстве перажыў жахі вайны.

— Першае ўражанне ад выбуху бомбы?
— Мы сядзелі ў бліндажы, у працівагазах. Святла ад выбуху, якое асляпляе людзей за дзесяткі кіламетраў, не бачылі. Раптоўна забрынцелі на цвіках нашы кацялкі на сцяне бліндажу, задрыжала, завагалася пад нагамі зямля, пасыпаўся пясок са сценак. Двойчы раскацісты, нечуванай мною дагэтуль сілы, гром скалануў бліндаж. Ад ударнай хвалі дзверы заклініла, добра, што камандзір батарэі дапамог вызваліцца. Тут жа пачулі яго каманду: «К орудию — заряжай!»

— І што ўбачылі, заняўшы месца ля гарматы?
— Аранжава-іскрысты, высокі слуп з белымі пасмамі па баках. Над ім клубілася чорна-чырвонае воблака. Нам пазней сказалі, што «грыб» ад выбуху ўзняўся на трынаццаць кіламетраў і ўшыркі на пяць. Мы моўчкі, затаіўшы дыханне, глядзелі на гэтае страшыдла — словы былі б лішнімі.

— У эпіцэнтры выбуху і вакол яго, напэўна ж, былі вёскі. Што з імі сталася?
— Яшчэ да нашага прыезду ўсіх жыхароў з іх у радыусе дзесяць кіламетраў адсялілі, тэрмінова пабудавалі новыя дамы. Ведалі арганізатары вучэнняў, што ўдарная хваля ператворыць апусцелыя вёскі ў друз.

— На якой вышыні ўзарвалі бомбу?
— Яе скінуў рэактыўны бамбардыроўшчык ІЛ-28 з вышыні семь кіламетраў, і яна ўзарвалася ў 300 метрах ад зямлі. Лётчыкі, як нам стала вядома пазней, не паспелі далёка адляцець ад эпіцэнтру, атрымалі вялікую дозу аблучэння і хутка памёрлі ў шпіталі.

— Што было далей пасля каманды «К оружию — заряжай!»?
— Адкрылі агонь баявымі снарадамі, выпусцілі аж 80 штук, потым працягвалі стральбу халастымі - яшчэ 540 разоў нам закладвала ў вушах ад залпаў. А паблізу агонь вялі «кацюшы», гарматы калібру 152 мм. Ішла звычайная артпадрыхтоўка перад пачаткам атакі. Потым нам загадалі чапляць гармату да пад’ехаўшага грузавіка і рухацца ўслед за танкамі і пяхотай у той бок, дзе ў небе клубіўся і расшыраўся атамны «грыб».

— І што ўразіла па шляху да эпіцэнтру?
— Пачарнелыя танкі, пагнутыя ствалы гарматаў, сплюшчаныя да зямлі самалёты. Засталася ў памяці карцінка: два танкі Т-34 стаяць абгарэлыя, а трэці, што быў між імі, перакулены ўгару гусеніцамі. Яны былі мішэнямі на палігоне. Ацалелыя вароны, галкі аслеплі ад яркай успышкі і з крыкам лёталі над зямлёю. А мы, забыўшы пра радыёактыўнасць, сталі напіхваць яе ў кішэні жменямі - на памяць. Толькі па камандзе камандзіра батарэі высыпалі назад: у яго зашкаліў дазыметр. Вярнуўшыся на зыходныя рубяжы, мы ўсе да аднаго захварэлі на панос, у некаторых ён быў крывавы. Праўда, праз дзён два прайшло. Нам выдалі новае абмундзіраванне, скураныя рамяні, боты, узялі падпіску аб неразгалошванні ўсяго, што бачылі і перажылі. Толькі ў 1995 годзе Слуцкім гарваенкаматам мне выдалі пасведчанне, што я з’яўляюся ўдзельнікам ліквідацыі паследстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, хоць я там і не быў. Такія пасведчанні выдалі ўсім, хто хадзіў у атаку пад атамны «грыб».

— Уладам не хацелася разгалошваць праўду аб ім, па старой савецкай завядзёнцы замоўчвалі яе, маскіравалі?
— Безумоўна. Ледзь не забыў: у мяне ж ёсць і пасведчанне, што з’яўляюся «ветэранам падраздзялення асаблівай рызыкі» — гэта ўжо напамінак пра ўдзел у вучэннях на Тоцкім палігоне. Нават камітэт з такой назвай у Мінску існуе. Гады чатыры таму назад збіралі тых, хто ацалеў. Я ўбачыў хворых, знямоглых людзей майго і маладзейшага ўзросту, у многіх распаліся даўно сем'і, і яны дажываюць век у адзіноце. Тады са мною быў і пенсіянер з вёскі Іграева, прозвішча яго не памятаю.

— Раман Глебавіч, у вас я бачу ёсць пасведчанне і аб тым, што са снежня 1941 па чэрвень 1944 гадоў вы былі байцом-разведчыкам партызанскага атрада імя Суворава брыгады № 225. Як вы туды трапілі?
— Пасля арышту ў 1937 годзе бацькі як «ворага народа» і смерці маці мяне, васьмігадовага хлапчука, здалі ў Бабруйскі дзіцячы дом. Там і вайна застала. Нас, хлапчукоў, немцы вазілі ў свой вайсковы шпіталь і бралі з венаў кроў для параненых салдатаў. І даволі рэгулярна. Недзе восенню сорак першага году я збег з таго дому, блукаў па вёсках, мяне там кармілі, давалі начлег, пакуль я не сустрэўся з партызанамі і напрасіўся да іх у атрад.

— Як пасля вайны склаўся ваш жыццёвы шлях?
— Вывучыўся на шафёра і пасля арміі каля сарака гадоў працаваў па гэтай прафесіі, каля трыццаці - у гарадскім аўтобусным парку. Жывем удваіх з жонкай, выгадавалі двух сыноў і дачку. Сыны працуюць таксама шафёрамі, жанатыя, мы ўжо маем унукаў.

— А як са здароўем, Раман Глебавіч, на восьмым дзесятку гадоў жыцця?
— Хваліцца няма чым. Набраўся пад старасць цэлы букет балячак, звязаных з атрыманнем павышанай дозы радыёактыўнага апраменьвання. Глытаю таблеткі, хаджу ў паліклініку на абследаванне ў рэнтген-кабінет. Доктар там не раз казаў, што ў маім страўніку нарасло кістаў каля дзясятка. Але трываю, дзякаваць Богу, нават чарку гарэлкі іншы раз прапушчу. І спадзяюся, што мае сыны і ўнукі ніколі не ўбачаць над сваёй галавой тое страшнае воблака, як я ў верасні 1954 года.

Гутарыў Міхась Тычына

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.